Выбрать главу

А ў Ітылі? Спакойна, толькі вось рабоў паменшала, яны падняліся ў цане. Патрэбныя набегі, патрэбная здабыча, бо царства небагатае на зямлю, многа ў ім стэпаў, дзе расце толькі кавыль…

Весляроў і воінаў адвялі на падвор’е і рабоў запёрлі ў вялікае драўлянае гумно, а каля дзвярэй паставілі стражнікаў. Саміх жа купцоў павялі далей, дзе на падвор’і стаяў вялікі дом з бярвення — там звычайна спыняюцца багатыя купцы. У візантыйцаў тут асобныя харомы, і абстаўлена ўнутры так, як прывычна для іх — пад іконамі гарыць кадзільніца са сціраксай — благавоннай смалой, абітыя аксамітам табурэты з візантыйскай залатой каймой, сцены абабіты таксама аксамітам. Гэтак жа, як у самім Цар-горадзе на рускім падвор’і ўсё звыклае для русаў, і нават стравы гатуюць іх любімыя, і дзічыну для таго спецыяльна прывозяць у Візантыю.

Булгарам такой раскошы не было — завялі, дзе было вольна. Рабам жа, дзеля таго каб сэрцы іх трохі ачысціліся ад злосці і роспачы, падчас вячэры далі віна — самага таннага, з астаткамі вінаградзін, трохі ўжо забрадзелага — таго, што сапсавалася ў любецкіх мядушах і што аддавалі амаль задарма. І ўсё ж нават такое віно было рэдкасцю, рабы прагна хапалі яго і, захмялелыя, пачыналі спяваць песні родных мясцін. Іншыя плакалі, а другія хутчэй клаліся спаць, каб хаця ў сне ўбачыць свой даўно пакінутыкрай.

Цёпла было на двары, і, калі сцямнела, вартаўнікі таксама прыклаліся да біклагі з віном, угодліва прынесенай ім хлопчыкам, што служыў тут на пасылках і зарабіў на гэтым цэлую куну. Пасля яны паслалі хлопчыка за новай біклагай і, зусім забыўшыся на сваю службу, яшчэ пілі за блізкую ўжо Булгар, за яе стэпы, пілі за здароўе кагана. Некалькі візантыйцаў з бяднейшых падселі да іх.

— Я ўспамінаю часы бажэсцвеннай Зоі, — захмялеўшы, пачаў спавядацца адзін са стражнікаў. — Яна ведала смак у жыцці! Ужо за пяць дзесяткаў, а яе яшчэ за маладую прымеш. Мужчын мяняла ледзь не штомесяц.

— Цьфу! — сплюнуў другі, — Што за цела можа быць у жанчыны, якой за паўвека?

— Але калі б табе прапанавалі быць фаварытам у парфірароднай, ты не глядзеў бы на яе цела. Улада — хаця б раз пакаштаваць яе! А то сцеражэш брудных рабоў!

— Мы! Мы з табой затое будзем мець маладых, стройных, са скурай мяккай і пяшчотнай, як шоўк, якая пахне ружай і лавандай!

Булгары ж глыталі мяса і марылі аб сакавітых кавунах, што прачышчаюць жывот. Пасля яны пілі за знаёмых блудніц, якія, мабыць, час ад часу ўспамінаюць іх у вясёлым квартале на Мядзянай вуліцы, куды яны пойдуць зараз жа, як толькі атрымаюць грошы за ўвесь гэты неймаверна доўгі шлях у краіну русаў. І яны заспявалі таксама, папярэдне добра грукнуўшы ў сцяну, дзе весяліліся рабы, ад чаго там усё змоўкла — але ж на кароткі час.

А пасля стражнікі разышліся, засталося ля пуні толькі двое.

— Цяпер ужо час! — шапнуў Бібо. Ён ціха падышоў да дзвярэй і пастукаў.

— Чаго табе? — раздаўся голас стражніка.

— У мяне завялася медная манета — намісма, і, калі ваша міласць дазволіць, я патрачу яе на тое, каб зрабіць лішні глыток віна за здароўе кагана. Але гэта пасля таго, як за яго здароўе вып’еце вы.

— Адкуль у яго намісма? Мабыць, кінуў нехта з румійцаў? А мо ўкраў? Га-га-га, — зарагатаў адзін з вартаўнікоў, а другі п’яна загадаў:

— Добра, адчыні трохі дзверы, вазьмі ў яго манету. Але калі ён салгаў, сабака…

— Можа, не трэба? Адкуль у яго грошы? Украў? А раптам гаспадар заўтра запатрабуе іх назад? — асмеліўся запярэчыць другі, але першы стражнік зноў п’яна рассмяяўся:

— Калі ён зробіць лішні крок, сын блудніцы, я праткну яго наскрозь! Ідзі!

Дзверы адчыніліся. Стражнік працягнуў руку ў цемру і ў той жа момант моцныя рукі Бібо схапілі яго за галаву і ўцягнулі ў хлеў. Не паспеў той узмахнуць рукой, як гібка і па-звярынаму імгненна схапіў ягоную руку Алекса і з размаху ўсадзіў у мяккае, сытае цела стражніка востры нож, ад чаго той абмяк і ціха, без крыку паваліўся ўніз.

Другі вартаўнік, схапіўшы дзіду, кінуўся да дзвярэй, але сілы яго забрала віно. Кароткая барацьба ў цемры — і ўсё змоўкла.

— Усё! — па-звярынаму ціха шапнуў Бібо.

— Іх возьмем? — Алекса ледзь прыкметна ў цемры кіўнуў у бок рабоў.

— Не! — адрэзаў Бібо. — Яны п’яныя, апроч таго, многія з іх згубілі сябе, страцілі волю, а бязвольны чалавек — усё роўна што труп. Куды яго пакладзеш, там ён будзе ляжаць. Не думай пра іх!

Алекса адмоўна хітнуў галавой, хутка, навобмацак, знайшоў на старым месцы лучыну, запаліў яе. Чырвоны нясмелы агеньчык асвятліў постаці рабоў, што, захмялеўшы, ляжалі навокал хто як мог — раскінуўшыся, паклаўшы галовы проста на брудную падлогу. Некаторыя глядзелі цьмянымі вачамі на сяброў, відаць, не разумеючы, што адбываецца навокал.