Выбрать главу

— Ну дык і колькі ж ён пракорміць? — вохкаюць, слухаючы гэта, якая баярская дачка і яе нянькі.

— У вялікага шаха Харэзма болей за шэсцьсот жонак і наложніц, — адкажа весела таўстун, прагна гледзячы на тварык, што, як ружа, выглядае з-пад сярэбранага абручыка. — Ёсць старэйшыя, ёсць маладзейшыя жонкі, такія, як ты, ханум.

— Дык ён жа, відаць, стары? — наіўна раскрывае вочкі ханум…

— Які ж ён стары? Пяць дзесяткаў усяго налічыў. Якраз той узрост, калі мужчына па-сапраўднаму прыгажосць цэніць, вось такую, як у цябе, ханум…

Пачырванее дзяўчына ці маладая жанчына, але тварык так і свеціцца: надта любіць кожная з іх салодкія як мёд словы! Толькі мужчыны незадаволена моршчацца: ведаюць, што купец цяпер сем скур пачне драць.

Даўно не быў у княстве Полацкім Абдурахманбек, але за гэтыя гады нібы і не змяніўся, толькі патаўсцеў яшчэ болей, і калі прыйшоў ён у двор, адразу прывялі яго да Брачыслава.

— Салям алейкум! — пакланіўся купец ва ўсе бакі і адказаў яму Брачыслаў, не чакаючы, пакуль перакладзе талмач:

— Дзень добры, дзень добры, Абдурахманбек!

І — пачакаў крыху. Ведаў — зараз пачне купец пытацца, ці здаровы ён, ці добра сябе адчувае, якія навіны ў хаце. Хаця, канешне, усё ведаў хітры Абдурахманбек, але так рабіць патрабуе ягоны звычай. Толькі самы апошні невук адразу пачне са справы, не распытаўшы гаспадара, як справы, не паказаўшы яму, што цікавяць госця ўсе ягоныя клопаты. Таму князь цярпліва адказаў на ўсе роспыты і тут жа сам пацікавіўся:

— Няўжо ты не баішся такіх далёкіх шляхоў?

— Гаспадзін мой, — схіліўся ў паклоне Абдурахманбек, — канешне, баюся. Але…

— Шмат прыбытку, праўда?

— Не, не так многа. Мы гандлюем ледзь не ва ўбытак сабе, павер…

— Не кажы! — махнуў рукою Брачыслаў. — Каб не было прыбытку, не загнаць бы вас так далёка!

— Ну, хай сабе ёсць, але ж самы маленькі…

— Я не хачу падлічваць, колькі ты маеш, павер! — Брачыслаў зняважліва скрывіўся. — Мяне цікавіць, што ты прывёз нам цяпер.

«Ну, што за варвар, — думаў, схіляючыся ў нізкім паклоне, Абдурахманбек, — Ён не разумее асалоды доўгай, няспешнай бяседы, калі словы служаць, каб песціць слых і захіляць нас у джалабу мудрасці, каб мы, бедныя людзі, не адчувалі дыханне бархута, куды, у рэшце рэшт, адправяцца душы многіх з нас… Але ж ён затое сапраўды Джалут — Галіаф… Нічога, трэба пацярпець. Можа, гэта дапаможа мне ў справе…»

А назаўтра княгіня і дочкі адправіліся на купецкі струг, каб паглядзець тавары, а заадно і дзівосы, якімі поўны той струг — іншаземны посуд, тканіны, якімі абцягнутыя маленькія, ледзь над зямлёю, канапкі, тоўстыя коўдры, на якіх сядзяць гэтыя людзі, замест таго, як гэта вядзецца ва ўсіх іншых народаў, сядзець на крэслах, каб не прадзьмула…

А вяртаючыся са струга, аступілася княгіня на лесвіцы, што пралажылі паміж стругам і прыстанню, аступілася і цяжка ўпала ў ваду. І амаль тут жа вялікая хваля — не іначай, падаслаў яе нячысцік! — скалыхнула струг, і ён бы, пэўна, раздавіў княгіню, каб не кінуўся ўслед за ёю купец — у тым, чым стаяў, і, не ўпёршыся тоўстымі, жылістымі рукамі — адною ў прыстань, а другою у струг, не ўтрымаў яго на тыя некалькі хвілін, праз якія сыпанулі ў ваду дружыннікі і варта…

Белую, як мука, у непрытомнасці, княгіню выцягнулі і тут жа, паклаўшы на насілкі, подбегам панеслі, ў церам, а наперадзе бег отрак, каб папярэдзіць лекара. Купец жа сам вылез на бераг, цяжка крэхчучы, а акрываўленыя яго рукі слугі тут жа намазалі жоўтаю маззю, якую купец, як і зброю, заўсёды вазіў з сабою.

Назаўтра Абдурахманбек быў званы на ўрачысты прыём да полацкага князя.

Нізка пакланіўся яму князь Брачыслаў, пасадзіў побач з сабою. Распытваў пра дом і жыццё, пра незнаёмыя землі, адкуль прыехаў купец. Дзякаваў за дапамогу і дзівіўся, адкуль у яго ўзялася такая сіла, каб спыніць струг?

— На дапамогу мне, я мяркую, прыйшоў мудры Джырджыс, — кланяючыся, адказваў Абдурахман і пачаў ціха мармытаць нешта.