Выбрать главу

— О дамула, я скажу, і няхай мая галава паслужыць залогам маёй праўдзівасці! — усклікнуў Нігмат. — Я раскажу, чаму стаў дапамагаць чужаземцу, гяуру — нявернаму! Можа, гэта вялікі грэх перад Алахам, але няўжо я павінен быў паступіць іначай?!

І ён расказаў майстру Атаджану пра тое, што прывяло ў гэтую зямлю чужаземца-палачаніна.

Атаджан доўга маўчаў — так доўга, што ў абодвух хлопцаў пахаладзелі сэрцы і трывожна загрукала ў скроні кроў.

— Каран гаворыць, што жанчына створана дзеля таго, каб аблегчыць суровы шлях мужчыны, і не болей таго.

Алекса маўчаў. Маўчанне пагрозліва павісла ў пакоі.

— Ну што ж, я пайду, — сказаў нарэшце Алекса, — Дзякуй гаспадару за дабрыню. Я пайду.

Ён падняўся і пайшоў да выхаду.

— Пастой! — аклікнуў яго гаспадар. — Сядзь! — загадаў ён хлопцу, і той паслухмяна вярнуўся, сеў.

— Я дапамагу табе, таму што ты — мой госць. А галоўнае — я сам перажыў падобнае. Ды калі маю Зулейху аддалі багацею, яна памерла для мяне. Памерла і маё сэрца. Засталася душа. Душа падказвае мне той ці іншы ўзор, бо яна патрабуе нейкага выйсця.

Але магу я дапамагчы нямнога. Памагу коньмі, каб ты мог разам з жанчынай скакаць у пустыню, дзе згубяцца ўсе сляды. Памагу табе прыпасамі і вадою. Можа, ты не загінеш на зваротным шляху. Разам з ёю. Пустыня не для жанчын.

— З ёю не прападу. Нашы дзяўчаты і жанчыны выдубленыя суровымі паўночнымі вятрамі, пра якія вы не ведаеце, іх кроў гарыць на такім марозе, ад якога перацінае дыханне ў самага моцнага мужчыны! — з гарачнасцю ўсклікнуў Алекса. — Мне б толькі вырваць яе адтуль, яна пойдзе за мной хоць у пекла, і калі суджана загінуць, я загіну разам з ёю!

І зноў гаспадар доўга маўчаў. Пасля падняўся, і ў голасе яго прагучала нейкая бы зайздрасць:

— Шлях, па якім ты хочаш прайсці, нагадвае мне шлях ас-сірат-аль-мустакім, дзе крочыць кожны мусульманін у дзень Страшнага Суда, калі анёл смерці Ісрафіл кліча яго. Шырынёй з лязо мяча той шлях, і ўтрымацца на ім можа толькі праведнік. Але лічы, што палову ты ўжо прайшоў, дабраўшыся сюды. Хай паможа табе Джырджыс.

— А вам і жонцы вашай — святы Дауд і Бібі-фаціма, нашы памагатыя! — пакланіўся яму, склаўшы рукі на грудзях, Нігмат.

Пакланіўся гаспадару і Алекса, — нізка, да зямлі, крануўшыся рукой цёплай глінянай падлогі. І таксама сказаў:

— Хай усім нам дапамогуць багі, што адварочваюць ад людзей няшчасці, як бы тых багоў ні клікалі…

Сонца яшчэ не ўставала, але ўсход быў як апаясаны ружовай стужкай зары, і тонка пахла ў паветры вільготнай травой, якая нагадвала пах чабору.

Яны ўтрох ляжалі ў густых зарасніках над самай глінянай агароджай, за якой пачынаўся сад купца Абдурахмана. Трэцім быў чарнаскуры нявольнік, якога звалі Юсуф і які жыў у доме Атаджана. Ён ляжаў спакойна, толькі чатырохвугольныя сківіцы яго ўвесь час варушыліся — ён смактаў насвой, сумесь гашышу і попелу, час ад часу вымаючы яго з табакеркі наскавок, маленькага круглага гарбузіка, афарбаванага чырвонымі колерамі.

Алекса ўжо ведаў, што такое насвой — адна шчопця прымусіла яго пахіснуцца, легчы на цёплую сцяжыну і хвіліну-другую ляжаць, адчуваючы, як адчайна кружыцца галава. Але людзі навокал, відаць, прывыклі да насвою — яго смакталі і клалі пад язык сівыя старцы і нават жанчыны — бачыў ён у доме Атаджана жанчыну, што нагадвала зморшчаны яблык. Ад старасці яна ўжо не насіла на галаве цёмны покрыў і таму хадзіла па доме свабодна, прыбіраючы ў пакоях і трымаючыся з асаблівым гонарам, бо некалі няньчыла бацьку Атаджана, а пасля і самога гаспадара. Яна таксама жавала насвой і прапанавала такі ж наскавок Алексу, але ён спалохана адмовіўся. Цяпер жа, раніцай, лежачы на прахалоднай яшчэ зямлі і адчуваючы, як марозам па скуры прадзірае яго хваляванне, ён думаў, што сягоння ніякі насявой не закружыў бы яму галаву, а можа, трохі супакоіў бы.

Невялікія бойкія птушкі з чорнымі крыльцамі распявалі свае вясёлыя песні, скачучы па агароджы, і хлопец пазайздросціў ім — ускочыць бы, зірнуць, што там, у садзе! Але гліняны дувал быў шчыльным і непадступным, а адзіны выхад быў праз двор, дзе сядзеў нехта з нявольнікаў купца. Прайсці там было немагчыма — на ноч дзверы, падбітыя жалезам, зачыняліся, і па баках гарэла мноства свяцільнікаў. Дый нават калі прабрацца ў пакоі, дзе там шукаць Бярозу? Нігмат, відаць, меў рацыю — толькі тут, у садзе, яна будзе пад наглядам адной-дзвюх служанак, а з імі, жанчынамі, яны справяцца.

Грукнулі дзверы, і ў садзе пачуліся нягучныя жаночыя галасы. Нігмат, прыгнуўшыся, папоўз да дувала, як кошка, лоўка ўскараскаўся на яго ў тым адзіным месцы, дзе малады, ужо зялёны клён мог захіліць нечаканага госця галінамі. Алекса назіраў за ім са здзіўленнем: гнуткая постаць маладога мусульманіна мільганула ў лістоце і знікла, нібы растварыўшыся ў ёй, галінкі былі здрыгануліся, але тут жа ўсё стала такім, як хвіліну назад. Толькі цяпер ён успомніў — на сябру была светла-зялёная кашуля — такая ж, як лісце дуба. Нігмат, відаць, ляжаў на дувале і назіраў. Яшчэ раз пачуўся жаночы смех — і з лістоты высунулася рука Нігмата, павабіла іх, але жэст быў перасцерагальны, і яны з чарнаскурым нявольнікам паволі папаўзлі да сцяны і гэтак жа лоўка ўскараскаліся па ёй. Два канцы вяроўкі ўжо былі спушчаны ўніз, і Алекса зноў здзівіўся — не бачыў ён ніякай вяроўкі ў Нігмата, нічога, здаецца, не было ў таго, апроч вострага нажа з тонкім лязом, схаванага ў скураны футлярчык, упрыгожаны вышыўкай і роспісам — самаркандзец любоўна насіў яго з сабой, — ды мяча ў похвах на баку. Такі ж меч быў і ў яго, разам куплялі іх у лаўцы каля мячэці.