Выбрать главу

Калі вывелі з поруба Алексу, княжыч не адразу пазнаў яго — русыя валасы зліпліся на галаве ў крывавы камяк, адзенне парванае, з-пад карзна выглядае голае цела. Парваныя і порты, а на целе пісягі і сляды зубоў сабачых. Перахапіў Алекса позірк, засаромеўся, паспрабаваў нацягнуць порты на барвовыя пісягі.

— Сабакі парвалі?

— Яны, — панура адказаў Алекса.

— Дурань! — ускіпеў Усяслаў. — Мне не мог сказаць хаця б слова адно!

— Позна ўжо было.

— А раней што? Раней не мог! Бабнік ты, дзярмо сабачае! А калі ўзяўся красці дзяўчыну, то трэба было з розумам рабіць тое! Гэта каб лепшы мой лучнік такім валацугам стаяў перад сваім князем? Ды цябе і сапраўды варта да смерці лазінамі засячы!

— Сячыце.

— І засёк бы, клянуся Перуном, засёк бы! Сам, сваімі рукамі! Але ж цябе і так вунь як парвалі. Ну, а ты?

— Трое кнехтаў я палажыў, — гэтак жа панура адказаў Алекса. — Ды там яшчэ чацвёра ганчакоў было… Я спачатку выгледзеў — адзін быў відзён, я яго і прышыў стралой, думаў — усё, цяпер прайду…

Ён ужо, відаць, падрыхтаваўся да смерці, таму што сінія яго вочы былі цьмяныя і голас быў адрачоны, нібыта гаварыў не сваім голасам, а голасам аднекуль здалёку. І Усяслаў, успомніўшы, як слаўна валодаў мячом хлопец пад Ноўгарадам, яшчэ раз падзівіўся магутнай сіле невядомага яму пачуцця…

Заступніцтва князевага сына і клятва не трымаць на Полацак крыўды, якую ў прысутнасці іншаземных гасцей усё-ткі даў купец Абдурахманбек, выратавалі Алексу. Яго секлі лазінамі на гарадской плошчы, але не засеклі да смерці, а пасля, як зажылі раны, зноў узялі на княжацкі двор у малодшую дружыну княжыча. Ён прыняў падарунак купца — сярэбраныя маністы, заўсёды насіў іх на шыі, і часам сярэбраныя дырхемы ціхенька пазвоньвалі, калі нёс яго па вуліцах разам з іншымі дружыннікамі магутны віхор маладосці.

Усяслаў неяк пажартаваў:

— Не знайшоў сабе ладу, на якую надзенеш маністы?

Алекса, адводзячы вочы ўбок, глуха сказаў:

— Я на купца сам яго надзену.

— А можа, ён ніколі болей не прыедзе ў Полацак.

— Прыедзе. Вятры яго сюды прынясуць… — загадкава, усё адводзячы позірк убок, прамармытаў Алекса і болей, як ні жартаваў Усяслаў, выведваючы, што ў яго на душы, не сказаў анічога.

Падыходзіла лета, гарачае, вогненнае. Прывозілі ў Полацак весткі, што, як некалькі дзесяцігоддзяў назад, засуха высушыла стэпы, што новыя ворагі з’явіліся на паўднёвых граніцах княстваў, ворагаў тых фрызцы і рыжане называюць каманамі, а кіяўляне завуць іх за светлы колер валасоў полаўцамі, і ідзе тое слова ад паловы — рубленай саломы, да якой падобныя галовы тых полаўцаў. Ужо прыходзілі яны ў Прыдняпроўе, рубіліся моцна і воінамі паказалі сябе добрымі. Амяцежаныя тымі весткамі кіяўляне.

Спелі буйныя ягады суніцы ў навакольных лясах і кадоўбцамі неслі іх у горад; цёплы вецер уздымаў пыл на дальніх вуліцах Полацака, нёс яго па брукаванцы, варушыў косы дзяўчат. Па начах успыхвалі далёка над Дзвіною заранкі, цвіло жыта і вызвоньвала за сценамі горада, дзе-нідзе падступаючы пад бервяныя сцены, проса. Хадзілі па хатах, зрываючы з паліц паганскіх багоў і сякерамі рубячы іх у дварах, дружыннікі разам з соцкімі. Там-сям плакалі людзі пры гэтым, а мужчыны падчас лаяліся — дрэнныя, слабыя тыя багі, калі не могуць яны абараніць сябе — ні Пярун, ні ахоўнік свойскай жывёлы Волас, ні Макоша, ні Мара, ні сам Род з парадзіхамі… Але ўсё роўна заставаліся па хатах і дамавік — старэнькі дзядуля з чырвонымі вочкамі, якому штогод трэба было ахвяраваць чорную курыцу, і Анчутка — лятун-чарцяня, што любіць падражніць гаспадароў, паздзекавацца з іх, і таму ніколі не называюць яго прама, а клічуць «рагавым» і «бяспятым», а ў рэчцы ці возеры не пераводзіліся берагіні, а ў лесе жыў лесавік.

І колькі ні свянцілі нячыстыя мясціны, колькі ні чытана было малітваў-закляццяў, усё роўна прыносілі палачане і на бераг, і на Валоўю гару пірагі, стужкі, сыр і мёд. Стужкі вешалі на галіны дубоў, што шырока раскінулі свае стогадовыя галіны над гарою, а ўнізе клалі падарункі і ахвяры.

У Ноўгарадзе прымяраліся будаваць каменную Сафію, купцы сварыліся з-за падрадаў, ва ўсіх цэрквах ішоў збор ахвяраванняў. У Кіеве Яраслаў раздумваў, як наладзіць адносіны з непакорным Брачыславам, і, аддаючы яму Віцьбеск і Усвят, утрымаў вярхоўе Дзвіны і Таропу, дзе пасля ўзнікла княства Тарапецкае, што прымыкала да Смаленскага. Полацак рос і пашыраўся, у прадмесці — Бельчыцах — толькі што адкрылі новы манастыр, і здзіўлена перадавалі з вуснаў у вусны, што драўляная царква манастыра прыўкрашана «вельмі пышна», і золатам свецяцца зусім новенькія, прывезеныя з Царграда кадзільніцы, і вадаасвятная чаша, і панагія, і ладаніца; што князь Брачыслаў ахвяраваў манастыру перламутравы крыж з жэмчугам і рознымі дарагімі каменнямі, а княгіня — ікону з каштоўным акладам.