— Гэты прыезджы… ён усяго толькі гулям, раб, а наш лекар абыходзіцца з ім, як з сынам.
— Яму відней, — сказаў другі голас. — Ды і рабоў у нас няма, яны толькі пры храме. І раб не зробіць тое, што зробіць сын, хай сабе і названы.
Алекса зразумеў іх, хаця гаварылі яны на старадаўняй мове, на якой усе гаварылі тут. Сам ён часам дзівіўся з гэтай сваёй здольнасці разумець другіх і хутка схопліваць тонкасці чужой гаворкі. Але тады нешта як укалола яго, і ён стаў задумвацца — ці не таму назваў яго Нармурад сваім сынам, што адчуў у ім, Алексу, здольнасць падпарадкавацца толькі дабрыні і ласцы, але не сіле? Быў бы тут рабом — уцёк бы праз тыдзень, але лепей, чым тоўстай вяроўкай, прывязаны ўдзячнасцю і павагай. Дык ці не пастка гэта? Ён пільна прыглядаўся да лекара, і часам яго ахопліваў сорам — нічым і ніколі не даў зразумець Нармурад, што ён тут чужак, наадварот, быў ласкавым з ім і добрым, як з сапраўдным сынам. І Алекса не вытрымаў — устаў і пабег на поле, і ўжо разам з гаспадаром яны аралі маленькі кавалачак свайго поля, рыхлячы непадатлівую зямлю нарогам з металічнай акоўкай на вастрыі.
І калі жрэц тройчы абышоў зямлю, сыпануў зернем і спыніўся, гледзячы, каму перадаць сявеньку, Алекса выступіў наперад.
— А цяпер — я.
Жрэц запыніў руку, доўга ўглядаўся ў яго запалымі вачыма, вострымі і цікаўнымі, пасля запытаўся:
— Саклаб?
— Мой сын, — сказаў Нармурад, узяў з рук жраца сявеньку, перадаў яе хлопцу і паўтарыў:
— Сын.
Месяц урдзібіхішт, калі ўжо буяе на палетках зеляніна і белым цветам абсыпаны персікавыя дрэвы, таксама запомніўся Алексу. Тады нечакана захварэла дзяўчынка, тая самая, што падтрымлівала агонь у чашы ў дзень прыезду гаспадара. Яны жыла ў лекара пасля смерці маці, прышлай жанчыны, якая не то ўцякла ад гаспадара, не то сам ён адпусціў яе перад смерцю дадому. Жанчына прабіралася на радзіму, у далёкі Іран і, трацячы апошнія сілы, яшчэ прыплялася да парога Нармурада, дзе і памерла. Цела яе двое ўдзячных лекару людзей аднеслі да дахмы, каменнай вежы ў выглядзе высокай пляцоўкі, куды звычайна клалі трупы, каб раздзяўблі іх драпежныя птушкі, бо нельга атручваць мёртвым целам ні зямлі, ні свяшчэннага агню; дзяўчынка ж засталася ў лекара. Маці клікала дачку Гульнарай, але Нармурад стаў зваць яе Апак — бяляначкай, бо ад самага свайго нараджэння была яна белавалосай і светлай, — такімі бываюць толькі патомкі старадаўніх персаў альбо людзі з чужых, туманных і далёкіх краін, дзе мала сонца, а многа вады. Апак была ціхмянай чатырохгадовай істотай, якая, кавыляючы на кволых яшчэ ножках, старанна рабіла ўсё, аб чым прасіў Нармурад: берагла агонь, мыла чашкі, сцяліла мужчынам падушкі. Калі ж Нармурад ад’язджаў, то за дзяўчынкай прыглядалі суседкі, бралі яе да сябе доўгімі асеннімі начамі, але, падросшы, Апак неахвотна ішла з дому, часцей, захутаўшыся ў дзіравую коўдру, моўчкі сядзела ля ачага і глядзела на цяпельца, на кволыя, а часам магутныя языкі агню. Тут, ля агню, і ўбачыў яе Нармурад, калі разам з Алексам вярнуўся з поля: дзеўчанё ляжала, закаціўшы вочкі, на шчочках яе злавеснымі чырвонымі макамі расцвіла сыпка, лоб пажаўцеў. Яна прыадчыніла засмучаныя вочкі, але не пазнала нікога, толькі жалобна прамармытала нешта на невядомай мове.
— Маці кліча, — змрочна сказаў стары лекар, і сухія, ужо трохі вялыя вусны яго задрыжалі.
Ён узяў дзяўчынку за руку, стаў слухаць пульс, пасля агледзеў яе, прыціскаючыся вухам да крохкай, як у верабейчыка, грудкі, з выпіраючымі пад скурай костачкамі.
— Там, на паліцы, вазьмі джуляб, — сказаў ён.
Алекса ўзяў гліняны слоік з сіропам, звараным з пялёсткаў руж, падаў лекару, а сам памкнуўся прэч з хаты, каб не перашкаджаць. Дасюль ён толькі збіраў лекі для хворых, якія часта прыходзілі да лекара з суседніх, нават далёкіх кішлакоў. Але Нармурад спыніў яго:
— Не, ты пасядзі побач.
Алексу было шкада дзяўчынкі, якая часта нагадвала яму пра радзіму, хлопец ніколі не крыўдзіў яе, быў ласкавы, але яна дзічылася яго, — саромелася, ці што? — і сам ён першы ніколі не загаворваў з ёю, жыў, пакутуючы ад сваіх думак, як не звяртаў бы без патрэбы асаблівую ўвагу на звераня, якое прыжылося ў доме. Ён падышоў, прысеў на кукішкі перад Нармурадам і Апак, якая, глытнуўшы колькі лыжак сіропу, зноў ляжала ўсё такая ж вялая, абыякавая да навакольнага.