— То чаму ж не прадалі іх, калі не думалі выкарыстаць? — наіўна запытаўся Алекса.
— Я не думаў? Думаў! Прачытаю ўсё, казаў сабе, стану разумным, як Рудакі ці Мані, і, хаця не буду так пісаць, як яны, спасцігну, што ж за стварэнне чалавек, што трымае яго на зямлі і куды ён пойдзе пасля смерці. Але… Хацелася жыць, проста жыць. Маладому — дзеля кахання і прыгажунь, стаў старым — захацелася мець здароўе, а дзе ты яго захаваеш, гібеючы над покрывам мудрасці, якое дадзена адкрыць нямногім? Так і пражыў, а прадаваць гэтае…
Ён паказаў на кнігу.
— Не было як. Усё здавалася, што вось пройдзе час зноў збягу ў белы свет. Там спатрэбіцца. Вось толькі сілы набяру. А яе не прыбаўлялася, а рабілася ўсё меней… Чытай, можа, табе давядзецца стаць абраннікам Алаха, бо нездарма стары Нармурад выбраў цябе ў вучні. І не кажы нічога Анаце. Гэта — адзінае, што я змог зберагчы!
— Я… не магу. Гэта каштуе грошы, — прамармытаў Алекса.
— Глупства! Ты і так мне памагаеш…
І ён амаль выпхнуў Алексу з двара, дзе густа раслі райхон і ружы, якія ён беражліва захутваў на зіму.
Нармурад сустракаў яго пасля гасціны не надта прыхільна.
— Стары п’яніца гатовы прапіць увесь свет! — казаў ён. — Мог бы прыносіць людзям столькі карысці, дапамагаць ім. А што атрымалася? Думае толькі пра асалоду!
— Можа, праўда якраз у гэтым? — запытаўся Алекса. — Ну, каб жыць для сябе і асалоду атрымліваць таксама толькі для сябе?
— Калі так, то табе застанецца недаступнай найвялікшая радасць даваць, аддаваць сябе. Вось ты выратаваў Апак, і хіба гэта не дало табе радасці?
— Можа, не так належыць рабіць сапраўднаму мужчыне? Можа, вялікі Пярун, ці, як тут кажуць, Зардушт, сам хоча распараджацца сваімі дзецьмі? Мая справа — змагацца. А я стаў падобны да слабой жанчыны і дазволіў дэману шкадавання ўвайсці ў сваю душу. Хіба гэта добра?
— Тое, што ты называеш дэманам — добры дух. Але табе многае яшчэ павінна адкрыцца. Я толькі малю, каб заўсёды гарэла над тваёй галавой зорка Муштарп!
Калі ж Алекса прынёс кнігу, якую даў яму Ашавазда, Нармурад упершыню ўзрадаваўся:
— Хай мне даруе вялікі Зардушт, але заўсёды, калі я думаў пра суседа, язык мой рыхтаваўся да брыдкага слова. Цяпер жа я гатовы сказаць, што шчодрасць яго падобная да суседняй гары Тахамтан — гэткая ж магутная. Чытай, мой сын, чытай і думай! Я ўсяго толькі сціплы лекар, мае здольнасці малыя. Але я жыў як мог. Я не рабіў благога, стараўся жыць добрымі думкамі і ўчынкамі. Можа, я траплю зноў на зямлю пасля нараджэння?
Калі не было якой пільнай работы і не трэба было ісці па карэнні і травы альбо даіць казу (пальчыкі Апак былі яшчэ слабыя для такой работы), Алекса садзіўся на невялічкае глінянае ўзвышша — супу і, беражліва разгарнуўшы світак на белым дастархане, як самае каштоўнае з усяго, што меў, асцярожна разбіраў слова за словам, упітваючы ў сябе старадаўнюю мудрасць адышоўшых з зямлі людзей. Многае было ў кнізе яму незразумелым. Тады ён чытаў па многу разоў, пытаючыся пра незнаёмыя словы ў Нармурада, і нават хадзіў некалькі разоў у далёкі кішлак, дзе стары настаўнік перакладаў яму асобныя арабскія словы, але ўсё роўна не мог растлумачыць, што значаць яны, сабраныя ў адным сказе. Даводзілася здагадвацца, доўга ламаць галаву. Гэтую кнігу не вывезці адсюль — такая яна цяжкая. Першы раз, як падумаў пра вываз — злавіў сябе на тым. Значыць, жыве ў ім усё-ткі надзея на вяртанне. Але вярнуцца трэба не воінам — іх многа. Тое, што возьме тут — ведаюць нямногія. Ён вернецца лекарам. Сваім! Не чужаземным. І будзе лячыць усіх. Тады, можа, вылечыць Катуніху. Дапаможа маці і бацьку!
Вельмі хутка Алекса зразумеў, што прачытанае трэба запісваць. Таямнічыя лініі, знойдзеныя даўнімі лекарамі Паднябеснай краіны на чалавечым целе, упраўляючы якімі можна вылечваць хваробы і адганяць злых духаў, патроху рабіліся зразумелымі. Ды зменлівая чалавечая памяць, ці захавае яна праз нейкі час усё гэта? І ён стаў думаць, што і як у Полацаку, пры двары епіскапа і пры манастыры рабілі перапісчыкі. Аднойчы бачыў, зазірнуўшы ўслед за князем, як, схіліўшыся над высокім пастаўцом, рыпеў гусіным пяром стары, з рэдзенькай сівой барадой і выцвілымі вачамі, нямоглы дзядок у высокай шапцы. Вялікая, аблямаваная скурай вокладка кнігі ляжала асобна, пажаўцелыя лісты пергаменту, здаецца, пахлі тлом і пылам. Ён тады здрыгануўся — далоў адсюль, да свежага паветра, да сонца і веснавой травы! Нішто тады не падказала яму, што ён захоча быць некалі на месцы гэтага старога. Што сам будзе пакутліва думаць, з чаго пачынаць. На чым пісаць, чым пісаць? Як зрабіць пяро такім, каб яно магло правесці хаця б нешта падобнае да літары? Ды і забылася тая, даўняя, яшчэ ў кароткі год у школцы пры манастыры засвоеная, а пасля добра забытая навука — выводзіць літары, каб яны былі роўныя, не налазілі адна на адну і нешта гаварылі. Ён ужо спрабаваў пісаць — пакуль што на пяску, на свежай гліне, але літары выходзілі крывыя, а некаторыя зусім непадобныя да знаёмых, нібы рука, звыклая да мяча, ніяк не хацела прывыкаць да пісьма.