Алексу краталі пасля першай сутычкі з начальнікам стражы рэдка: відаць, зразумеў той, што не ўдасца іначай давезці да сталіцы непакорнага. Да таго ж насустрач увесь час плылі караблі з наўгародскімі, кіеўскімі, полацкімі купцамі, і, калі б дазналіся тыя, што вольнага чалавека ўзялі булгары за раба, то маглі б і кінуцца ў бойку — не, не каб Алексу бараніць, а мець добры повад памацаць, што там ляжыць у купецкіх скрынях. Гандляр гандляром, але ж калі ў цябе нешта бясконца адбіраюць на гандлёвых дарогах, то ці такі грэх забраць нешта і сабе пры паходзе! Тым болей што кожны купец мае зброі ці не болей, як любы дружыннік, і бачыў ён многае такое, чаго не ўбачаць людзі аседлыя, таму падчас душа ў яго зачарсцвелая, як хлеб, што доўга ляжаў на складзе сярод тавараў.
Ішлі тыдні, і, хаця лета павінна было канчацца ў Полацаку, тут, бліжэй да стэпаў, яно па-ранейшаму раскашавала: густа ўздымалася трава на берагах, праўда, крыху паблякла яна ад гарачыні, выглядвалі з-за дрэў ці ішлі на вадапой, не зважаючы на карабель, дзіўныя, не бачаныя ніколі звяры, і на стаянках прыносілі мясцовыя людзі на абмен не бачаныя Алексам ягады і прыпасы. Кашуля на плячах палачаніна парвалася, і яму далі новую, але папярэдзілі, што грошы за яе трэба аддаць начальніку каравана. Бібо аднойчы выменяў за медны грош, дадзены яму Алексам, кавалак грубай тканіны, падобнай на лямец, толькі танчэйшай, і лоўка скроіў новаму сябру нешта падобнае на кабат. Цяпер, калі карабель насцігала непагадзь, Алекса не курчыўся так ад холаду, нібыта грэшнік, якога насцігае нячысцік, — так намалявана на карціне, што аднойчы бачыў у царкве Сарака пакутнікаў на Кажэвеннай вуліцы. Але болей ён не патраціў ні куны, ні веверыцы, і ніхто не ведаў, што ляжыць у невялікім скураным мяшэчку, якіх хаваўся, як і нож, у портах. А ляжалі там сярэбраныя маністы, і аднаго дырхема з іх было дастаткова, каб апрануць і абуць чалавека, а яшчэ ляжала некалькі медных грыўняў, якія Алекса бярог для пераезду за Хваліскае, або Хвалынскае мора, туды, адкуль ідзе дарога на старажытную Бухару. Можа, не спатрэбяцца там грабцы, там, на тых чужаземных караблях, тады трэба плыць госцем, бо не станеш пехатой пераходзіць мора. Што такое мора, Алекса не ведаў, але ўсе, расказваючы аб ім, уздымалі вочы ўгару і ўздыхалі, і пры гэтым не забывалі падзякаваць багам за тое, што жывымі выбраліся з ягонай бездані. Мора было загадкавае і страшнае, але Алекса верыў, што застанецца жывы, што не возьмуць яго ні хвароба-агнявіца, ні трасавіца, не захопяць людзі ліхія, таму што там, за морам, чакае збавення ад палону бялявая дзяўчына з сінімі, глыбокімі вачамі, апушанымі доўгімі цёмнымі вейкамі.Тонкі, чуць кірпаты нос, шэрыя бровы і нясмелая захмельваючая галаву ўсмешка. Ці ведала Бяроза, што крас уня яна? Мабыць, ведала, але сарамліва адпрэчвала ад сябе хлопцаў, не дамаўлялася ні з кім ісці ў лес у вірлівую купальскую ноч. А можа, проста чакала суджанага? Яго чакала, каб абудзіў ён у маладым сэрцы такое ж шчаслівае чаканне незвычайнага, прагу шчасця, няхай сабе кароткага, таму што кароткі чалавечы век, асабліва ў воіна. Ды кожнаму хочацца пражыць свой век без гора, без нядолі, паспытаць слодычы, што дае жыццё.
Вяла Алексу і помста. Заўсёды ведаў ён, што безліч дзяўчат прыгожых і паланёных маладзіц вывозяць з княства, але тое не тычыла яго. Не раз, збіраючы палюддзе, разам з маладой дружынай забіраў ён дачок у смердаў, што не мелі чым заплаціць даніну, разам з дружыннікамі прыводзіў на княжы двор, дзе іх рабілі халопкамі. Але ні разу, бадай што, не задумваўся над тым, ці маюць права адны людзі рабіць рабамі і халопамі другіх. Толькі цяпер, у тыя хвіліны, калі рукі яго прывычна і натруджана паднімаліся і апускаліся разам з магутным вяслом, ён мог, забываючыся на ўсё, думаць аб тым, што на працягу дваццаці гадоў рабіў бяздумна і ахвотна, атрымліваючы за гэта пахвальбу і ўзнагароду.