— Ты ведаеш: мы, крывічы, упарты народ, і таму я прашу цябе яшчэ раз — вярні нам дзяўчыну. З-за яе чалавек, якому я абавязаны жыццём, зняславіў сябе, набыў кляймо злодзея. Мы заплацім вам за ганьбу, але ведай — ён не рабаваць сюды прыйшоў уначы, ён хацеў яе забраць і біцца з табою як воін з воінам, бо ты, Абдурахман як вядома мне, яшчэ і добры воін, добра валодаеш нажом, — гнуў сваё Усяслаў, спрабуючы гаварыць ветліва, але лоб яго ўсё моршчыла вялікая складка. — Лепей бы вы тут забілі яго, бо воіну набыць славу рабаўніка — усё роўна што памерці. Прадай яе мне! Мне, княжычу! Назначай любую цану! У нас многа дзяўчат, мы знойдзем яшчэ лепшую за яе!
Але Абдурахманбек адмоўна заківаў галавой, і княжыч упершыню ўбачыў у ягоных зрэнках сталёвы бляск.
— Калі б ты прыйшоў да мяне там, — ён торкнуў галавой некуды назад, і стаў прасіць аддаць жонку або любую жанчыну, якую люблю, я адплаціў бы за ганьбу толькі адным — тваёй крывёю. Але я тут, у цябе ў гасцях, і ты можаш паказаць сябе добрым гаспадаром толькі так — не патрабуй у госця таго, што ён не можа табе даць. Калі яна надакучыць мне — я аддам яе першаму, хто трапіць на дарозе. Калі яна страціць прыгажосць — яна стане мыць ногі ў маёй наступнай наложніцы. Але заўсёды мужчына распараджаецца жанчынай па сваёй ахвоце, па свайму жаданню. Да таго ж — ці не пакрыўджу я твайго бацьку, — хай надоўга зберажэ яго Алах! — тым, што адмоўлюся ад ягонага падарунка? Як ты думаеш, мудры княжыч Усяслаў?
На імгненне ў княжыча ўзнікла жаданне — выхапіць кароткі меч і… Але ён тут жа апусціў вочы, і гарачая чырвань заліла твар: нават падумаць недастойна, што можна пакрыўдзіць госця, які да таго ж дапамог ім, выратаваў маці. Адплаціць няўдзячнасцю за дабрыню, адабраць назад падараваную бацькам дзеўку-агнішчанку, нават проста прасіць яе назад — ганьба! Ах, гарачая кроў закіпела ў ім, забурліла, калі рашыўся сюды ехаць! Навошта? І так калі даведаецца бацька пра ягоны ўчынак, то не пахваліць, а сурова ссуне бровы, кіне: «Нягожа такое рабіць князям полацкім!» Але ж хацелася выручыць Алексу, адзінага са сваіх равеснікаў, якога бачыў роўным сабе. На кароткі момант уявіў невысокую каржакаватую постаць юнака, яго чыстыя сінія вочы, доўгія русыя пасмы — што за шаленства ахапіла яго, калі рашыўся на такое — сілай адбіваць падараваную самім князем дзяўчыну? Пярун, відаць, азмрочыў ягоны розум ці, можа, разгневаліся старыя багі, што не за сваёй справай, не за тым, што наканавана лёсам, пайшоў ён? Таму што кожны павінен рабіць тое, на што сама здатны — хто араць поле, хто разводзіць фарбы і асцярожна маляваць на сценах загадкавыя твары святых, хто сядзець дома і гандляваць… Алекса быў воем, яго можна было ўявіць толькі на полі сечы, толькі з дзідай ці мячом у руцэ, і нават кальчуга абвівала яго цела асабліва ладна і зграбна. Але Пярун пазбавіў хлопца розуму — і цяпер трэба было ратаваць яго, несці ахвяру багам, асабліва ёй — вечна зменлівай і нядобрай Мары, якая губіць людзей прывідам нязбытнага, якая насылае на іх морак зусім гэтак жа, як насылаюць зман і вабяць цяплом далёкага ачага страшныя балотныя агні, зацягваючы падарожнікаў у багну…
Ён узняўся з мяккага дывана, на якім сядзеў — каляровыя падушкі разляцеліся ва ўсе бакі, талмач кінуўся іх падбіраць — і сказаў, стараючыся, каб голас яго гучаў весела:
— Ну што ж, гандлёвы госць Абдурахманбек! Не хочаш — справа твая. Але ў знак сяброўства і як просьбу забыць мае словы я хачу падарыць табе тое, чаго ты не ўзяў за дзяўчыну. Вазьмі ж гэта проста ў знак пашаны!
Ён абярнуўся. Дружыннік пачціва нахіліўся, выбег за дзверы. Пасля вярнуўся з вялікім стосам пушыстых лісіных і сабалёвых шкурак, страсянуў, падаў князю. Мякка заззяў у аконным святле ільсняны мех, пераліваючыся чорным, шэрым, белым. Абдурахманбек не змог схаваць задаволенасці, ён нахіліўся ў паклоне, пагладзіў чорную бараду, з годнасцю прыняў падарунак. І тут жа шчоўкнуў пальцамі, а калі з суседняга пакоя выбег смуглявы слуга ў паласатым халаце і чорнай пляскатай шапачцы з вышыванымі ўзорамі, нешта сказаў яму, і той, спяшаючыся, таксама пабег назад і вярнуўся з сіняватай чашай, на якой былі намаляваныя золатам прыхаматлівыя звяры і птушкі. У чашы ляжалі сярэбраныя, з чарнёнымі ўзорамі маністы.
— Гэта — фарфоравая чаша з далёкага Чына, дзе на палях расце жамчужнае зерне, што дае людзям сілу, і дзе ёсць многа іншых дзівосаў, якім не знаходзіць тлумачэння чалавечы розум, — пераклаў талмач.
Чаша была нечакана лёгкай. Тонкім рабром адной з манет, што былі ў маністах, гандлёвы госць стукнуў па ёй, і сіняватая празрыстая паверхня нібы заспявала, тоненькі меладычны гук панёсся па пакоі, пасля, як даткнуўшыся да нечага, змоўк.