Выбрать главу

Няўжо ж такая была для яго абраза — калі хлапечы палец ткнуўся ў яго, каб пераканацца — а ці жывы той змей, ці гэта толькі морак, бо не бывае на Полаччыне такіх вялікіх гадаў? Можа, было наканавана Няжылу пражыць так мала?

Ведаць бы, калі і на чым закончыцца ягонае жыццё. Ды толькі нікому гэтага ведаць не дадзена.

І пад мернае тупаценне асла набрыдалі словы бацькавых казак:

«Даўней людзі ведалі той час, калі да іх смерць прыйдзе, а цяпер ніхто таго не знае, акрамя багоў. А было гэта тады, калі Ілля-Прарок разам з Перуном ішлі па зямельцы. Ажно глядзяць — чалавек плот саломай гародзіць. Задзівіліся Ілля-Прарок і Пярун, пытаюцца, нашто ён так робіць.

— Дык жа памру хутка, — кажа ім той чалавек. — Нашто ж мне высільвацца?

Падумалі-падумалі багі дый рашылі: „Калі ж гэта кожны пачне абы-як рабіць, што будзе? Нядобра гэтак. Хай робіць чалавек не толькі на свой век, а й на чужы, няхай верыць, што жыць яму — вечна. Так яно і пайшло — кожны верыць, што жыць будзе доўга…“»

Кішлак Шырс быў невялічкі, увесь ён як бы прыляпіўся, як і той невядомы Алексу куст з ліловымі ягадамі, на краёчку камяністай выспы і гэтак жа ўрос у яе, асвоіў і абжыў. Спачатку, калі яны нарэшце выехалі з глыбокай, ужо замярцвелай ад холаду цясніны і Нармурад паказаў хлопцу на амаль непрыкметныя дамкі, што рассыпаліся на схіле адной з гор, той адчуў як укол у грудзях — дык вось куды занесла яго, вось дзе пражыве ён наступныя гады, і якімі яны будуць, гэтыя невядомыя для яго гады? Ён глядзеў на хаткі з плоскімі дахамі, з тэрасамі і раптам адчуў, што ногі яго, ужо акрэплыя ад хады і свежага паветра, раптам саслабелі. Няўжо тут край зямлі? Няўжо за гэтымі хаткамі і ёсць тая чорная бездань або сінь-Акіян, пра які расказваюць бывалыя людзі? Чуў не раз Алекса, што зямля пад нагамі — гэта спіна велізарнай кіт-рыбы. Бывае, што стогне і варочаецца той кіт, і тады ляцяць з яго ў бездань ці ў сінь-Акіян цэлыя гарады і паселішчы. Тут, на самым краёчку зямлі, чутно ўжо было аднойчы, як здрыгануўся кіт. Тады зямля захадзіла пад нагамі, а з гор паляцелі агромністыя каменні — яны з Нармурадам ледзь паспелі схавацца ў пячору. Але Нармурад сказаў, што бываюць калыханні зямлі яшчэ мацнейшыя, а на словы Алексы, што гэта кіт-рыба варочаецца, здзівіўся і сказаў што гэта д ябал Ахрыман хоча вырвацца з векавечнай цемры. Вось і паспрабуй разбярыся, дзе праўда'

І можа, суджана яму назаўсёды застацца тут і калісьці разам з гэтымі дамкамі зляцець у бездань. А можа суджана нешта іншае, чаго ён не знае і знаць не хоча? Не хоча, нягледзячы на тое, што душа яго паціху як бы аджывала — зусім патроху, і маладосць, відаць, не хацела мірыцца з тым, што наканавана на гэтым свеце толькі бяда…

Зблізку гліняныя з прывычнымі ўжо для Алексы тоўстымі сценамі дамы не здаваліся такімі маленькімі і ненадзейнымі. А хата Нармурада з плоскім дахам, на якім можна было, як аказалася пасля, спаць і ўлетку, з каменнымі калонамі, што падтрымлівалі дах і ўтваралі за домам як бы крытую тэраску, і ўвогуле здалася Алексу прасторнай — можа, адтаго, што ў пакоях, апроч вялікай скрыні ды нітаў для лыжак і посуду, нічога не было. Не паспелі яны зайсці ў дом, як дворык напоўніўся людзьмі. І па тым, як віталіся немаладыя ўжо людзі з Нармурадам, як пачціва кланяліся яму сталага ўжо веку мужчыны, Алекса зразумеў, што прыход лекара — радасць для жыхароў. У іх адразу ж забралі асла, каб накарміць. У некалькі імгненняў накрылі на падлозе дастархан — чыстую белую тканіну, заставілі глінянымі блюдамі, на якіх ляжалі арэхі, сухі вінаград, сушаныя — відаць, ужо з сёлетняга ўраджаю — дыні і кавуны, а таксама кіслае малако і яшчэ нябачаныя Алексам белыя шарыкі. Калі ж, памыўшыся з дарогі і прайшоўшы ачышчэнне свяшчэнным агнём, спецыяльна прынесеным некалі з далёкага храма ў вялікай глінянай місе, напоўненай аліўкавым маслам, яны селі паабапал стала разам са старэйшымі мужчынамі — маладзейшыя да стала дапушчаны не былі — Алекса пасмакаваў шарыкі і адчуў, што яны салёна-кіслыя.

— Еш! — строга сказаў яму Нармурад, заўважыўшы, што Алекса ледзь не выплюнуў назад і спрабуе неўпрыкмет выкінуць шарык. — Еш, гэта ачышчае кроў і асвяжае з далёкай дарогі.

Хлопец мусіў раскусіць шарык і са здзіўленнем адчуў, што смак трохі знаёмы. Ці не такі ж смак быў у кіслага малака, што падносіла яму маці ў высокім, таксама гліняным глечыку, толькі там і глечык быў іншы, і паліў у яго зусім не падобны да таго, што нанесены на тутэйшыя збаны і чашы? Такія чашы — шырокія, без ручак, якія трымаюць на далонях, Алекса ўжо бачыў, але яшчэ не прызвычаіўся да іх. Ці ж параўнаць іх з кружкай, за якую ўчэпішся ўсімі пальцамі і ўтрымаеш; гэтую кружку падае маці — твар яе заклапочаны, але вось, злавіўшы сынаў позірк, яна ўсміхаецца, і вочы яе святлеюць, наліваюцца шчырасцю і адданасцю…