— А я нічога не ўмею, акрамя таго, што валодаю мячом, доўбняй альбо нажом. Яшчэ ўмею ўпраўляцца з коньмі, магу, калі трэба, рабіць памочнікам каваля, але толькі памочнікам, бо сакрэтаў ягоных таксама не ведаю… — уздыхнуў Алекса.
— Нічога, брат. Я вось не ўмею трымаць меч, бо я ўсяго толькі рамеснік. Калі б быў купцом, то, пэўна, навучыўся б біцца, бо купцы — людзі рызыкоўныя, ім трэба абараняць сваё дабро. А што мне абараняць? На мае інструменты ніхто не паквапіцца, усім будуць патрэбны мае рукі і мая галава.
— А іх што, не трэба абараняць?
— А нашто тады воіны? Кароткі чалавечы век, усяго не зведаеш. Вучыўся б я гуляць з мячом, не навучыўся б іншаму. А цябе я вазьму як падручнага, будзеш паціху насіць мне ваду ды размешваць парашок альбо проста рабіць выгляд, што памагаеш. Наш гаспадар, ён за так нічога не дае. Дык за работу, брат! Нам яшчэ трэба зарабіць трохі грошай да Бухары. Там мае родзічы, яны дапамогуць. А пасля, калі ты знойдзеш сваю прыгажуню, я вярнуся ў Самарканд!
Скончыўся саратан, і ў іх сапраўды былі грошы, каб купіць месца ў караване і сесці на вярблюдаў. Усё ж ехаць лепей, чым цягнуцца пешшу: прайшлі тыдні — і яны дабраліся да Бухары.
Хлопцы ішлі па горадзе, запоўненым крыкамі гандляроў і воклічамі ваданосаў. Алекса азіраўся па баках і адтаго часта спатыкаўся. Вочы яго прагна ўпіваліся ў акружаючае, але зрок ад мностваў уражанняў стамляўся. Мільгацелі гліняныя агароджы з разьбянымі дзвярамі, высокія, на тонкіх драўляных калонах гандлёвыя двары, рынкі, дзе чырванелі, сінелі, стракацелі нябачаныя гародніна і садавіна.
— Маўзалей Самані, — з гонарам паказаў Нігмат на чатырохкутны будынак, багата ўпрыгожаны блакітнымі пліткамі і залатым узорам роспісаў.
Маўзалей ззяў у промнях ранішняга сонца, як дзівосная цацка. Алекса ажно заплюшчыў вочы.
— Маўзалей — гэта што? — запытаўся ён.
— У гэтым маўзалеі пахаваны хан і яго блізкія, — растлумачыў Нігмат.
— Пахаваны? Тут, у палацы? — здзівіўся Алекса. Спыніўся, паглядзеў яшчэ раз на вялізны будынак, уздыхнуў:
— Цяжка яму тут ляжаць. Каменне нябось на грудзі лягло. У нас валатоўкі, курганы. Там нябожчыку лёгка дыхаецца. А то бывае, у нас паляць мёртвага, але ўжо радзей. Апошнім часам болей хаваюць у зямлі.
— У нас таксама паляць. Тыя, хто пакланяецца Агню, але яны — няверныя, такія, як і ты, — сказаў Нігмат. — Я думаю, ты яшчэ ўбачыш сілу Алаха і зразумееш, што твая вера няправільная. Але ты мой пабрацім, і сілай не буду цябе прымушаць, хаця тут, — паглядзеў па баках, — тут мне гэта было б зрабіць лягчэй, чым там, — ён кіўнуў галавой назад.
— Дык ты што… пагражаеш мне? — Алекса натапырыўся, рука яго сціснулася ў кулак.
— Ты мой госць, — ухіліўся ад адказу Нігмат. — Я ж не Айшма, не злыдзень, які крыўдзіць падарожных. Не бойся.
— Я і не баюся, — Алекса расціснуў кулакі, пайшоў далей.
Неўзабаве яны скіраваліся ў ціхую вулачку, дзе моцна запахла кветкамі, яшчэ нечым, падобным да руты. Яны ішлі да бухарскага ўмельца, што калісьці сябраваў з бацькам Нігмата і разам працаваў з ім.
Зеляніна прабівалася на дрэўцах, што выглядалі з-за дворыка, каля невялічкай глінянай сценкі цвілі ружовыя кветкі. Нігмат пастукаў у дзверы.
Яны расчыніліся не адразу — нехта паглядзеў у шчыліну, пасля доўга шаптаўся, і тады Нігмат гучна ўсклікнуў:
— У імя Алаха, ці ёсць тут гаспадар?
Тады дзверы імгненна адчыніліся, і высокі сівы мужчына ў паласатым цёплым халаце і пляскатай вышытай шапачцы на галаве паказаўся ў праёме.
— Я падумаў, што гэта злы дэман Аждарха ператварыўся у сына майго сябра і стаіць на парозе. У імя Алаха вялікага, міласэрнага, скажы — гэта ты, Нігмат?
— Клянуся светлым Алахам і прарокам яго Магаметам, паважаны Атаджан, што я не Аждарха і не іншы дэман, і не дух азаткы, што збівае з дарогі падарожных. Вялікая і незвычайная гісторыя здарылася са мной, і яна сапраўды можа служыць прытчай, якую запісваюць для сыноў і ўнукаў! — склаўшы рукі на грудзях, загаварыў Нігмат. — Мы з сябрам ідзём з вялікай і цяжкай дарогі, на якой пакуль дапамагае лёс. Дапамажыце і вы, бацька, іначай самыя апошнія крокі да дому стануць самымі цяжкімі.
— Уваходзьце! — сказаў гаспадар, і госці ўвайшлі на маленькі дворык, густа засаджаны кветкамі. Невялікая тэраса была ўся, да апошняга кавалка чырванаватага дрэва, упрыгожана разьбой і роспісамі. Алекса загледзеўся на бліжэйшую калону: прыхаматлівыя кветкі нібы абвівалі яе, а чырвоная фарба ўнутры кветак рабіла іх жывымі.