Талмач растлумачыў:
— Джырджыс — гэта Георгій-Перамаганосец. І яшчэ слаўны бек моліцца, каб прыйшлі на дапамогу мудры Георгій і Джыбрыл, ці, як кажуць арабы, Рух-ал-Кудс, бо яны вельмі часта дапамагаюць яму… Епіскап, які стаяў каля Брачыслава, насцярожыўся:
— Каб не было якой бяды… Добра, што кліча купец на дапамогу святога Георгія, але другі, як там яго… Джыбрыл? Ці не злы гэта дух?
— У вас Руха-ал-Кудса называюць святым Гаўрыілам, — талмач позіркам пашукаў іконы.
— Што ж гэта — у іх тыя ж святыя, што і ў нас? А мы ж іх нячыстымі лічым? — звярнуўся Брачыслаў да епіскапа.
— Затое ў нас гавораць пра вас — няверныя, — не вытрымаў талмач. — А я так думаю, што ўсе людзі пайшлі ад Кабіла і Хабіла, ці Каіна і Авеля па-вашаму, і розніца толькі ў тым, што жывуць яны ў розных мясцінах, ад таго і звычаі сталі розныя…
— Я папрашу аб дапамозе яшчэ і Бібі-фаціму і Амбарону — абедзве яны дапамагаюць жанчынам. Хай жонка хакана хутчэй выздараўлівае.
І сядзеў Абдурахманбек на піры, і многа еў, адно толькі не мог узяць — марынаваных грыбоў, якія назваў захмялеўшы, слізкімі, як піяўкі. Дзівіліся людзі полацкія таму, але жахнуліся, калі сказаў купец, што ў сябе дома пачастуе ён гасцей вачамі барана, варанымі ў малацэ.
— У кожнай зямлі свае звычкі, — сказаў князь сурова; усе змоўклі. І доўга яшчэ — праз талмача — расказваў араб пра далёкія землі, адкуль прыехаў.
Маленькая Гардзіслава глядзела вялікімі спалоханымі вачыма на смуглявы шырокі твар з чорнай барадой, на пульхны палец і на дзівосны камень. Не ведала яна, а пра гэта таксама расказаў пасля Абдурахман, што рабіў пярсцёнак вялікі майстра, думаючы пра недаступную яму дзяўчыну, і закляў камень-гранат словамі паэта Абу Ахмеда Мансура ібн Мухамеда, суддзі горада Герата, што памёр ад кахання: «Як ты прыцягнула маё сэрца, так не змог бы прыцягнуць гранат саломіну». Валодае гранат таямнічай сілай прыцягваць да сябе прадметы і гэтак жа прыцягваць сэрца каханай. Але не хапіла ў ювеліра грошай на калым, і жаніўся ён толькі ў сталыя гады — на другой. А пярсцёнак, які ён зрабіў для каханай, пайшоў гуляць па свеце, і вось ён на руцэ Абдурахмана, а дасюль ззяў сваім таямнічым святлом пад іншым сонцам, перад іншымі вачыма…
А ў канцы піру сказаў Брачыслаў:
— Аддару цябе шчодра за маю княгіню!
І прынеслі ў палаты багацці вялікія: мядзведжыя, воўчыя і вавёрчыны шкуркі, і сабалёў, і вострую зброю. Але Абдурахманбек адмовіўся і папрасіў аднаго — маладую дзяўчыну, што нядаўна прадстаўляла на свяце маладога славянскага бога — Ярылу.
— Хто гэта? — зашапталіся вакол.
— Дачка ўдавы Катуніхі, — адказаў Абдурахман. Не адкрыў ён князю, што быў на паганскім свяце, дзе ўгледзеў прыгожую славянку з празрыстым тварам і сінімі вачыма — сінімі, як бадахшанскі лазурыт. Узгарэлася ў ім сэрца. Ведаў купец толк у жанчынах, а перад ім была жамчужына, вартая гарэма самога султана! Дорага можна было і прадаць яе, калі надакучыць. Але не ўдалося яму купіць дзяўчыну.
