Выбрать главу

— Насіце, ата, гэта я сама пашыла, — сказала яна, пыхнуўшы чарванню шчок, але не апускаючы вачэй.

— Сама? — здзівіўся ён. — Ты ж яшчэ дзіця… і шоўк дзе ўзяла?

— Цётка Ніяза мне аддала. Я пашыла ёй дзесяць коўдраў, і яна прадала іх людзям з ніжняга кішлака.

— Кашулю трэба аддаць бацьку, — памкнуўся да дзвярэй Алекса. Але Апак нечакана схапіла яго за рукаў:

— Не! Ата, насіце вы! Я для вас яе рабіла! А дзеду пашыю яшчэ! Я зараблю!

— Мы і самі заробім, — Алекса паціснуў плячыма, узяў кашулю. Упершыню ён паглядзеў, што ж надзета на самой Апак, і застыдаўся — доўгая некалі кашуля стала старой, кароткай, худзенькія рукі, як палкі, высоўваліся з пералатаных рукавоў, доўгія валасы былі так-сяк зашчэплены грубымі металічнымі ашчэпкамі, босыя ногі патрэскаліся і пагрубелі. І яшчэ ён заўважыў, што сінія вочы дзяўчынкі глядзелі на яго з адданасцю і любасцю.

Скрыпнулі дзверы. Цяжка дыхаючы, увайшоў Нармурад, прысеў да жароўні, у якой тлелі вугельчыкі, стаў грэць рукі.

— Бацька, — звярнуўся да яго Алекса, — паглядзіце, у чым наша Бяляначка ходзіць. Сорамна нам. Мужыкі мы, яе кармільцы.

— І праўда, клопат з ёю. Хутка ўжо трэба глядзець, каго ў жаніхі, — Нармурад глянуў на дзяўчынку, якая хуценька выслізнула за дзверы. — Трэба будзе ехаць уніз, да кішлака Наргыз — там добры купец жыве, купім усё, што трэба. А можа, сам яе возьмеш? Не так многа ў нас грошай, каб ты мог заплаціць калым, за добрую жонку, а дрэнную нашто? А яна, відаць, будзе прыгожаю.

— Яна? У жонкі? — Алекса засмяяўся, сеў ля Нармурада. — Гэта ж зусім кураня. Яна ж мяне бацькам кліча.

— Дзявочы век хуткацечны, — задумліва сказаў Нармурад. — Даўно хацеў сказаць — зажыло ў цябе сэрца. Значыць, трэба заводзіць дзяцей, жонку. Сонца юнацтва згасае, і цені ўсё даўжэйшыя… Так заўсёды, калі бліжэй да вечара…

— Мне яшчэ далёка да вечара! — засмяяўся Алекса, але смутак слізгануў па яго твары. Ён задумаўся.

— Падумай, — казаў далей Нармурад. — Аблокі не плачуць і ружы не цвітуць без кахання. Усё жывое пакідае пасля сябе след. Так было і будзе.

— Кахання… — глуха сказаў Алекса. — А я… Маўчыць у мяне душа. Маўчыць!

— Усё яшчэ прыйдзе, — Нармурад закашляўся, сагнуўся. Ён кашляў доўга, пасля падняўся, выпіў настойку з сямі траў, якую гатаваў сам, не давяраючы таго нават Алексу. — Бачыш, я стары. Вось-вось памру, і душа мая адляціць да Армузда. Як будзеш жыць адзін? А праз два-тры гады Апак трэба выдаваць замуж.

Дзверы ў пакой імкліва расчыніліся. Худзенькая постаць узнікла на парозе.

— Я не пайду замуж! Я буду тут заўсёды! А калі вы знойдзеце мне жаніха, я лепей кінуся з вяршыні!

І гэтак жа імкліва Апак знікла. Нармурад моўчкі грэў рукі каля вуголляў, глядзеў, як попел прабягаў па жарынках.

— Чорная зорка Дзенеб над яе галавой, — сказаў нарэшце. — Можа, і праўда не варта табе прыглядаць гэтую дзяўчынку? Я знайду табе іншую, дапамагу сабраць грошы. Ты і сам цяпер можаш зарабляць іх, — ён ласкава паглядзеў на Алексу. — Я радуюся, гледзячы на цябе, мой сын. Ты стаў лекарам, тваім рукам падуладнае дрэва. Ты чытаеш і валодаеш пяром-каламам, і почырк твой такі, што смела мог бы працаваць нават у Бухары.

Алекса міжволі страпянуўся, але тут жа стрымаў сябе. Бухара… Бібліятэка ў палацы… Многае пра яе чуў, і разбуджаная душа яго хацела — не! прагла ведаў Але для таго, каб мець кнігі, трэба шмат грошай. Адкуль яны ў беднага лекара з кішлака? Людзі, якія прыходзілі лячыцца, прыносілі мёд, горны воск, рыс, часам проста бярэмца дроў ці скуру авечкі. А дырхем, нават самы маленькі, трапляў у дом не часта.

І ўсё ж патроху іх набіралася. Ды затое прыйшла пара паклапаціцца аб дзяўчыне. На пачатку месяца мурдад Алекса пусціўся ў дарогу. Апак стаяла на парозе хмурная: стары Нармурад не адпусціў яе, як ні прасілася. Але варта было Алексу ад’ехаць блізка ад фарсангу, як, выпадкова азірнуўшыся назад, ён заўважыў маленькую фігурку ў доўгай чырвонай кашулі. Вострым зрокам былога паляўнічага і воіна ён разгледзеў — гэта была Апак. Заўважыўшы, што ён спыніўся, яна пабегла, смешна матляючы рукамі. Алекса павярнуў ішака назад, сурова сказаў, наблізіўшыся:

— Ідзі дадому!

Яна толькі пахітала галавой, гледзячы на яго адданымі вачамі. Тады ён схапіў яе за плячо, штурхануў назад. Яна адляцела назад, выцялася аб валун, што зарос дробнымі кветкамі, ды не ўскрыкнула, толькі дзіцячыя яе вусны задрыжалі: