Выбрать главу

Позна вярнуўся з палюддзя малады князь Усяслаў з малодшаю сваёй дружынаю. Пакуль мыліся ў лазні, пакінуўшы Лазніку мятлу, ваду ды чорную курыцу ў ахвяру, каб не палохаў пасля слабых духам, пакуль пілі квас ды садзіліся ў сенніцы вячэраць — адна за адной згаслі жоўтыя, цьмяныя агеньчыкі ў полацкіх хатах і дварах. Смеючыся, жартуючы, садзіліся потныя, расчырванелыя грыдні за вячэру, з маладою прагнасцю аглядалі стол, дзе ляжалі на вялікіх драўляных талерах кавалкі свежаніны і рыбы, пасмажанай, пакуль дружыннікі мыліся ў лазні, белыя трохкутнікі сыру, мочаны гарох, карычневыя боханы хлеба, булкі, памазаныя перад выпечкай яйкам — так блішчалі іх жоўтыя бакі. А між талерамі стаялі каляровыя, распісаныя кінаварам, шафранам ці сажай драўляныя сасуды з квасам, пенілася брага, востра пахнучы мёдам і духмянымі зёлкамі, і пустыя жоўтыя браціны з разьбянымі ручкамі стаялі ўздоўж сталоў.

Тады і нахіліўся над Алексам стольнік Мікіта і сказаў ціха:

— Ці не тваю гэта красуню ўчора купцу басурманскаму аддалі?

— Што? — не зразумеў адразу Алекса, але ўсё схаладнела ў яго ўнутры і як чорная маланка ў вачах успыхнула.

— Кажу табе — тваю, відаць, дзеўку аддаў учора князь як адплату за выратаванне жонкі. Няўжо нічога не ведаеш?

А калі Алекса адмоўна хітнуў галавою, ціха дадаў.

— Пасля раскажу, а то вунь, бачыш, ужо няўсцерп ім!

Сапраўды, некалькі грыдняў ужо крычалі, патрабуючы пітва, і стольнік хуценька паставіў на стол бочак, пабег за другім.

Алекса ж усю вячэру праседзеў, не кранаючы нічога з ежы, толькі піў і піў адну за адной бражніцы прахалоднага квасу. А пасля вячэры, калі пачуў, як усё адбылося, пахіснуўся, сеў на лаву, ашчаперыўшы галаву рукамі.

— Дзе яна? — глуха спытаў у стольніка, моцна сціснуўшы ягоную руку. Той, стоячы насупраць, паправіў рукаў сіняга суконнага каптана, страсянуў доўгімі русымі кудзерамі:

— Браце ты мой, нашто табе тое ведаць? Для цябе ўсё роўна што той купец, што Карачун забраў яе.

— Дзе яна, кажу! — закрычаў хлопец і, ускочыўшы, аберуч схапіў стольніка за плечы. — Кажы, а то адразу дух вон!

— Не раві, бык ты, — злосна ашчэрыўся Мікіта. — Дабра чалавеку хочаш, а ён вунь табе — новы каптан ледзь не парваў. Ну, скажу я, дык што з гэтага? На тым падвор’і яна, што каля самага вымалу. Заўтра карабель ладзяць, заўтра той Абдурахман ад’язджае. Куды ты! — закрычаў ён ужо ў спіну Алексу. — Цябе ж усё роўна не выпусцяць ноччу, шаленец ты, бешанец!

Але Алекса ўжо выслізнуў за дзверы, пабег па двары, хапаючы ротам астуджанае к начы паветра. Але не паспеў ён прабегчы некалькіх соцен метраў, як пачуў голас начальніка каравула Адзінца:

— Гэй, хто там? Стой!

Алекса спыніўся, каравульныя наблізіліся да яго.

— Ты гэта, хлопец? — здзіўлена сказаў Адзінец. — Чаго і куды ляціш, як на злом галавы?

— Маці… маці ў мяне… захварэла… — ледзь выціснуў з сябе Алекса. Нешта душыла яго, не давала сказаць ні слова, але гаварыць трэба было, трэба было прасіць, каб выпусцілі яго адсюль, бо іначай… Іначай ён скочыць наперад і разаб’е сабе галаву аб вострыя канцы агароджы, акаваныя жалеззем.