Выбрать главу

Ноч ішла, а Алекса ўсё паліў касцярок, і, мабыць, усе сухія быліны вакол былі спаленыя, таму што шукаць быльнёг і тонкія галінкі ўначы рабілася ўсё цяжэй. І толькі калі трохі пабялела неба на ўсходзе, да Алексы данёсся слабы крык:

— Эй-вай!

Падалося ці сапраўды нехта крычаў? Алекса ўскочыў, загалёкаў што было моцы. Крык праз нейкі час вярнуўся, а пасля наблізіўся. З-за бархана выступіла нейчая постаць, і гэта быў Нігмат, ягоны голас быў радасны і адначасна стомлены.

— Э-гей-а-а!

Алекса, забыўшыся на ўсё, кінуўся насустрач яму:

— Братка, братка ты мой!

Ён абхапіў Нігмата за плечы, трос іх з усяе сілы, і слёзы каціліся па твары, падалі на грудзі, на плечы Нігмата.

— Знайшоўся!

Ён гаварыў па-свойму, але Нігмат разумеў яго, і ён таксама абхапіў Алексу за плечы, а пасля сказаў са сваёй заўсёднай усмешкай:

— Піць дай, а то прапаў зусім Нігмат!

Яны пайшлі да вогнішча, і там Нігмат перш за ўсё загасіў кволенькі агеньчык, памацаў кумган.

— Гарачы!

Ён хлябтаў чай прагнымі, вялікімі глыткамі, пасля спыніўся:

— Калодзеж не хутка, берагчы трэба!

Беражна заткнуў драўлянай пробкай карчагу, дзе яны захоўвалі ваду, падняў на плечы мяшок.

— Айда, пакуль можна! Саратан пачынаецца, саратан! Трэба прайсці да якога селішча, там пажывём да восені.

— Саратан?

Алекса прагна лавіў незнаёмае слова.

— Пайшлі, у дарозе раскажу.

Неба святлела імкліва, і ўжо адчувалася гарачыня, якой напоўніцца дзень. Сапраўды, ісці было ўсё цяжэй, і, відаць, блізка ён быў, гэты саратан, які спальвае расліны і дрэвы, вогненным акіянам абрушваецца на зямлю. Гора чалавеку, які не можа напаіць свой ураджай! Сонца расплавіць усё жывое, што не абараняе вада, таму так дорага каштуе яна ў гэтых мясцінах. Але сонца хітрае, яно выпальвае нават ваду, пакідаючы ў ёй соль, і тады зямля засольваецца, яна робіцца белаю, і жыццё пакідае яе. Каб вярнуць такую зямлю да жыцця, трэба вада — ёю прамываюць засолены ўчастак, ён зноў набірае сілу і можа нараджаць расліны. Тут жа, у пустыні, дзе вады няма, няма і сапраўднага жыцця. Праўда, калісьці вада тут была, пра гэта сведчаць старадаўнія крэпасці і гарады. Вада прыходзіла да іх па каналах, якія карміла рака. Але рака капрызная, яна мяняе рэчышча, і даводзіцца пракладваць каналы зноў і зноў…

Яшчэ расказваў Нігмат, як, засцігнуты пясчанай бурай, ён страціў напрамак і, спадзеючыся дабегчы да Алексы, пайшоў у другім кірунку, але, зразумеўшы, што заблудзіўся, хутка спыніўся і чакаў, пакуль можна будзе шукаць дарогу.

Яшчэ дзве ночы ішлі яны, а ўдзень шукалі хаця якога ценю і клаліся спаць, разганяючы на месцы начлегу ядавітых скарпіёнаў і змей, капаючы пад чэзлым дрэўцам яміну і зацяняючы яе ўсім, што было ў іх, — дыванком, чатырохкутнікамі мяшкоў, абвешваючыся з усіх бакоў і палкамі замацоўваючы свае няхітрыя нажыткі, каб не сарваў іх нечаканы віхор. Клаліся спаць проста на зямлю, у цёплы яшчэ з начы пясок, а вакол Нігмат абавязкова сцяліў валасяны аркан, сплецены ім па дарозе з астаткаў вярблюджых і конскіх валасоў, які час ад часу, зачапіўшыся за быльнёг, калыхаўся па ўзбочынах.

— Простую вяроўку змяя ці скарпіён перапаўзе, — тлумачыў ён, — а волас жорсткі, яна пачне паўзці, паколецца — і назад!

З кожным днём як бы выгарала пустыня, і аднойчы днём, калі яны, захіліўшыся ад сонца, моўчкі сядзелі ў лагчыне, Нігмат паказаў рукою:

— Каракурт!

Алекса глянуў на зямлю, але не ўбачыў нічога.

— Вось жа! Павуцінне!

Сапраўды, у цяністай мышынай норцы ледзь чутна ўздрыгвала пругкае павуцінне. Яркая стракатая муха, пралятаючы міма, зачапіла нітку павуціны. Імгненна з глыбіні норкі выкаціўся чорны аксамітавы шарык. Павук тузануў за павуцінне — муха забілася ў ім, ірванула крыльцамі, але ў гэты момант яе абляпіла кропелька празрыстай, ліпкай вадкасці. Павук, абрываючы адны ніткі і падцягваючы другія, хутка завалок муху ў глыбіню логава.

— Сцеражыся! — паказаў Нігмат. — Укусіць, і твой Пярун не ўратуе цябе ад смерці!

— Можа, твой Магамет уратуе цябе?

Нігмат ускочыў, ноздры яго раздзьмуліся, дыханне стала хуткім і цяжкім.

— Калі скажаш яшчэ слова пра прарока — зарэжу!

Алекса ўскочыў таксама, вочы яго загарэліся гневам.