Успомніўся Брачыславаў суд у грыдніцы, калі перад братчынай збіраліся на пасад старая чадзь, дваране і людзі меншыя — гараджане, запрошаныя да князя.
У той дзень стаялі перад усімі худы, русавалосы, з шалёнымі блакітнымі вачамі рамеснік і жонка яго — танклявая, пяшчотна-русявая, круглатварая кабета. Стаяла — і не маглі яны, маладыя дружыннікі, адвесці вачэй ад паставы яе, ад белай-белай шыі і вуснаў, што, як вішні, пунсавелі на гэтым спалоханым, але і адчужана-рашучым твары. І казалі муж і жонка рознае:
— А што мне, княжа, твой суд? — страсна гаварыў ён. — Я сам суджу сябе кожны дзень. Не! Кожную ноч. Ці ведаеш ты такія ночы, калі цемра згушчаецца да каменнасці і цела здаецца сасудам зла, выразаным у гэтым каменні, сасудам, які вось-вось зломіцца ад непамернага цяжару, што з усіх бакоў гняце яго? Я суджу сябе за Адамаў грэх, які з мяне зрабіў грэшніка, бо сказана: «Пакінь блізкіх сваіх, ускінь крыж свой і ідзі за мною». А я прыляпіўся душою да яе, доўгавалосай сястры змеевай — і бяссільны перад ёю! Царства духу прамяняў я на зямную ўцеху — але, божа міласэрны, ты бачыш, якія казні егіпецкія я цярплю за яе, блудніцу вавілонскую!
І вочы яе таксама ўспыхнулі і як асвяцілі змрочным святлом жанчыну — танклявую, гнуткую, у скураных лапціках. Здавалася, успыхнулі медныя ўпрыгожанні — колты — на скронях, заіскрыліся ў іх блакітныя каменьчыкі.
— А што мне твой суд, княжа? — сказала і яна. — Я добрая хрысціянка і ў царкву хаджу кожную нядзелю, і ў хаце нашай вісіць абраз старадаўні — цэлы ўраджай лёну аддалі за яго! Але я выплакала сабе вочы, княжа, і каб не баялася загубіць сваю душу і гарэць у пекле, я б атруціла паганым грыбам гэтага чалавека або сама кінулася б у Палату.
Ці я не шкадавала яго? Ці я не гаспадыня ў хаце? Ці палатно маё горшае за чыё ў горадзе?
За што ж блудніцай мяне ганіць? За што рукі мне выкручвае па начах і цела жывога не пакідае? Хай бы ішоў ад мяне і ратаваў сваю душу ў схіме, га? Дзяцей бы сама гадавала і подаць плаціла як за жывога гаспадара. Усё роўна яго няма ў мяне. Усё бегае ў манастыр ды кнігі бажэсцвенныя чытае. Але, відаць, не ратуюць яны ад нячысціка.
Абдыме мяне — а пасля грэх замольвае і іначай, як блудніцай, не заве. За тое блудніца, што цягне яго да мяне і нічога з сабою не зробіць. І вінаваціць, што не даю яму волі, што свет без мяне нямілы.
Дык забі нас за гэта, княжа, забі і вызвалі тым.
А іначай — што мне твой суд?
…Доўга думаў князь, а пасля загадаў, каб епіскап, супраць усіх правіл, разлучыў іх перад богам і заключыў мужчыну ў манастыр — навечна.
— Не мучыць муж і жонка павінны адзін аднаго, а разам жыць, і несці суцяшэнне другім, і моцна трымаць крыж свой…
Незадаволены быў епіскап, а людзі полацкія ўхвалілі рашэнне Брачыслава. І аб’явілі жанчыну як бы ўдавой, толькі не дазволілі ёй другі раз выходзіць замуж.
Не адзін уздыхнуў, калі пайшла яна прэч — лёгка, спружыніста, як расамаха.
А мужчына ўпаў ніцма, дзякуючы князю, і раптам захлынуўся смехам-плачам, і слёзы цяклі па яго худых шчоках…
І, успомніўшы пра гэта, Алекса патроху супакоіўся. Вялікая гэта таямніца, непасцігальная — так гаварылася ў Бібліі. Так і ён зараз мучыцца, думае — але адказу няма і не будзе. Значыць, трэба жыць, жыць, нягледзячы ні на што.
…Ён працаваў з асалодай, са стараннем, каб у цяжкай рабоце забыцца на ўсё, што мучыла і не давала спакою. Нанова абмазаў глінай і ўмацаваў каменнем сцены хаты, здалёку прывалок бярэмя ядлоўцавых карэнняў і адшліфаваў тоўстыя каржакаватыя наросты, каб атрымаліся моцныя парэнчы на тэрасе, пералажыў трысняговы дах, каб халодныя зімовыя вятры не прадзьмувалі жытло, абгарадзіў двор. Камення вакол было дастаткова, а з дрэвам было цяжкавата, сучча даводзілася шукаць у гарах, валачы цяжкія ахапкі. Вельмі дапамагаў асёл — звыклы да крутых сцежак, ён цярпліва тупаў па слізкіх ад халоднага ранішняга туману каменнях, і Алекса толькі здзіўляўся часамі, як можа жывёліна, такая маленькая ў параўнанні з вялізнай ношай, нагружанай на спіну, спакойна ступаць на камень, што, здаецца, вось-вось абрынецца ў бездань і пацягне за сабой? Як адчуваў, ці можна ступіць на той ці іншы валун?