Гаспадар убачыў яго захапленне, але нічога не сказаў, павёў іх далей, у пакой.
Малады хлопец з тазікам руках і даўгагорлым сасудам з вадой узнік на парозе амаль імгненна.
У пакоі была тая ж адмысловая разьба — на дзвярах, на невысокім століку на шырме, што закрывала ўваход у другое памяшканне.
На сценах віселі яркія вышытыя палотны, і сонца па-асабліваму святочна лашчыла ўзоры і пералівы нітаў. Многа цярпення, многа дзён і начэй каштавала некаму гэтая работа, і Алекса падумаў пра дзяўчат — тоненькіх і палахлівых, чые кволыя рукі тварылі дзівы: нібыта ўбачыў сярод іх тую, за якой пайшоў у гэты далёкі, заліты вогненным пякельным сонцам край. Як ёй тут дыхаецца, як жывецца, ці не скалола яна свае амаль празрыстыя, далікатныя пальцы гэтай работай, вышываючы свайму чорнабародаму ўладару такія ж палотны?
— Чойшаб, — паказаў гаспадар на адно з покрываў, што хавала ўваход, прыўзняў яго. У другім пакоі гарой ляжалі ля сцен падушкі, на доўгім, вялікім дыване таксама стаяў маленькі столік. Алекса засаромеўся: відаць, задумаўся, пазіраючы на адмысловую жаночую работу, праявіў залішнюю цікаўнасць. Нігмат, заўважыўшы яго збянтэжанасць, паляпаў яго па плячы, саступіў месца ля таза. Смуглявы хлапец адразу ж стаў паліваць на рукі.
Алекса міжволі скурчыў далоні: рукі былі парэпаныя, з чорнымі шнарамі. Так, не вельмі пачэснага госця прымаў гаспадар Атаджан! Але нядоўга затрымаюцца яны тут. Ды, — тут жа кальнула думка, — могуць застацца і назаўжды. Небяспечная і няправедная, па меркаваннях людзей гэтай зямлі, ягоная справа! Можа, таму і Нігмат нічога не кажа гаспадару пра іх намеры, можа, Алекса сам, без нікога, зробіць тое, для чаго дабіраўся сюды? Калі нават гэта будзе апошнім у жыцці! Пасля ачомаўся. Нельга рашаць з разгону як хочацца, як прагне сэрца. Не, трэба цярпенне і яшчэ раз цярпенне!
Гаспадар запрасіў іх у суседні пакой, і Алекса зноў здзівіўся — на абрусе, пасланым на нізенькім століку, ляжалі мяккія ляпёшкі, на медных падносах чырванелі ўжо знаёмыя плады, сок якіх, кіславаты і вязкі, спатольвае прагу і прымушае кроў хутчэй бегчы па жылах, а таксама лечыць пры паслабленні ўнутры. Здавалася, што і плады гэтыя, і арэхі, і белыя, няроўныя, нібы кавалкі ссохлай мукі, салодкія прысмакі, і кавалкі мяса ўзніклі тут па волі чараўніка, бо не чуваць было ні крокаў, ні руху — нічога, што выдавала б прысутнасць каго іншага.
Яны селі за стол, і да самага вечара Нігмат расказваў гаспадару і двум яго верным сябрам, за якімі было паслана, пра сваё падарожжа. Тыя пілі салодкае, густое, вязкае віно, са смакам елі і з такім жа смакам слухалі, час ад часу ўздымаючы ўверх рукі і цокаючы ў знак вялікага здзіўлення. Алекса заўважыў — дзверы суседняга пакоя былі прыадчынены, і нешта каляровае, з белымі тонкімі павевамі мільгацела там. Аднаго разу ён нават убачыў чорныя, вясёлыя і трохі здзіўленыя дзявочыя вочы і маршчыністую руку, якая адцягвала вінаватую далей ад чужых мужчынскіх позіркаў. Несумненна, жанчыны, якія жылі ў гэтым доме, таксама слухалі прыгоды Нігмата і Алексы, бо аднаго разу, калі хлопец расказваў, як уцякалі ад пракажоных, адтуль данеслася выразнае: «Вай-вай!» Гаспадар павярнуў галаву ў бок воклічу, твар яго нахмурыўся, і ўсё адразу сціхла.
Слухаць тут любілі — даўно сонца страціла сваю сілу і садзілася за вялізнае дрэва на двары, а прысутныя ўсё сядзелі і пыталіся. А хіба полацкі князь не любіў гаворкі з прыезджымі людзьмі, не цікавіўся, як і што адбываецца ў далёкіх краях, не здзіўляўся незнаёмым звычкам і парадкам?
Алекса слухаў аб сваіх прыгодах, але ўласнае, тое, дзеля чаго ён прабраўся сюды, рызыкуючы жыццём, падступала да горла, патрабавала неадкладнасці і яснасці Што з Бярозай, дзе яна? А можа, перавёз яе купец у іншае месца, можа, і ў жывых няма ўжо яе, і, магчыма самога Абдурахманбека?!
Нігмат не сказаў аднаго — што прывяло сюды Алексу. І ніхто не пытаўся пра тое. Захоча госць скажа. Не — такое яго жаданне. І так шмат цікавага расказвае малады майстра Нігмат!
Госці разыходзіліся за поўнач, расчырванелыя ад віна і вясёлыя. Хлопцаў жа адвялі ў пакой, і там, на тоўстых коўдрах, разасланых уздоўж сцяны, Алекса заснуў амаль ужо на досвітку, хаця стомленае цела прасіла сну. Ляжаў, гледзячы на акно, дзе паволі рухаліся зоркі, адкуль дзьмуў цёплы вецярок. Можа, гэты вецер калыша і над Бярозай цяжкія, вышытыя шаўковымі і залатымі нітамі палотны, кранаецца яе вуснаў, варушыць мяккія валасы. Ён ледзь стрымліваўся, каб не падняцца, не выйсці на сонныя вуліцы гэтага вялікага незнаёмага горада з блакітным маўзалеем і глінянымі агароджамі, з ружовымі кветкамі ў дворыках і нямоўклымі рэчачкамі ўздоўж дарог, і не пайсці шукаць двор купца — шукаць па біццю сэрца, па той невядомай сіле, якая штурхае і кліча чалавека туды, куды рвецца яго душа. Ён быў упэўнены, што знайшоў бы той дом. Але розум пярэчыў, і Алекса думаў, што сапраўды нельга рызыкаваць сабою і Нігматам зараз, калі так блізка мэта. Можа, і сапраўды лепей ісці аднаму? Але Нігмат не адпускаў яго. Цяпер ён спаў моцна, часам мармытаў у сне. Нешта цёплае паднялося ў душы Алексы — гэты хлопец таксама хацеў дадому, ён жа дыхаў роднай зямлёй, паветрам! І ўсё ж не пайшоў адразу да сям’і, да братоў і маці, а дапамагае Алексу — дапамагае насуперак усяму, да чаго прывык з дзяцінства…