Але нікога і нічога не было заўважна. Цяклі хвіліны, было ціха, і толькі ішак трымцеў усім целам. Кароткі яго стогн прарэзаў быў трывожную цішыню ды тут жа змоўк. Алекса стаміўся чакаць, але ведаў, што недзе там, можа, блізка каля пячоры, цікуе ці ходзіць, падсцерагаючы здабычу, вялікі звер — можа, ірбіс — снежны барс ці пардус — леапард. А можа, гэта тыгр, галодны і няўлоўны, як смерць, падкрадаецца да пячоры, адкуль нясе пахам жывой істоты, чые косці, як ведае ён, так салодка трашчаць на зубах?
Ён падумаў пра тое, што варта было б усё-ткі запаліць вогнішча. Агню баіцца любы звер, у ім таемная сіла, і можа, нездарма ў селішчах вераць у яго, як у бога, як у самога Зардушта? Правая рука трымала кінжал, левай ён абмацаў зямлю. Недзе тут павінен ляжаць хурджун, Алекса ясна помніў, што клаў яго побач. Але торбы не было, і значыць, не было крэменю, які ляжаў там і з якога можна высячы агонь.
Цёмны цень нячутна з’явіўся ля ўвахода, доўгае гнуткае цела выразна было бачна ў чырванаватым святле начы. Алекса пахаладзеў — гэта быў тыгр. Адчуў ураз спацелай спіной холад каменнай сцяны. Растварыцца б у ёй зараз, знікнуць у каменнай тоўшчы, няхай ашуканы звер грозна раве і драпае магутнымі, вострымі, як кінжал, кіпцюрамі непадатлівы граніт! І разам з тым у самай глыбіні ягонай істоты ўспыхнула чырвонае полымя — тое полымя, якое некалі клікала яго на смяротны бой, якое штурхала яго наперад, у гушчу, у змаганне! Мышцы напружыніліся, ён адчуў, як заныла левая рука і балюча тарганулася плячо. Толькі старая рана можа перашкодзіць. Але калі давядзецца паміраць, памрэ так, як належыць воіну — у баі. Ён цікаваў за зверам, адчуваючы ўсім сваім целам кожны асцярожны, бязлітасны крок, каб падсцерагчы яго і не прамарудзіць ніводнага імгнення.
— Ата!
Тонкі жаласлівы енк разарваў цішыню, і ў тое ж імгненне звер скочыў. Але скочыў не да Алексы. Кінуўся ён туды, дзе раздаўся енк, і ў тую ж неверагодна кароткую хвілю Алекса зразумеў, што звер высочваў Апак, што гэта яна слізганула ў пячору, дачакаўшыся, пакуль засне Алекса, гэта яна забрала хурджун. Але не паспеў дадумаць, ірвануўшыся наперад. Ён перахапіў звера яшчэ ў скачку. Кінжал слізгануў па поўсці, але і звер згубіў разбег і цяжка ўпаў на зямлю, і яны пакаціліся па зямлі, звер і чалавек, вяр’яцеючы і не адчуваючы болей нічога, апроч гэтай шалёнай сутычкі, ад якой залежалі цяпер іх жыцці.
Звер вывернуўся, коратка рыкнуў, але Алекса зноў збіў яго. Тонкая смяротная сталь кінжала ўвайшла ў звера, але ў той жа момант хлопец адчуў, як нібыта распаленым жалезам прыпяклі яму грудзі і смярдзючая пашча ледзь не абрушылася на твар. Але ён перахапіў тыгра за горла, і магутныя яго рукі нейкія страшныя імгненні трымалі над сабой гэтае цвёрдае, жывое і гарачае горла. Звер захроп, ірвануўся наперад, але Алекса, ужо трацячы прытомнасць ад яшчэ болей невыноснага болю ў руцэ, крутнуў з усяе сілы гэтае, як жалезнае, горла, і яно аглушальна, як здалося яму, хрумснула разам з рукою, і чырвоныя іскры дажджом абрынуліся на хлопца, згасаючы на ляту і чамусьці адразу робячыся чорнымі…
Ачомаўся ад таго, што кроплі, гарачыя і невыносна цяжкія, падалі яму на грудзі і ад іх рабілася млосна. Расплюшчыў вочы і не адразу ўцяміў, што над ім сядзіць Апак і сінія яе вочы пачырванелі ад слёз.
— Бяроза, — прашаптаў ён, — гэта ты, Бяроза?
— Што ты кажаш? Маўчы, ата! Маўчы!
Ён углядаўся ў дзяўчынку. Паступова погляд яго яснеў, і Апак не разумела, чаму яго рука, ліхаманкава сціснуўшы яе слабую ручку, расціснулася, стала вялай і цяжкай. Адразу ўспомніўшы, што адбылося, ён павёў вачамі па баках. Магутны звер ляжаў непадалёку, цёмна-карычневыя палосы на яго баках пацьмянелі, зрабіліся нежывымі, у ранішнім святле было бачна, як цьмяныя згусткі крыві на ягонай мордзе адлівалі чорным. Алекса ведаў — такія згусткі крыві бываюць, калі пройдуць не адна, а хаця б дзве начы, як звер забіты. Калісьці даводзілася яму двое сутак прабірацца да Полацака, везучы забітых дзікоў і мядзведзяў.