Ці можна іх набыць толькі пасля смерці…»
Павольна плылі над галавой сузор’і — некаторыя з іх ён спазнаў яшчэ жывучы ў кішлаку Шырс. І труба, праз якую Нармурад глядзеў на неба, і табліцы, якія той купляў у Бухары за вялікія грошы — усё было знішчана заваёўнікамі. Колькі ж разоў чалавецтва будзе паўтараць усё наноў?!
«Зямное жыццё — не сапраўднае жыццё. Гэта школа, у якой пытанні ставіць смерць». Колькі светлых розумаў білася і яшчэ будзе біцца над вечнай загадкай быцця і небыцця?
Часам вымаў люстэрка Лі-сына, задуменна глядзеў на яго. Магчыма, у ім сапраўды ёсць нейкая таямніца. Верыцца, што некалі разгадае і яе. Можа, у люстэрку таксама ёсць нейкая часцінка магутнай сілы Сусвету?
Гарэў касцёр, купцы варылі плоў, клікалі Алексу. Ён уставаў, моўчкі еў, амаль не слухаючы, пра што гавораць навакольныя. Яго празвалі маўчуном, але глядзелі з павагай: на дэрвіша, вечнага вандроўніка, болей за ўсё быў падобны гэты высокі стары з вострым, бліскучым позіркам, ад якога хацелася апусціць вочы! І ён нешта пісаў трысняговым пяром, старанна разводзячы чарнілы ў бронзавай чарніліцы, ачышчаючы пяро кожны раз пасля работы. Пісаў урыўкамі — калі спыняліся на прывал, калі, заязджаючы ў нейкі горад, купцы гандлявалі там, а пасля ішлі далей.
І гэта была ягоная Кніга — пра іспыты, якія праходзіць на зямлі кожны чалавек, толькі не кожны ведае пра гэта і жыве бяздумна, як набяжыць… Пра чалавечую еднасць і сяброўства, без якіх жыць няможна ды і не трэба… Пра тое, што ніколі, відаць, ён не адчуў бы, што такое бацькаўшчына, роднае, калі б не закінуў яго лёс ажно за мора Хвалынскае…
Мяняўся час — мянялася і ўсё наўкол. Вялікі водны шлях «з вараг у грэкі» страчваў былое значэнне, гандлёвыя шляхі ў Заходнюю Еўропу скараціліся і цяпер ішлі міма Дняпра. І Кіеў, славуты, магутны Кіеў, уступаў другім краінам і гарадам, і сыны Яраслава Мудрага змагаліся за кіеўскі стол, ваявалі з Полацакам…
Даведаўся Алекса і пра паходы Усяслава, пра тое, што хоча полацкі князь узвысіць сваю дзяржаву і зраўняць яе з Кіевам. Расказвалі, што сядзеў Усяслаў на стале кіеўскім, але, кінуўшы яго, уцёк назад у Полацак, не захацеўшы ні ўлады кіеўскай, ні стала…
Алекса не ведаў, якою будзе сустрэча з Усяславам. Можа, не даруе яму князь, загадае ссячы вінную галаву. Можа, сашле ў далёкі манастыр, каб замольваў грэх. Але ў глыбіні душы спадзяваўся, што прачытае Усяслаў кнігу і ацэніць усё, што спазнаў у далёкіх землях Алекса.
Калі ўяўляў, што кнігу, ахвяраваную князю, можа, пакладуць разам з іншымі кнігамі, сэрца сціскалася. Ён прыдумляў узоры для воклада, узважваў, каму можна аддаць яго для аздобы. Але прыходзілі і сумненні — ці вартае ўвагі тое, што напісаў? Але ж колькі рэцэптаў, колькі лекаў назапашана ў ёй. І колькі жыццяў яна ўратуе!
Жыццё клікала яго, клікала радзіма — наперад, хутчэй, каб хаця паспець!
Калі ў першай славянскай хаце, непадалёку ад стэпаў, падалі яму пасля мыцця вышываны ручнік, на якім убачыў Мокаш, або Жытную Бабу, Маці ўсяго жывога — доўга стаяў, трымаючы ручнік, гледзячы на яго, аж пакуль гаспадар не аклікнуў, не пазваў вячэраць.
І зноў успомніў гімны Анахіце — таксама Маці ўсяго жывога, і падзівіўся таму, што розныя на зямлі людзі, але ўсе яны родныя, блізкія ў самым галоўным — жыцці і смерці.1
Ужо набліжаўся да Кіева, каб нарэшце пабачыць яго і пакланіцца Сафіі Кіеўскай, пра якую чуў яшчэ на першым сваім падарожжы.
Калі праз стэпы ішоў перасцярожліва, баючыся торкаўі полаўцаў, што часцяком трывожылі зямлю рускую, то тут выпрастаўся. Па блізкай жа, хрысціянскай зямлі ішоў!
Але калі спыніўся аднойчы ў сяле і сказаў, што ідзе на Полацак, гаспадар не даў яму пераначаваць, — князь Уладзімір Манамах з войскам паліў Полацкую зямлю, і чакаў адтуль гаспадар багатай здабычы, бо з войскам пайшло двое ягоных сыноў.
Асцерагаўся цяпер гаварыць Алекса, хто ён і адкуль. Казаў — падарожны. І ўсё. Ці мала падарожных ходзіць па зямлі, а хто ведае, куды яны ідуць і адкуль?
Ля Чарнігава сеў у ладдзю, якая ішла да Друцеска. Адтуль — рукой падаць да Полацака, шлях ажыўлены. На валоках людзей многа, працуюць там цэлыя арцелі, валакуць ладдзі па бярвеннях, салам змазаных. Знаёмы да болю шлях, па гэтай дарозе ехаў, працаваў вёсламі — аж занылі плечы, як успомніў.