— А гэта вось, — дастаў купец маністы, — перадай свайму сябру ці слузе — хай не захлісне яго горла пятля тугі! — каб ён суцешыўся і выбраў сабе іншую перы, бо ён, як ты казаў, малады і дужы, і ён сустрэне нямала прыгажунь. Я ж чалавек ужо немалады, і таму асабліва даражу ўсім, што хоць трохі саграе сэрца ці душу, усім, што дае асалоду. Таму пачціва прашу мяне дараваць і за тое прыпадаю да тваіх ног, прашу, каб ты выцер мой твар крысом тваей міласэрнасці, а іменна — не чакаючы суда князя, хачу выехаць у мой далёкі край. Зараз у вашай царкве Багародзіцы ў прысутнасці сведкаў — купцоў з Фрысландыі і Англіі, а таксама з Рыгі — я запэўню цябе, што не маю нічога да беднага маладога джыгіта, чые вочы затуманіла каханне. О, мы, арабы, умеем цаніць каханне, нездарма нашы паэты так многа пішуць пра яго!
Прахалодная чаша ў руках Усяслава цяплела, нібы кроў, што бушавала ў ім, перадавала сваё цяпло ў тонкую празрыстую паверхню. Дзе, у якіх краях рабілі яе, як маглі давезці гэтае дзіва, што здаецца, пульсавала і спявала ў ягоных руках, да далёкіх суровых берагоў Полаччыны? Не разбіўшы, не паламаўшы, не знішчыўшы тонкага сярэбранага спеву? На імгненне туга сціснула яму горла — туга па далёкіх, нязведаных землях, якія ён хутчэй за ўсё ніколі не ўбачыць, таму што лёс наканаваў яму жыць тут, абараняючы гэтую зямлю, аберагаючы яе, ён вучыцца гэтаму змалку і да скону будзе рабіць гэта. Можа, давядзецца калі паехаць ў Цар-горад, у Візантыю, але наўрад ці ўбачыць яму калі-небудзь той загадкавы Чын і той край, дзе дасюль сядзяць, зачыненыя Аляксандрам, страшныя Гогі і Магогі! Але апамятаўся, падзякаваў купцу, толькі не згадзіўся выслухаць разам з фрысландскімі і рыжскімі гандлёвымі людзьмі адмову ад судовага праследвання Алексы. Сказаў, што займаецца гэтым сам бацька, і можна зрабіць гэта зараз жа, паехаўшы ў княжацкі церам, дзе, напэўна, яшчэ снедае князь…
Раніца толькі ўставала, калі ён выйшаў з драўлянага дома Купецкага падвор’я, але насустрач ужо везлі і неслі тавары, кіруючыся на рынак, што знаходзіўся ля дзядзінца. Рыжскія і гатланскія купцы ў кароткіх шчыльных штанах і мехавых каптанах, апаясаныя ўзорнымі паясамі, наўгародцы і кіяўляне ў корзнах, з-пад якіх выглядаюць белыя сарочкі, у высокіх шапках, чорныя клабукі ў сініх халатах, ляхі ў кароткіх кальчугах спяшаліся наперад, і ў кожнага за поясам тырчыць меч альбо ў похвах кінжал. Нялёгкае жыццё купецкае, вечна трывожыцца гандлёвы чалавек за маёмасць сваю, ад таго і не расстаецца са зброяй, хаця паўсюдна ў славянскіх гарадах — Кіеве, Ноўгарадзе, Полацаку, Менеску, Віцьбеску — аберагаюць гасцей заморскіх суровыя законы і дагаворы. Ведаюць купцы: калі хто пакрыўдзіць іх словам — заплаціць грыўню серабром, калі ж дойдзе справа да рукабіцця — за кожны выбіты зуб тры грыўні, за пашкоджанае цела — ажно да пяці. Калі ж заб’е сам купец вольнага полацкага чалавека — заплаціць дзесяць і болей грыўняў, за халопа — усяго адну… Калі ж юр разбярэ купца іншаземнага і застане муж полацкі яго ў жонкі сваёй — возьме за крыўду і ганьбу таксама дзесяць грыўняў серабра, а калі той звяжа мужа разгневанага — заплаціць дванаццаць грыўняў старымі кунамі… Усё дамоўлена дагаворам, нават калі пад хмелем сарве купец іншаземны з галавы якой мілай дзяўчыны ці жанчыны хустку ці павойнік…
Кожную раніцу ажывае купецкае падвор’е — і вязуць мёд і палотны, дзёгаць і мяхі, воск і рыбу, а прывозяць таксама безліч тавараў. Таму ляжаць у княжацкай казне дэнарыі і пфенінгі, пенні і дырхемы, а яшчэ зліткі срэбра, пярсцёнкі, крыштальныя каралі — кожная з іх па цане адпавядае адной куне, альбо тром нагатам, альбо кіеўскаму меднаму срэбраніку.
Ехаў малады Усяслаў да поруба, дзе сядзеў Алекса, і бачыў, як паступова напаўняюцца полацкія вуліцы народам. І кожны ідзе ці едзе па справе, а каля паўзямлянак, якія выразае простая чадзь прама ў зямлі і дзе сцены абшытыя дрэвам ці абмазаныя глінай, туды-сюды бегаюць жанчыны, несучы ў хату то бярэмцы дроў, то вядро з сырадоем, то лучыну. Далей, дзе пачнецца дзядзінец, хаты большыя, багацейшыя — рубленыя з бярвення, з істопкамі, з клеццю, і вокны ў іх не валаковыя, што завалокваюцца ў халады дошкамі, а слюдзяныя, а то і шкляныя, а каля іх мітусяцца ўжо не самі гаспадыні, а тая ж простая чадзь — халопы, і калі мільгане ў аконцы, расчыненым насцеж, жаночая галоўка, то не-не ды і выблісне на сонцы то залаты абручык, то сярэбраны бранзалет, а то шкляныя пацеркі на стройнай шыі. Едзе, не спяшаючыся, Усяслаў, і нібы ўпершыню бачыць свой горад, і глядзіць на дзяўчат, што выглядаюць у вокны, і дзівіцца ўсё болей смеласці маладога дружынніка, пачуццю, якое штурхнула на адчайны, незвычайны для яго ўчынак.