Выбрать главу

— Хустка сумлення ўсё-ткі трохі ахінула яго галаву, — сказаў Нармурад раніцай. — Узяў твайго осліка. Ну а дзінар… Можа, яму і сапраўды надакучыла карміцца сухімі ляпёшкамі і ён хоча хутчэй дайсці да свайго селішча.

— А мы? Мы што, падыхаць з голаду будзем? — гнеўна запытаўся Алекса, гатовы па следзе бегчы за паломнікам, як паляўнічы за зверам, каб бязлітасна адпомсціць яму.

— Ты малады, значыць, заўсёды зможаш паставіць пастку на зайца або адрабіць за хлеб гаспадару. Я ж валодаю лекарскай справай. Значыць, і сапраўды не прападзём з голаду. Яму цяжэй дабываць сабе ежу.

— Я ўжо бачыў, што тут заўсёды падаюць міласціну чалавеку, які хадзіў у Меку, і лічаць яго ледзь не святым! Хай бы пабіраўся. Не прапаў бы!

— Нашага дзінара хопіць яму надоўга. А падаваць тут будуць усё бядней. Чым бліжэй да гор, тым меней у нас мусульман. А многія толькі для выгляду ходзяць як мусульмане, на самай жа справе пакланяюцца Зердушта — Заратуштры і ходзяць да храма Азаргушаспа. Яго некалі заснаваў цар Гушасп, а калі гэта было — пакрылася пылам стагоддзяў. Тут спрэс — вогнепаклоннікі.

— Бацька, вы і праўда верыце ў агонь? Агонь жа — гэта толькі агонь. Яго можа распаліць любы, нават я. Ён магутны, калі яго возьме ў рукі чалавек ці бог — ну скажам, у нас Сварожыч, Ілля-Прарок. Але сам агонь?

— Пра важныя рэчы не гавораць вось так, мімаходзь, — Нармурад падсунуў свайму маладому спадарожніку кавалак чэрствай ляпёшкі. — На вось, еш. Але я скажу табе, што агонь — толькі водбліск святла, толькі частка сілы, якая дала свету паняцце аб дабрыні і праведным жыцці. Усе добрыя справы на зямлі — ад святла Агурамазды, усе цёмныя — ад Арымана, што валадарыць над злымі духамі. Няпраўда, зайздрасць і злосць — стварэнні Арымана, яны ідуць супраць усяго існага, і чалавек павінен сваімі справамі падтрымліваць дабро на зямлі. «Добрыя думкі, добрыя словы, добрыя справы» — бачыш, пра што напамінаюць вось гэтыя тры шнуры на свяшчэнным поясе, якім я заўсёды апаясваюся нябачна для іншых і ён расхінуў халат, паказаў свяшчэнны пояс, надзеты прама на голае цела. — І табе я падару такі пояс, але прыняць яго ты зможаш толькі пасля абраду ачышчэння… Ты еш, еш! — супакоіў ён Алексу

— А вы, бацька?

— Я сёння пагаладаю. Гэта ўмацоўвае думкі і ачышчае цела. Павер, я многае раскажу табе, сын мой. Так, сын, таму што ты ўратаваны мною і мною вернуты да святла, а гэта, бадай, тое ж самае, што і кроўнае сваяцтва. І самае першае, што я хацеў бы перадаць табе, гэта — радасць ад таго, што абкружае нас. Паглядзі навокал, сын мой. Калі ў тваім сэрцы варухнецца нешта светлае, ты гадуй гэтае пачуццё, як кволы парастак, і яно вырасце пасля агромністым дрэвам, пад якім ты заўсёды можаш схаваць сваю душу ад занадта пякучага сонца звычайнасці ці ад смяротнага холаду няўдач. — І стары лекар павёў рукою навокал, нібы не давяраў яшчэ зроку і сэрцу Алексы.

Яны сядзелі на схіле гары, адкуль адкрывалася відовішча, якое і сапраўды нешта варухнула ў скамянелым сэрцы Алексы: блакітныя горы наводдаль нібы плылі ў крыштальна-чыстым паветры, таксама блакітным, але з ружовым водбліскам будучай раніцы. Бялелі спакойныя, недасяжныя вяршыні, нібыта цягнучыся ўвысь, і было відно, што на бліжэйшай гары тоненькімі, як на руцэ чалавека, жылкамі збягалі ўніз бурапенныя ручайкі, і ясна, як павялічаная, была відна зеляніна лесу, што суровай зубчастай сцяною нібы апаясвала гару. Алекса зірнуў вакол — відаць, на той гары раслі такія ж каржакаватыя, падобныя да полацкіх соснаў магутныя дрэвы з пушыстымі мяцёлкамі светла-зялёных іголак. Ён нават адчуў смалісты пах гэтых іголак і шэра-мядзяных ствалоў і нібы заламіла ў зубах ад сцюдзёнага холаду вунь тых крынічак, якія, ён ведаў ужо гэта, не награюцца і ўлетку. Урэшце, відаць, лета тут было суровым, таму што ўнізе было горача, наліваліся ліловай мякаццю вінаграднікі і пышна жаўцелі на невялічкіх палетках агромністыя сакаўныя дыні, а тут, у гарах, ужо было холадна, і Алекса па начах некалькі разоў прачынаўся ад таго, што стары Нармурад беражна накрываў яго ўласным халатам. Пасля Алекса дзівіўся, што ён, малады, вынослівы воін, мерзне, а стары ўжо чалавек спіць на голай зямлі як на печы, хаця не далей як учора бачыў на ўласныя вочы, што тонкая тканіна кашулі на грудзях Нармурада пакрылася далікатным налётам шэрані, а той спаў сабе і нават не кашлянуў раніцай.