Але ж і іншыя, сталыя дружыннікі, вірнікі, мечнікі — усе яны прывозілі, збіраючы даніну, мяхі і воск, лён і мёд. А магчыма, гэтыя карцы мёду ці сувоі палатна былі апошнімі ў беднай хаце? Хто думаў над гэтым?
Ноч і дзень цяпер бачыліся яму вочы ўдавы, асірацелай і як бы зламанай нечаканай крыўдай. За што, у чым яна вінаватая? Гаварылі ў царкве, што трэба быць пакорлівым і смірэнным. Але на княжым двары, калі ў вольны час вучылі іх трымаць меч і валодаць сякерай, настойліва ўбівалі ў галаву, што воін павінен быць бязлітасным і жорсткім, што адзіна патрэбная справа мужчыны — ваяваць, умець абараніць сябе і захапіць лепшае. Каго ж слухаць?
Ды, закрываючы сабой усе развагі, жыла ў ім крыўда: у яго, мужчыны, воя, забралі дзяўчыну! Хіба можна жыць далей з такой ганьбай? Хіба можа ён праглынуць гэта? Не, забраць яе, вырваць, кінуць у ненавісны твар купца падораныя маністы! І тады можна будзе лёгка дыхаць, хадзіць па зямлі.
— Раю табе, палачанін, не чакаць Понцкага мора, а пастарацца знікнуць у Кіеве, — аднойчы, калі яны з Бібо ляжалі без сну побач, сказаў Алексу белатвары алан. — Ад Кіева лягчэй ісці альбо ехаць да Булгар. Я ведаю гэтыя пераходы. Там усяго 20 станцый, і калі скакаць ад адной станцыі да другой, кожны пераход займае дзень. А без каня ісці туды два месяцы. Затое там часта па рацэ Іціль да самай сталіцы ходзяць караваны. Адтуль, з Іціля, ты паедзеш па Хваліскім моры да Бухары, а я… там не так далёка да маіх зямель.
— Ты… Ты хочаш ісці са мной? — ціха запытаў Алекса.
— Хачу, і чым хутчэй мы прыедзем у Кіеў, тым лягчэй нам будзе ўцякаць. Блізіцца восень, а мы амаль голыя. Рабам не выдаюць добрага адзення, а калі мы працуем, мы і так мокрыя ад поту і вады.
— Удвух нам будзе ўцякаць цяжэй.
— Лягчэй! Я бачыў цябе, ты сапраўды храбры воін. А я… Паглядзіш на мяне, калі што якое… Ты толькі дапаможаш разагнуць ланцуг на назе і, калі ўзнікне такая патрэба, захіліш маю спіну.
— Чаму ж ты не ўцякаў раней?
— Я ўцякаў ужо два разы. І абодва разы мяне лавілі і збівалі так, што я не мог пасля нават рухацца. Апошні раз мне пераламалі дзве рабрыны. Трэці раз мне ўжо не ўстаць. Я і так амаль ашукаў наглядчыка, ён думае, што ўва мне не засталося ні іскрынкі жыцця, — толькі трымаць вясло. І сам я так думаў раней. Аж не — ачуняў. А тут ты…
Яны асцярожна шапталіся, ажно пакуль не абмеркавалі ўсё самае важнае, і тое, што наглядчык заснуў, дапамагло ім. Нідзе не схавацца рабу — то падслухае іх наглядчык, то данясе свой жа, той самы раб, які за данос атрымае хіба што лішнюю жменю варанага проса. Але нават і гэтая нікчэмная ўзнагарода спакушала некаторых. Былі і такія, каго штурхала на здраду зайздрасць, — звычайна яны з тых, чые сілы змарнелі ў шматгадовым рабстве, хто страціў надзею калі-небудзь убачыць родныя мясціны.
У цёплы, па-летняму ясны і пагодны дзень яны прыплылі ў Любеч.
Тут, на беразе дняпроўскага затона, каля прыстані, было шматлюдна — нібы так жа, як і ў іншых гарадах. Ды тут асабліва адчувалася блізкасць Кіева, стольнага горада вялікай дзяржавы русаў: непадалёк ад прыстані, ва ўрочышчы, звонка стукалі сякеры і з гулам падалі сосны. Там, было відно, будавалі ладдзі, ці, як іх называлі візантыйцы, што стаялі побач, — манаксілы, іх выдзёўбвалі з аднаго ствала вялізнай сасны. За ўзгоркам, на гары, аддзеленай пад'ёмным мостам, будаваўся замак, далёка бачны адусюль. Ён быў яшчэ малы, толькі ўнізе моцна трымалі будучыя сцены вялізныя дубовыя бярвенні, імі ж была ўсцеленая дарога, якая вяла да галоўных варотаў будучай крэпасці. Вакол замка была ўжо пабудаваная сцяна і мноства складаў — відаць, для гатавізны. Злева ад замка будавалася высокая вежа.
Ля прыстані выгружаліся тавары, і булгары хутка знайшлі знаёмых, завязалі з імі гаворку. Услед прыплылі візантыйцы, пыталіся, ці ўсё спакойна ў імперыі? Адказы былі добрыя: у імперыі спакойна. Бог літасцівы да базілеўса Канстанціна ІХ Манамаха, ураджай сабралі багаты. Гэта не тое, што пры папярэдніку, Раману ІІІ Аргіру. Тады адны звады жонкі базілеўса, парфірароднай Зоі, з яе малодшай сястрой, Феадорай, чаго каштавалі імперыі.