Выбрать главу

Пасля першага пабегу яго злавілі і не надта каралі. Але зараз былі ўжо трэція ўцёкі, і раз’ятраны хан адправіў за ім варту з наказам — забіць неслухмянага!

— Жыццё маё хан хацеў забраць сабе і спатоліць нянавісць, — аднойчы, ужо праз многа дзён, неяк прызнаўся Нігмат. — А ты вярнуў яго мне, брат!

Круглатвары, чорнавалосы, рухавы, як сонечны зайчык на вадзе, Нігмат з першага ж дня ўзяў на сябе прыгатаванне ежы і няхітрыя гаспадарчыя клопаты. Яны, дрэнна разумеючы адзін аднаго, усё ж дамовіліся — да Харэзма ісці разам, так больш надзейна і спакойна.

У Бакунэ Алекса ўпершыню ўбачыў мора. Шэра-зялёныя хвалі набягалі і набягалі на камяністы, слізкі ад калматых раслін бераг; доўгі, несканчоны вецер, што саланіў вусны, дзьмуў з неабдымных прастораў, і белыя грабеньчыкі пены скрозь уздымаліся на зменлівай, сліпучай ад сонца паверхні вады.

Цэлых тры тыдні яны чакалі, пакуль які карабель пойдзе ў Чырвоны бераг — адтуль ішла дарога на Харэзм і Бухару. Нігмат хацеў адправіцца ўздоўж мора, на поўнач, бо, як сказаў ён, ніводнай манеты не звініць у яго хурджуне, ды і яго, хурджуна, няма таксама.

— Я не хачу вісець камнем на тваёй шыі, няхай паможа табе Алах вялікі, міласэрны! — сказаў ён, збіраючыся развітацца.

Але Алекса настояў на тым, каб ехалі яны разам. Каня давялося прадаць, і грошай на праезд хапала.

— Маё жыццё — тваё жыццё! — сказаў расчулены Нігмат. — Можа, давядзецца аддзякаваць табе як мае быць!

Ён не ведаў, а можа, забыўся, што слова валодае таямнічай сілай — бывае хвіліна ці імгненне, калі яно, кінутае ў свет, як каменьчык, выклікае абвал — нябачны, нячутны, які доўжыцца гады…

І было мора, і былі дні і тыдні адчаю, калі, здавалася, няма ратунку, калі чорныя валы кідаліся на ладдзю і спрабавалі ўтапіць яе ў страшнай бездані, над якою то ляцела, то заціхала ў бязветраныя дні слабое стварэнне рук чалавечых. І кончыліся прыпасы ежы і пітва, і не засталося ў Алексы ніводнай залатой драбінкі, што даў яму Бібо. І калі, здавалася, трэба было толькі легчы і памерці, убачылі яны доўгачаканы бераг.

Але і на гэтым шлях не канчаўся. Наадварот: самае страшнае ляжала перад імі — Пустыня.

Упершыню Алекса бачыў пустыню. Яна сапраўды ашаламляла нязвычнага чалавека. Агромністая прастора. Пад нагамі — шэрая, расколатая трэшчынамі, бялесая пляцоўка, якая блішчыць пад сонцам, нібы адпаліраваная. І так намнога вёрст наперад.

Гэта — такыр, — паказваючы навокал, растлумачыў Нігмат. — А гэта — барханы, — ён яшчэ раз паказаў на вялізныя і трохі меншыя кучы пяску, што былі параскіданы аж да самага краю пустыні, што ляжала перад імі.

— Захавай мяне Пярун, гэта — нібы блін. Што ж тут — ні ўзвышша, ні даліны, толькі вось гэта пад нагамі? — паказаў уніз Алекса.

— Так, колькі будзем ісці — толькі пустыня. Але чым далей, тым страшнейшая яна. Добра, што мы пачалі свой шлях цяпер, ранняй вясной, таму тут няма такой гарачыні. Бачыш, вунь саксаулы — яны нам дадуць паліва для кастра, каб абагрэцца. Чалавек жыве і тут. Ён, чалавек, усюды жыве, — па-філасофску заключыў Нігмат.

За імі заставалася мора — яно было непрыветным, на сініх хвалях пеніліся грабянцы, белыя і зеленаватыя. Глуха шумела навокал, цёрся пясок аб гліняную пляцоўку, і Алекса зразумеў, чаму тутэйшая зямля такая адпаліраваная. Дзе-нідзе блішчалі круглыя ямінкі — там таксама яшчэ была вада. Мусіць, і яна была такой жа горкай, непрыдатнай для піцця, як і вада гэтага непрыветнага мора — Алексу ўвесь час здавалася, што зараз яно нагоніць іх і з ровам абрушыцца, праглыне навекі. Але яны з Нігматам ішлі і ішлі па пустэльнай зямлі, па якой слізгацелі ногі, а мора заставалася ў берагах, толькі шум яго рабіўся цішэйшым, і ўжо не пагроза чулася ў ім, а нейкая скарга, як у звера, якога заключылі ў вялізную клетку…

Усё з большай цікавасцю Алекса глядзеў навокал.

Незвычайна празрыстым, нейкім нібы светланосным было дзівоснае паветра, і ад гэтага ўсё нібыта ціха свяцілася — зямля, расліны. Вось збоку паказаўся будынак — чатыры калоны адзінока абкружалі правалены купал. На сцяне асляпляльна заблішчалі каляровыя пліткі. Калі падышлі бліжэй, Алекса ўбачыў — гэта ўзоры. Прыхаматлівыя, яны нібы луналі ў паветры. Было асабліва журботна, што гэтая прыгажосць жыве толькі для яшчарак і змей, якія з шолахам папаўзлі прэч, калі хлопцы зайшлі ў разваліны, каб трохі адпачыць.