Праз дзень, убачыўшы зноў здалёку жытло, яны пайшлі да яго і набрылі на невялікі караван-сарай. Ляпёшак у мяшку ўжо не было, не было і вады. Заставалася альбо памерці з голаду, альбо паспрабаваць набраць хаця б вады. Вада ў караван-сараі таксама каштавала грошы, але што было рабіць? Будзе дзень — будзе хлеб.
…Над высокім вузкім уваходам караван-сарая, зробленага з жаўтаватага каменю, высечаны фігуры ільвоў — Алекса ўжо не раз бачыў такіх звяроў на манетах і на фрэсках старых вежаў. Яны ўвайшлі ў двор, чыста вымецены. Барадаты мужчына ў калматай шапцы і халаце, падперазаным чырвонай хусткай, паспешліва вылецеў насустрач, але, разгледзеўшы іх, запаволіў крок і незадаволена нахмурыўся. Мабыць, ён чакаў багатых гасцей, і гэтыя два маладыя абадранцы навялі яго на думку, што яны прыйшлі прасіць ежы і вады, а тут, у пустыні, і тое і другое каштуе нямала. Але не падаць жабраку хаця б кавалак ляпёшкі — будзеш абняслаўлены на ўсёй караваннай дарозе, і імя тваё стануць успамінаць з насмешкай.
Маленькая працёртая манетка на далоні Нігмата трохі супакоіла гаспадара. Ён узяў яе, падкінуў на далоні, нешта крыкнуў гартанным голасам, і адразу ж у дзвярах з’явіўся худзенькі хлопчык.
— Ён дасць нам піць? — шэптам запытаў Алекса.
Нігмат кіўнуў, і яны следам за хлопчыкам адправіліся ў кут караван-сарая. Там, за агароджай-дувалам, стаялі вярблюды, былі нават два кані, што смачна хрумсталі аўсом. Хлопчык падвёў іх да вялікай, зробленай з апаленай гліны, яміны, накрытай цяжкай глінянай плітой. У яміну, з другога боку, уваходзіў тонкі жолаб з гліны, які ішоў аднекуль зверху. Хлопчык па прыступках палез у яміну, дастаў адтуль вялікую гліняную біклагу вады, падаў падарожнікам. Пасля ўзяў у іх кумган і сасуды, таксама напоўніў усё гэта вадой. Нігмат і Алекса прагна выпілі вады, пасля Нігмат нешта сказаў хлопчыку, той азірнуўся па баках, спачатку адмоўна пахітаў галавой, а пасля зноў палез у яміну і напоўніў іх пустыя ўжо біклагі.
— Я сказаў, што ў нас болей няма грошай. Але я прадкажу ягоны лёс, калі ён дасць нам трохі вады, — растлумачыў Нігмат.
Амаль у той жа момант з’явіўся гаспадар, ён падазрона паглядзеў на іх і прыдзірліва пачаў пазіраць, як закрывае хлопчык цяжкай крышкай каштоўную ёмкасць. У руках гаспадара былі дзве ляпёшкі. Свежыя, белыя, трохі пакрытыя макам, яны падаліся Алексу нейкім выратаваннем. Яму захацелася выхапіць іх з рук гаспадара, уплішчыцца ў цёплую белую мякаць зубамі і есці, есці… Але ён стрымаўся, асцярожна прыняў ляпёшкі і следам за хлопчыкам пайшоў у маленькі пакойчык — худжар.
Яны добра выспаліся і адпачылі на тонкай высцеганай падсцілцы. Калі Алекса прачнуўся, Нігмата не было. Не было яго і на двары. Алекса падышоў да жалабка, які зацікавіў яго раней, і ўважліва разгледзеў, адкуль жа цячэ вада. Жалабок вёў да вялікай роўнай глінянай пляцоўкі, дзе, відаць, збіралася дажджавая вада ці раса, што пасля сцякала ў ёмкасці ўнізе. «Проста і разумна», — падумаў ён. Цікава, што чалавечы розум заўсёды прыстасуецца для сваіх патрэб. Зверху, з лесвіцы, ён убачыў нечаканую карціну: на драўляным узвышшы-супе, падкурчыўшы ногі, сядзеў Нігмат, вакол яго стаялі кубкі, кумганы, блюды. Спусціўшыся, ён застаў сябра заклапочаным: Нігмат асцярожна трымаў чашу з тонкай белай гліны з чырвонай палівай, разглядаючы яе.
Аказалася, Нігмат склеіў амаль нябачна для пастаронняга вока любімую чашу гаспадара. Чаша каштавала вялікія грошы і належала яшчэ дзеду, а таму ўдзячны гаспадар прапанаваў Нігмату застацца тут, пакуль спёка затрымлівае падарожных, каб заадно пачыніць увесь посуд, які залежаўся ў кладоўцы за многа гадоў, але не выкідаўся, таму што посуд гэты — каштоўны, з яго пілі толькі багатыя госці. У чашы была адарваная ручка. Нігмат глядзеў на яе.
— І ты гэта зробіш? са здзіўленнем запытаўся Алекса. — Але як?
— Пры дапамозе Алаха і вось гэтага, — Нігмат паказаў на вузельчык. Я заўсёды нашу яго на грудзях, як абярог-талісман, бо парашок гэты — сакрэт нашай сям’і Можа, ім валодаюць майстры Чына, завоблачнай краіны, але ў нашых землях я нідзе не сустракаў чалавека, які мог бы так аднавіць парцэлянавы посуд.
— А калі б хто выкраў гэты парашок?
— Нічога не будзе, — весела рассмяяўся Нігмат. — Трэба яшчэ ведаць сакрэт, як і колькі яго класці. І скажу табе яшчэ, як брату — дастаць гарачае малако вярблюдзіцы, а калі няма вярблюдзіцы, проста гарачае малако. Калі-небудзь я пакажу табе сакрэт, але цяпер будзем зарабляць грошы на дарогу. Я ж твой даўжнік!