Чужым, адрачоным позіркам паглядзеў на прысутных Алекса. Хацеў ён падняцца і пайсці прэч ад стала, за якім нясцерпна забалела душа ўспамінам пра родны дом, але стрымаўся — нядобра так будзе.
— Можаш ісці, сынок, — усміхнуўся яму Нармурад, і ўсе старыя, з сівымі бародамі і высокімі белымі, накручанымі вакол галоў цурбанамі паглядзелі на яго. У вачах старых была цікаўнасць, але ж Алекса ведаў ужо мясцовы звычай — ніколі не пытацца першаму ў госця, што да чаго. І нічога не пыталіся ў Нармурада — адкуль і чаму прывёў ён сюды, у далёкі горны кішлак, маладога іншаземца. Алекса адчуў удзячнасць — як жа разумее яго лекар, як без асаблівай цяжкасці чытае самае, здавалася б, патаемнае! Можа, і боль па маці адчуў, бо так ласкава ды спагадна ўсміхнуўся. Але ж нічым не памогуць гэтыя спагада ды дабрыня — толькі трохі дадуць спатолі набалеламу сэрцу… І ён застаўся ля стала. Неўзабаве з двара пацягнула спакуслівым пахам свежых ляпёшак — іх, відаць, пяклі на суседнім двары і хутка прынеслі ў пакой, дзе сядзелі госці.
Алекса еў свежае, з незнаёмым пахам вострых зярнятак печыва, глядзеў на агеньчык, што слаба трапятаўся ў глінянай чашы, асвятляючы яе чырвонымі каснічкамі, уцягваў у сябе водар, што наплываў ад духмяных зёлак, якія па сцяблінцы падкідвала ў чашу маленькая, у дранай кашульцы дзяўчынка. У дзяўчынкі былі вялізныя блакітныя вочы, а валасы белыя, як лён, і Алекса нарэшце загледзеўся на яе — каб не мноства танюткіх, па мышыным хвосціку, косак, яна была б амаль да драбніц падобная да полацкіх дзяўчатак. Адкуль тут, сярод смуглявых, чорнавалосых, з абветранай вятрамі скурай людзей гэтае дзеўчанё? Яно трымалася ўпэўнена, відаць, было, што малой звыкла сядзець у гэтым дамку, хадзіць па глінянай падлозе, шукаць на паліцы зёлкі… Загледзеўшыся на светлы, з бруднаватымі плямамі на ружовых шчоках тварык дзяўчынкі, што так нечакана — у другі раз за сённяшняе сядзенне! — напомніў радзіму, Алекса не пачуў, як яму падалі празрысты жбан з нейкім жаўтаватым пітвом. Ён ачомаўся, азірнуўся — усе мужчыны трымалі ў руках сасуды і глядзелі на яго, нібы чакалі нечага.
— Устань, мой сын, і трошкі папырскай на свяшчэнны агонь з сасуда, — ласкава папрасіў яго Нармурад. — Гэтае пітво з пладоў хаомы, ім робяць ахвяры Агню. Толькі асцярожна, не згасі агню, іначай… ну, не буду цябе палохаць. Зрабі гэта для мяне. Няхай мой дом будзе для цябе светлым!
Алекса ўстаў, падышоў да чорнай паліванай чашы, унутры якой трапятаў агеньчык. Мурзатая дзяўчынка пасунулася, пасля падала яму некалькі галінак — здаецца, такія былі на дрэве, на якім раслі рубінавыя плады з малюсенькімі кіслымі зярняткамі, што знішчалі смагу. Ён узяў пучок галінак, зразумеў — трэба папырскаць іменна гэтым венічкам. Асцярожна памачыў кончыкі галінак, пырснуў на агонь. Той затрапятаў, пасля зноў паспакайнеў, толькі моцным, зноў жа нечаканым, але магутным подыхам стаў разыходзіцца па хаце водар.
— А цяпер — выпі, — пачуў Алекса.
Асцярожна пасмакаваў пітво. Нешта вострае, духмянае, прыемнае. Выпіў. Хмель амаль адразу ж атуманіў голаў, хлопец прысеў, адчуваючы, як паплыло ўсё вакол.
Ён глядзеў, як госці — а засталіся толькі сівыя, барадатыя старцы, — выпіўшы напітку, пасталі перад глінянай чашай і, склаўшы рукі перад сабою, заспявалі песню. Слоў не мог разабраць Алекса, пасля, калі ён шмат разоў чуў маленне Анахіце — вялікай багіні, маці ўсяго існага, ён даведаўся, пра што спявалі. А спявалі старцы старадаўні гімн-заклінанне, прысвечаны багіні жыцця Адвісуры Анахіце:
Яна творыць семя ўсіх мужоў,
Паступова хаома, відаць, аказвала сваё ўздзеянне. Старцы спявалі ўсё грамчэй і грамчэй:
Алекса адчуў, як няўмольны, несціхальны рытм падпарадкоўвае і яго. Цела стала лёгкім, і хочацца вось гэтак жа кружыцца, выкрыкваць незразумелыя словы…