Ды пра гэта чарнарызец не напісаў. Каму цікава пра чорную чадзь ведаць? Каму патрэбна?
Ішлі тыдні, і кожны з іх адкрываў для Алексы нешта новае. Ён навучыўся караскацца па кручах, якія здаваліся зусім непадступнымі, вісець над халоднай і непрыветнай цяснінай, трымаючыся чэпкімі і гнуткімі пальцамі за выступы скалы, а другой рукой зразаючы галінкі кустоўя, якое прасіў яго прынесці Нармурад. Навучыўся знаходзіць у пячорах горны воск, па колькасці і колеры траў, што раслі вакол пячоры, вызначаць, якія хваробы лечыць той воск. Ішлі месяцы, спачатку снежны і галаднаваты дэй, калі завеі глуха выюць цэлымі днямі і замятаюць тэрасу да самых вокнаў, падточваюць агромністыя скалы і дапамагаюць злым духам нізрынуць процьму снегу і камення ўніз, ад чаго па гарах доўга ідуць гул і трасяніна. У такія дні Алекса ўспамінаў, як расказваў яму дзед пра Лядашчыка — злога духа, што насылае на людзей хваробу і псуту. Мусіць, злыя духі тут былі свае, тутэйшыя, бо хвароба ні разу не кранула Алексу, наадварот — ён пачуваў сябе як ніколі добра. Ныла часам рука, адклікалася на змену надвор’я плячо, але затое цяпер ён спаў на падлозе, нячуйны да холаду, і цела яго нібы задубянела, бо колькі разоў выходзіў ён за дровамі для ачага басанож у той час, як пякучы мароз прыганяў да двара нават дзікіх жывёлін. Аднойчы да іх на падворак зайшла аленіха. Пярэдняя нага ў яе была скрываўленая, залаціста-рыжая поўсць на спіне звалялася і вісела збітымі пасмамі, як каўтун. Алекса, убачыўшы яе, страпянуўся — у ім ажыў паляўнічы, але Нармурад, коратка зірнуўшы на яго, падышоў да аленіхі, павёў яе ў зацішнае месца, напаіў, пасля ўмела перавязаў нагу доўгай пасмай кары, змочанай горным воскам.
Аленіха прыжылася ў іх і нават вясной, вярнуўшыся ў нейкія адной ёй вядомыя мясціны, прыходзіла колькі разоў, а зімой не з’явілася — можа, усё-ткі падстрэлілі яе дзе-небудзь у гарах ці сама змаглася, уцякаючы ад леапарда або ваўка.
Месяц спандармузд, адпаведны лютаму, запомніўся Алексу тым, што сеялі тут ячмень. Мабед — жрэц храма агню, якога з вялікай пашанай прывезлі старэйшыны, у каляровай кабе-кашулі, абвязаны свяшчэнным поясам, у лямцавым каўпаку, тройчы абышоў поле, трымаючы чашу з агнём. Рот яго быў завязаны — для таго, каб ніхто не апаганіў сваім нячыстым дыханнем бажаства. Жоўтай кашчавай рукой ён узяў з сявенькі жменю зерня, і Алекса задзівіўся — столькі пяшчотнай ласкі было ў гэтай руцэ, нібы хацеў стары перадаць зярнятам сваю надзею, хацеў даць ім сілы вырасці на гэтай камяністай, няласкавай зямлі.
Алекса напярэдадні адмовіўся араць кавалачак поля, што належаў ім. _
— Я не смерд, я воін, — сказаў ён Нармураду. — Хочаш, прынясу табе барана ці казла, бо вочы мне яшчэ добра служаць. Але араць зямлю? Я быў княжы збраяносца!
Нармурад задуменна паглядзеў на яго, ды не стаў пярэчыць. Раніцай, яшчэ да прыезду мабеда, ён устаў на досвітку і пайшоў са двара. Алекса прачнуўся разам з ім і ўсё ж упарта ляжаў, стараючыся не дыхаць. Але пасля нешта стала як тачыць яго.
«Нармурад, разумны, спакойны і добры Нармурад, працуе на мяне, а я, здаровы і дужы, ляжу тут! — думаў ён. — Але ж араць зямлю… Гэта прыстойна толькі чорнай чадзі!»
Ён успомніў, што ўжо даўно не каштаваў мяса, і так нясцерпна захацелася дзічыны, смажанай, гарачай з агню, пахуткай! Як слаўна было, калі сам князь, надобрыўшыся, даваў яму са сваіх рук такі велізарны, чырвоны, з пякучай падсмажанай скарынкай кавал! З толькі што забітага і асвежаванага вепрука! Але тут, хаця дзічыны, непалоханай, рознай, мноства — усё для яго забаронена. Не, прынесці сюды забітага звера — значыць абразіць усіх, хто жыве ў гэтым кішлаку і хто прыняў яго гэтак жа ласкава і добра, як і сам Нармурад. Праўда, неяк праз колькі тыдняў пасля прыезду Алекса нечакана пачуў, вяртаючыся з поля, адкуль нёс мяшок з зернем, размову. Гаварылі старыя, што нерухома сядзелі, падкурчыўшы пад сябе ногі, на адкрытай тэрасе-айване: