Выбрать главу

— Таму што цябе хочуць пакінуць тут за раба. Я сам чуў, як Хасан гаварыў начальніку каравана, што за цябе можна ўзяць нямала. Ты ж воін, да таго ж малады і здаровы.

— Я заплаціў ім за тое, каб яны ўзялі мяне на карабель. Я працую за харч, якога ў нас не стане есці і сабака. І яны, як ненаедныя ваўкі, хочуць забраць у мяне свабоду?

Алекса сціснуў кулакі, твар яго пацямнеў. Але беласкуры чалавек не адставаў:

— Калі ты думаеш, што заўтра ж ці нават зараз зможаш адсюль сысці, то памыляешся. За намі, веслярамі, устаноўлены добры нагляд. Думаеш, мы, рабы, не хочам адсюль збегчы ці вызваліцца?

— Але ж я воін!

— Думаеш, я пасвіў кароў на радзіме? Я з племя аланаў і таксама быў воем, але мяне захапілі ў палон, і вось чацвёрты год я не магу вызваліцца, хаця мару пра гэта з першай хвіліны. Я быў на радзіме не проста воем, а начальнікам атрада, ды толькі малодшы брат, які хацеў устаць на маё месца, тайна сказаў лазутчыку, як і куды пойдзе атрад, і мяне захапілі знянацку, аблыталі сеткай. Мне нават не змог памагчы меч, які дастаўся яшчэ ад прадзеда! За гэты меч я мог бы аддаць усё, чым валодаў, яшчэ тады, калі было чым валодаць. Яго забралі сабе пераможцы. А я стаў грабцом і сяджу з сапраўднымі рабамі, якія толькі і думаюць пра тое, каб пажэрці ды заваліцца спаць!

— Вы што там шэпчацеся? — падышоў да іх аднавокі каржакаваты стражнік, стукнуў дзідай аб падлогу. — Спаць, і каб болей ні слова не было чутно!

Усё змоўкла. Алекса ляжаў з заплюшчанымі вачыма, абдумваў тое, што пачуў ад хлопца. «Значыць, яго хочуць прадаць у рабства на рынку, прадаць, як скаціну, каб нейкі тоўсты гандляр мацаў яго плечы і заглядваў у рот, лічачы зубы! Не, гэтаму не бываць!» Ён прашаптаў ціха, павярнуўшыся да хлопца, які ляжаў побач:

— Як жа хоць завуць цябе?

— Бібо.

— Адкуль ты? Дзе гэтае племя — аланы?

— Я — горац. Там, дзе горы дакранаюцца да нябёс, мая радзіма. Але я даўно не бачыў гор, не бачыў радзімы. Спі, палачанін, заўтра пагаворым яшчэ, а то і так мне развярэдзіў душу…

У цесным труме пахла ванючай рыбай і прагорклым тлушчам, надсадна хрыпеў у куце нехта з грабцоў, нехта стагнаў, а адзін скуголіў у сне — відаць, таксама бачыў сны аб радзіме. І на момант Алексу стала страшна: а што, як сапраўды не вырвецца ён з гэтага пекла? Што, калі на ўсё сваё жыццё застанецца весляром? Можа, і не варта было наймацца на карабель? Але ж плыць вольным чалавекам ён не мог: полацкая варта перад адплыццём правярае ўсе караблі, таму што бывае такое — захопяць тайна купцы вольных людзей ці халопаў, а пасля адвозяць іх і прадаюць у рабства. Жывы чалавек — самы выгадны тавар, бойка гандлююць рабамі ў сталіцы булгар! А то і чужы тавар могуць прыхапіць знянацку ад’язджаючыя — вялікія і доўгія гандлёвыя дарогі, ці давядзецца калі сустрэцца!

Ён намацаў нож, які насіў заўсёды з сабою, для чаго пашыў у портах патаемную кішэню. Не, з нажом супраць ахоўнікаў не пойдзеш.

