Выбрать главу

Алекса павагаўся.

— Ён і праўда добры конь, толькі хворы. Можа, я і сам яго вылечу?

— Як хочаш, — гэтак жа раўнадушна працягнуў Мікалай. — Заставайся і ты. Я займуся іншым — буду дапамагаць гаспадару варыць ежу. Такога повара ён не знойдзе нідзе.

— Чаму ты хочаш тут застацца? — недаверліва перапытаў Бібо. Ён глядзеў на Мікалая з адкрытай непрыязнасцю, а той нібыта не заўважаў нічога, толькі падчас тонкія вусны яго на смуглявым худым твары складваліся ў насмешлівую грымасу.

— Буду чакаць. Буду збіраць грошы. Што ехаць на радзіму жабраком? А можа, і не паеду туды. Багатаму добра ўсюды. Я пабуду тут год — і пастаялы гэты двор стане маім. Не-не, без усякіх глупстваў! Я не атручу гаспадара — толькі перамагу яго. — Ён яшчэ больш насмешліва скрывіў вусны. — Ну дык як?

Алекса вагаўся. Конь глядзеў міма замучаным ліловым вокам, бакі яго, мокрыя і дрыжачыя, сутаргава паднімаліся і апускаліся.

— Аддавай! — шапнуў Бібо. — Я падару табе лепшага, хаця і гэты — карабахскай пароды. Ну!

— Добра, — сказаў нарэшце Алекса. — Бяры яго. Нам і праўда трэба ісці. Да Хвалынскага мора…

Назаўтра рана яны з Бібо рушылі далей. Караванны шлях ішоў налева, яны ж пайшлі направа — туды, дзе чакалі Бібо горы і адкуль, як абяцаў ён, шлях да мора будзе карацейшым.

Дзень за днём ішлі і ішлі хлопцы па дарогах, што перапляталіся, разыходзіліся і зноў сыходзіліся то ў шырокі ўтаптаны шлях, то ў амаль непрыкметную сцяжынку скрозь зараснікі калючага кустоўя. Алекса быў паляўнічым, і гэта прыдалося ім: у сілкі, зробленыя ім, абавязкова трапляў то малады заяц, то перапёлка, і, згаладнелыя на былых харчах рабоў, хлопцы ад’ядаліся смажаным на гарачым вуголлі мясам, палітым кіслай поліўкай з ягад. Трохі мяса яны прадавалі па дарозе — і катомкі за іх плячыма павялічваліся. Да таго ж Бібо ў час аднаго з начлегаў наткнуўся на гняздоўе горнага крышталю, з якога робяць кубкі для пітва і каралі для жанчын. Яны прадалі яго, а ўзамен набылі медны кумган, у якім грэлі чай. З’явіліся у іх і абутак, і аўчыны, бо ночы рабіліся ўсё даўжэйшымі, яны цяпер былі часам з шэранню, што сярэбранымі ўзорамі клалася на чорную аўчыну, што сагравала іх ноччу. З адной скуры, пакуль яны мацавалі каменнем і глінай агароджу ў адным селішчы, пашыла ім маладая ўдава дзве папахі, каб не студзіла галовы.

Дарога мянялася — ішоў стэп, пасля сталі горбіцца вакол жоўтыя ўзгоркі, усё вышэйшыя і вышэйшыя, пасля камяністыя выспы… А ногі ўсё болей адчувалі вышыню. І вось аднойчы Бібо паказаў наперад, вочы яго ўспыхнулі, твар засвяціўся:

— Горы!

Алекса спачатку не ўбачыў нічога такога, — аблокі тоўпіліся над краем неба, аблокі з дзіўнымі вострымі абрысамі. Але Бібо, абхапіўшы яго за плечы, тыкаў рукой наперад, паказваў абрысы гор, называў іх, — і тады Алекса сапраўды ўбачыў, што гэта вяршыні не бачаных дасюль гор, а белае — снег, які ніколі не растае, бо так высока тыя вяршыні.

— Я думаў, што яны бліжэй да сонца і там цёпла, а тут, бач ты — наадварот! — прызнаўся ён, пачасаўшы патыліцу.

— Ты ж сам бачыш, што ў гарах халадней! — рассмяяўся Бібо. Ён быў сам не свой ад радасці — узбуджаны, ледзь не прытанцоўваў і ўсё парываўся абняць Алексу.

Але к вечару яго радасць нібыта згасла. Пераломваючы ў магутных руках хварасціны, ён падоўгу, застываючы, глядзеў на агонь і пра нешта думаў.

— Аб чым ты тут марыш? — неўзабаве запытаўся Алекса, з нецярпеннем выхапіўшы сухастоіну, бо вогнішча пачало трашчаць і паціху згасаць, не атрымаўшы чарговай порцыі паліва. — Дома ж ужо вось-вось будзеш!

— Таму і думаю, — глуха адказаў Бібо.

Ён моўчкі паеў варанай фасолі (тут, у гарах, ім прапаноўвалі востры сыр альбо скудныя прыпасы тутэйшай зямлі — фасолю, боб, гарох), захутаўшыся ў аўчыну, лёг непадалёку ад Алексы.

Палачанін не стаў турбаваць спадарожніка, памыў місы, зрабіў сабе ложак з галінак маладой хвойкі.

Цемра ахутала іх адразу, як толькі схавалася за ўзгоркі сонца, і амаль адразу пачало рэзка халаднець. Малінава-шэрым свяцілася вогнішча, шэры попел хутка зацягваў яго. Пранізліва пераклікаліся між сабой птушкі.

— Мне ж трэба забіць яго, — сказаў раптам Бібо.

Алекса не адгукнуўся, толькі павярнуўся на бок, гатовы слухаць. І Бібо зразумеў гэта, загаварыў глуха і перарывіста.

— Усе чатыры гады… жыў гэтым. Кінжал у грудзі здрадніку, — і ўсё! А толькі цяпер задумаўся — як жыць пасля? Брат жа гэта родны… меншы!

— Дык ён жа… ён прадаў цябе. Успомні, колькі перажыта ў рабстве. А мог бы там і застацца навечна! — Алекса не вытрымаў, сеў.

— А ты — забіў бы?

— Забіў бы! — цвёрда сказаў Алекса. — А што брат — гэта яшчэ горш. Такога першым, каб на зямлі не смуродзіў.