Выбрать главу

— Маці? — яшчэ болей здзівіўся Адзінец. — Хто ж табе сказаў пра гэта? Ніхто сюды не заходзіў з чужых, мы нічога не ведаем.

— Хто? — разгублена перапытаў Алекса, спрабуючы ўцяміць, што адказаць. Не быў гатовы ён да пытанняў, наогул не быў гатовы з кім-небудзь гаварыць. Адна думка нясцерпна калола яго, свідравала сэрца: «Хутчэй! Туды, пакуль не позна! Пакуль не позна!»

— Э-э, отрак, нешта ты блытаеш, — недаверліва працягнуў Адзінец, і другі каравульны згодна кіўнуў галавой. Нешта тут не так. А я вось зараз затрымаю цябе і назад адвяду. А то ты, можа, зладзейства якое ў двары ўчыніў. Вунь у цябе вочы як бегаюць і твар пабялеў…

Ён блізка паднёс смаляк да твару Алексы.

— Не! Я не рабіў… ніякага зладзейства… Мне трэба, трэба выйсці, разумееце? Трэба!

— Не, даражэнькі, нікуды ты не выйдзеш, а пойдзеш з намі назад. Калі ні ў чым не вінны — пасядзіш трохі, ахалонеш. Можа, задумаў што нядобрае. Пайшлі!

Ён паправіў меч у похвах, штурхануў Алексу.

— Пайшлі!

Усё было скончана. Яго не выпусцілі, адводзяць назад, а заўтра з самага ранку карабель распусціць белыя ветразі і панясе некуды ў невядомую далеч, на здзек, можа, на смерць — Яе… Ён неяк бачыў купца, і думка, што сёння яна там, можа, у абдымках гэтага ільснянага, чорнабародага таўстуна, выклікала ў ім пякучы боль. І шаленства. Ён, воін, які ўмее валодаць зброяй лепей за многіх, ён, хто не раз біўся ў крывавых сечах, не можа абараніць тое, што яму стала — цяпер ён зразумеў гэта! — даражэй за жыццё! Які ж ён воін? Які ж ён мужчына? Так, сапраўды, отрак, усяго толькі слабы отрак ён, калі не зможа вызваліць яе, узабрацца па тоўстых сценах, абхітрыць альбо перамагчы варту.

І, ужо падыходзячы да ганка, ён раптоўна вывернуўся, скочыў убок, затым са страшнай сілай нанёс удар Адзінцу — ён цэліў у самы ніз падбародка, туды, дзе ўдар такой сілы выклікае непрытомнасць і страту памяці на невялікі час, а пасля, калі Адзінец упаў, кінуўся на другога каравульнага. Той, ашаломлены нечаканасцю, усё ж змог падабрацца, адскочыць ад Алексы, а той, раз’ятраны і амаль сляпы ад ярасці, выхапіў у каравульнага дзіду і з такой сілай уваткнуў яе ў нагу, што нібы вялізным цвіком прыбіў свайго ворага да зямлі. Той заенчыў, схапіўшыся аберуч за дзіду, а Алекса некалькімі, агромністымі скачкамі дабег да агароджы, перамахнуў праз яе, падцягнуўшыся да самага верху спрытна, як вялізная кошка, і начная цемра схавала яго. Дарэмна паскакалі амаль услед па вуліцах дзядзінца коннікі з дзідамі наперавес, нібы гонячыся за небяспечным злачынцам — збраяносца не было нідзе.

Але глыбокай ноччу пасадніка полацкага разбудзілі нечаканым паведамленнем: дружыннік княжыча Усяслава напаў на гасцей полацкіх, немцаў з Доні, і задумаў, відаць, нядобрае, бо заўтра збіраліся яны вяртацца дадому з вялікім набыткам серабра і золата, добра нагандляваўшы ў слаўным Полацаку. Але злачынец той Алекса ні ў чым не прызнаецца, чаму пасаджаны ў поруб і закаваны ў жалеза. Сказаў моцна разгневаны пасаднік прадстаўніку купцоў, што заўтра ж выплацяць ім за бясчэсце і страх паложаны штраф, а злопамысніка будзе судзіць князь, і судзіць строга, бо не бывала яшчэ такога, каб дружыннік займаўся разбоем.

На світанні, толькі расплюшчыў вочы княжыч, перадалі яму вестку аб учынку Алексы, і тады, не верачы ўсяму, што адбылося ноччу на Купецкім падвор’і, сабраў ён чаляднікаў і варту і ўчыніў ім допыт. Данеслі перапалоханыя чалядзінцы пра нядоўгую размову Алексы і стольніка Мікіты, і тады зразумеў Усяслаў, што не разбоем займаўся на Купецкім падвор’і яго збраяносец. Але віна яго ад таго не змяншалася: смерцю павінен быў пакараць Брачыслаў калі не за разбой на Купецкім двары, дык за тое, што запярэчыў Алекса ягонаму рашэнню. І ўсё ж наважыўся Усяслаў прасіць за свайго дружынніка, для чаго загадаў падаць яму разьбяны ларэц і задумаўся, гледзячы ў яго. Разумеў, што наўрад ці ўступіць арабскі купец дзяўчыну, якую ўпадабаў, але ж усё-ткі гандляр ён, прывык усяму ведаць і назначаць цану… Таму, не чакаючы, пакуль прачнецца бацька, паскакаў Усяслаў разам з трыма грыднямі на Купецкае падвор’е — прасіць Абдурахманбека.

Сонны, нявыспаны купец, паспешліва папраўляючы наспех завязаную чалму, кланяўся да зямлі, паказваючы тлустую спіну ў бліскучым халаце, выказваў княжычу павагу і пашану, але аддаваць назад дзяўчыну адмовіўся наадрэз.

— Хай мудры і вялікі Усяслаў і яго бацька тут жа ахутаюць мяне покрывам смерці, але тады траплю я ў Джанна, рай, — таропка перакладаў талмач. — А калі аддам жанчыну, чые вусны могуць падарыць мне асалоду раю, чые вейкі пранізалі мне сэрца тысячай стрэлаў — паганым сабакам я стану, і душу маю адправяць прама ў Джаханнам — пекла.