Добра, што грабцоў мімаходзь аглядае варта. Яны — навідавоку. Запісалі колькасць іх на прыстані, прымаючы струг — столькі і адпусцілі, забыўшыся на памерлага. За магчымасць вырвацца з Полацака, паехаць, а не прабірацца ляснымі дарогамі, кіруючыся на далёкую, страшэнна далёкую сталіцу булгар, і заплаціў ён такую вялікую цану: згадзіўся стаць грабцом. Можна было купіць каня і паспрабаваць узабрацца на які карабель далёка ад Полацака, забрацца госцем, заплаціць за праезд… Але ж усё роўна ён адзін, усё роўна ўсюды могуць яго забраць у рабства! Трэба нешта рабіць, трэба добра пакумекаць, пакруціць галавой, каб усё-такі дабрацца да сталіцы булгар, але застацца вольным чалавекам. Можа, гэта Род і парадзіхі памагаюць яму, што так пацягнуўся да яго гэты невядомы чалавек, гэты Бібо з такой дзіўна белай скурай і вачамі, у якіх свецяцца спагада і бясстрашша?

Міналі дні. Нямала валокаў адолеў карабель, нямала серабра перайшло ў рукі цівуноў, якія жывуць на валоках, каб першымі адправілі на колах карабель. Цягнулі насустрач тавары ў Полацкую зямлю: персідскія тканіны, сірыйскія вазы, візантыйскую парчу, кіеўскае шкло. Лоўкі трапіўся на Алексавым струзе начальнік каравана: заўсёды жэрабя выпадала на ягоны карабель, і не было яму асаблівых. затрымак ні на Эсе, ні на Друці.

Вось ужо і магутны Днепр, які нясе свае хвалі ў Понцкае мора, празванае Рускім таму, што шмат ездзіць па ім рускіх караблёў. Шырокі Днепр, страшныя яго хвалі ў непагадзь, таму і спяшаліся булгары, каб адолець яго да восені. Але яшчэ страшнейшыя дняпроўскія парогі. Даўно чуў пра іх Алекса: кажуць, што разбіваецца штогод на іх мноства караблёў, і нават самы вопытны лоцман бялее і моліцца сваім багам, калі набліжаецца да дняпроўскіх парогаў. Першы з іх называецца «Не спі», і іншаземцы ўслед за русамі гавораць: «Эс супі». Ён вузкі, але пасярэдзіне яго выступаюць абрывістыя і высокія скалы, што падобны да астраўкоў. А адтуль вада ліецца з шумам вялікім з вышыні, ад чаго сэрца сціскаецца страхам. Праз кожны парог трэба валачы судна, а падчас, кажуць, нават выцягваюць з ладдзі покладзь і цягнуць усё па беразе. І тут, на Крарыйскай пераправе, усё яшчэ разбойнічаюць печанегі, і неаднойчы падчас піроў расказваюць гусляры аб гераічнай смерці кіеўскага Святаслава ад печанегаў, што заспелі князя тут, на дняпроўскіх парогах. І недзе ў скарбніцы печанежскага хана ляжыць акаваны золатам чэрап Святаслава, з якога семдзесят гадоў назад піў печанег, як з чашы… І ўсё яшчэ палююць разбойнікі на берагах супраць гасцей гандлёвых. Таму не спыняецца карабель ні ўдзень ні ўначы, толькі мяняюцца весляры, і ўсё болей наліваюцца цяжкім свінцом іх рукі, і хутчэй клоняцца на брудныя, затхлыя сеннікі іхнія галовы. За гэты час добра нагледзеўся Алекса на паднявольнае жыццё рабоў: білі іх за кожны ненавісны позірк, за кожнае слова супраць. Раны ад бізуна зажывалі не скора: у хвост яго была ўпраўлена свінчатка, і такое таксама бачыў хлопец упершыню. Іншая справа — баявы цэп: на яго канцы матляецца жалезны калючы шар. Але гэта — зброя. А бізун быў страшнейшым, таму што тыя, на каго ён уздымаўся, не мелі чым адказаць.