Выбрать главу

Ён нарэшце заснуў, і Нігмат расштурхаў яго з цяжкасцю.

— Хопіць спаць! — сказаў весела, і чорныя вочы яго смяяліся. — Калі б шах закаханы Меджнун спаў так, як ты, пра яго ніколі б не склалі столькі песень! Магу ўзрадаваць цябе: паважаны Абдурахман тут, у горадзе, і яго любімая жонка Бадзія таксама.

— Бадзія? — няўпэўнена перапытаў Алекса.

— Ну так, яна, твая белавалосая прыгажуня! Пра якую варта было б напісаць цудоўную газель! Але падзішах паэтаў Рудакі даўно памёр, дый мы, нявольнікі Алаха, далёка стаім ад знакамітых людзей, і не пра нас пішуцца бейты і рубаі!

— Хіба ты бачыў Бярозу? — недаверліва запытаўся Алекса, спадылба глянуўшы на Нігмата.

— О не! Чужая жонка — гэта запаветны сад, куды іншым уваход забаронены! Гэта гурыя, да якой можа прабрацца толькі абраннік!

— Калі мы пойдзем туды? — глуха сказаў Алекса, і Нігмат пасур’ёзнеў, адказаў коратка:

— Заўтра на дасвецці. Бадзія любіць гуляць па садзе рана, калі хатнія яшчэ спяць. Убачыць яе можна толькі там, у садзе. Дом купца добра ахоўваюць, і нездарма: склад у яго тут жа, за домам, і кажуць, што ён перапоўнены таварамі!

Алексу здалося, што Нігмат нешта недагаворвае, але не стаў дапытвацца ні пра што: калі трэба, скажа, калі ж не гаворыць, нашто выцягваць душу?

Пасля абеду — смачнай кашы з белых празрыстых зярнятак, як бы напоеных жоўтым духмяным лоем, гаспадар загаварыў з Алексам.

— У цябе сэрца, чуйнае да прыгажосці, — сказаў ён. — Я зразумеў гэта, калі ты глядзеў на разьбу на сценах, калі аглядаў сабаяк і сузанэ. Можа, ты руміец, візантыец, а не мусульманін — што з таго? Калі надумаешся застацца і будзеш шукаць занятак, прыходзь да мяне. Я навучу цябе ажурнай разьбе агароджы — гіанджара, ты навучышся рабіць разьбу багдадзі, іслімі і паргоры — кожная з іх мае свой рытм, малюнак і ўласцівасць. Сам я найболей люблю іслімі — ты бачыш, колькі ў гэтай разьбе кветак і раслін. Але калі табе даспадобы суровасць і строгасць лініі, ты хутка авалодаеш разьбой паргоры.

— Я воін, а не рамеснік! — горача ўсклікнуў Алекса і замоўк — не хацелася пакрыўдзіць гаспадара, а давялося. Але той усміхаўся.

— Хто ведае, якія мы? Што дрэмле там? — ён паказаў на грудзі. Памаўчаў, пасля загаварыў:

— Бывае, што чалавек усё жыццё шукае сябе, а знаходзіць толькі к старасці альбо зусім не знаходзіць. І тады душа яго непрыкаяна бадзяецца па свеце, і ўсюды ёй блага, і ўсюды нешта зганяе яе з месца, альбо, калі належыць яна рабу, то зрушваюцца ў ёй усе аковы, і тады чалавек вар’яцее, злы дух авалодвае ім поўнасцю і зацямняе святло розуму. Ты можаш лічыць сябе кім хочаш, але ў цябе душа чуйная да прыгажосці, і ты — не воін, павер мне, хаця я ўсяго толькі просты разьбяр, які зарабляе хлеб сваім інструментам і трохі душою.

— Я не воін?! — Алекса ажно ўскочыў. — Ды я забіў столькі ворагаў, колькі вы кветак не выразалі на сваіх слупах і сценах!

Нігмат трывожна тузануў яго за рукаў, шапнуў:

— Маўчы!

Сказаў пачціва і цвёрда, як неразумнаму:

— Лепшага майстра, чым Атаджан, няма ў слаўным горадзе Бухары! Але зайздроснікі ганяць яго работу, таму што Атаджан не так нізка згінае спіну перад моцнымі, як таго хацелася б падліпалам.

— Таму што чалавек — не лісіца, што сцелецца па зямлі, зліваючыся з глінай, абы насычаць свае вантробы, — ціха дадаў Атаджан.

— Даруйце яму, мауляна, можа, ён і праўда толькі воін, — дадаў Нігмат. Ён устрывожыўся, час ад часу тузаў Алексу.

Але той не мог супакоіцца:

— Канешне, я воін, і сам князь хваліў мяне і гаварыў, што сэрца яго радуецца, калі бачыць, як я лячу ў бой, абганяючы сталых воінаў, і як ззяе мой меч на сонцы!

— Але не меч прывёў цябе сюды, — ціха сказаў гаспадар, і Алекса ўстрапянуўся, сцярожка глянуў на абодвух.

— Чаму вы так думаеце?

— Таму што я — мастак, многае адчуваю сэрцам, а не розумам. Але ў госця ніколі не пытаюць, што ў яго на душы. Не хочацца казаць, што мучыць і прыгнятае — твая воля. Ды нешта ж гняце вас абодвух.