Хаця і бедная была ўдава, прадаць дачку адмовілася і яшчэ ў дадатак абняславіла гасцей — брудным венікам выганяла з хаты Абдурахманбека і ягонага талмача, бо былі яны настойлівыя і нізавошта не хацелі адыходзіць проста так, не дамовіўшыся, не купіўшы. А як іначай узяць прыгажуню? Абвянчацца з ёю не мог купец, бо, калі б стала вядома, што хаця на момант аддаў ён душу няверным, пайшоў у царкву, адмовіўся ад волі алаха і прарока яго — Мухамеда, не жыць бы яму ў сваім утульным, вялізным доме з садзікам, дзе вясною так казачна прыгожа цвітуць персікі і абрыкосы, а шматлікая гайня абслужніц гатовая выканаць кожны ягоны рух… Гандляваць з нявернымі можна, але кожны раз, прыехаўшы ад іх, трэба ісці да мулы, каб наклаў ён ачышчальныя абрады і добра адмаліў грахі. А тут мулы — няма. Дый ёсць у яго ўжо чатыры жонкі і колькі наложніц. Прасіў ён, нізка кланяючыся, аддаць яму тую дзяўчыну.
Брачыслаў павагаўся крыху, але згадзіўся паслаць да Катуніхі людзей з наказам — купіць дзяўчыну для яго, князя Брачыслава.
Павагаўся — таму што хаця і цяпер яшчэ ездзілі і ў Кіеў, і ў Ноўгарад, і ў Полацак «дзеўкі купіці», — і свейскія купцы, і купцы з Доні (Даніі), з зямель мусульманскіх, і самі купцы полацкія адвозілі яшчэ, разам з мехам сабалёў і куніц, у булгарскую сталіцу на Іцілі (Волзе) дзяўчат з навакольных зямель, рабілі гэта ўжо патаемна: епіскап кіеўскі і полацкі і свяшчэннікі ў сваіх казанях гнеўна супраціўляліся паганскаму звычаю, вучылі, што ёсць ва ўсякай істоты жывая душа і нікому не дазволена распараджацца ёю, апроч гаспадзіна зямнога — князя ды ўладара нябеснага. Наўрад ці ўдалося б цяпер Абдурахману ўзяць якую дзяўчыну баярскую ці дачок людзей імянітых ці старцаў градскіх — не стаў бы Брачыслаў крыўдзіць так сваіх людзей, хаця ўладарыў у Полацаку шмат гадоў самаўладна. Але як адмовіць госцю, што выратаваў жонку, калі хочацца яму простую дзяўчыну, дачку беднай удавы? А між тым удава гэтая, хаця і была беднаю, не мела нідзе пазыкі, не пазычала ні кун, ні іншай маёмасці, і нельга было прадаць яе ў рабства за доўг, як рабілі гэта паўсюдна са сваімі непакорнымі людзьмі баяры і тысяцкія. Затое за ганьбу павінна будзе заплаціць Катуніха госцю заморскаму грыўню серабром. І з тым наказам памчаўся на Вадзяную вуліцу пасаднік Лось, а праз нейкі час ён прывёз дзяўчыну, але ў падранай сарочцы і з распушчанымі валасамі, таму што ўдава Катуніха не толькі не аддала пасадніку грыўню, але абазвала яго ўсялякімі словамі і плюнула ў твар, а дзяўчына вырывалася ад яго і не жадала слухаць ніякіх загадаў, хаця і паслаў за ёю сам вялікі князь. Моцна разгневаўся Брачыслаў, загадаў, каб высеклі добра ўдаву, але адказаў яму пасаднік, што ўсё гэта ўжо зроблена і цяпер сядзіць яна ў пограбе княжацкім, як рабыня, а маёмасць яе скудная ўся забраная ў казну як плата за ганьбу купцу іншаземнаму. Хацеў князь учыніць добрую навуку і дачцэ ўдавы, але чакаў узрадаваны Абдурахманбек, і таму было загадана толькі як след адмыць яе і апрануць у добрае адзенне, і калі зайшла прыгажуня ў горніцу, усе застылі і пазайздросцілі-такі купцу, які выглядзеў яе — і дзе, на Дзівінай горцы, куды ходзяць людзі чорныя, простыя!