Выбрать главу
Зямелька мая, балючая! Чыё ж на табе пракляцце? Сцяною жыта ўзрасло, А няма каму жаці…

Стары яшчэ пасядзеў крыху, пасля падняўся.

— Пайшлі!

— Дзед, а вунь, ля берага, ладдзя пашчэпленая. Пасечаная, амаль затанула.

— То гэта, відаць, Няжыла са сваімі малайцамі грашыў.

— А чаму ён людзей забіваў? — усё пытаўся бялявы хлопчык.

— Няжыла спачатку быў плотнікам, а пасля бацьку княжы цівун засек, а жонку і дзяцей у палон узялі, калі тры гады назад нас палілі чужынцы. Вось у яго сэрца і акамянела, у камень ператварылася. Страціў ён воблік чалавечы і стаў дзікім разбойнікам. Зло толькі зло і нараджае…

І яны пайшлі, і стары ўсё спяваў надтрэснутым, слабым голасам:

А на зямельцы роднай. Дачушку маці пакліча, А толькі буйныя ветры, А толькі сава кугіча…

…Гляджу на сярэбраны дырхем з адкапанага клада, думаю пра тое, колькі сыноў і дачок маёй зямлі не вярнуліся з далёкіх дарог, загінулі, не данеслі, не сказалі тое, што маглі б… А хто і застаўся чужынцам, адрокшыся ад яе, спакусіўшыся чужымі дабротамі і чужым небам.

Захірыддзін Мухамед Бабур, заснавальнік дынастыі Вялікіх Маголаў у Індыі, зрабіўшыся царом, вечна сумаваў па далёкай радзіме і ніколі яе не забываў. Гэта яму належаць радкі:

У сваіх блуканнях ні на міг я радасці не знаў! Сумуе вечна чалавек па роднае зямлі.

Нічога не засталося ад палачаніна Алексы, у глеістых нізінах Друці расплыліся літары, што дзень за днём, тыдзень за тыднем выводзіў ён, пішучы сваю кнігу. Але не засталося і полацкага летапісу, што пісаў у манастыры чарнарызец Нікан, не засталося і ікон, якія малявала жанчына па імені Нялюба — зніклі яны ў агні вялікага пажарышча, калі браў Полацак цар Іван ІV, а што не дагарэла — пазней, калі брала горад войска Стэфана Баторыя.

А можа, засталіся — але вывезеныя ў чужыя землі, і чужыя, раўнадушныя рукі кранаюць іх, гартаюць старадаўнія запісы?!

Ці адкажа нам калі-небудзь на гэта Час?! Ці раскрые свае таямніцы, каб хаця ўнукі нашы закрылі сваёй працай правалы, што там і сям зеўраюць у абрабаваным, акрываўленым палатне беларускай гісторыі?

1989