Выбрать главу

Алекса перамог боль, сеў. Пад усмешлівым яго позіркам дзяўчынка спачатку горда выпрасталася, але тут жа чырвань пачала заліваць яе бледныя шчокі, яна сцялася, абхапіла абдзёртыя каленькі тонкімі, у чырвоных пісягах — ад кустоўя — рукамі, хуценька абцягнула на сабе кавалкі кашулі.

Ён збіраўся сказаць нешта ўсмешлівае, суцяшальнае, але такое, каб ніколі гэтае наіўнае дзіця не цешыла сябе дурнымі выдумкамі. Ды падумаў — ці ж трэба яе крыўдзіць? І падумаў яшчэ: яна расце. А я стаміўся ў адзіноце. Сумна ўсміхнуўся: «Яна ж дзіця!»

Першы прамень сонца прабіўся скрозь дзірку ў пячоры, крануўся Апак — і яе светлыя валасы нечакана засвяціліся, заззялі.

Уражаны, Алекса глядзеў на яе. Нешта як заскаміла сэрца, нейкі далёкі, забыты вобраз… Глядзеў на яе, скрозь яе, і раптам убачылася — яны, дружыннікі, стаяць у царкве, ідзе малебен. Князь наперадзе, а прама перад імі, на вялікім абразе — багародзіца. Вялізныя яе вочы глядзяць на натоўп з тугою, і над ёю, вакол яе — залатое, нябеснае ззянне, якое нібы асвятляе твары людзей, што тоўпяцца ўнізе… І ціхія спевы, што ляцяць зверху, і пах ладану, і імгненнае — зусім неўласцівае яму — замілаванне, што раптоўна заскаміла душу… Вось яно, тое пачуццё, вярнулася зараз пры позірку на гэтае дзеўчанё, асветленае сонцам!

А яна чакала ягоных слоў! Усмешка згасла на Алексавым твары. Што гаварыць? І нечакана для сябе адказаў сур’ёзна, так, што яна раптоўна пабялела і глядзела, не адрываючыся, нібыта справа ішла пра жыццё і смерць:

— Ты спачатку падрасці. Пачакай трошкі, чуеш?

Тады яна зусім па-дзіцячы кіўнула галавой, пасля заківала часта-часта.

— Не ашукаеш, не, ата?

— Не ашукаю.

Яна яшчэ крыху паўзіралася ў яго, пасля падскочыла, замітусілася.

— Што ж гэта я? Ты, мусіць, піць хочаш? Я зараз прынясу, ата!

Падскочыўшы, схапіла тыквянку, памчалася па сцяжынцы ўніз. На імгненне спынілася — ён слухаў яе крокі ў ранішняй цішыні гор, — пасля зноў кінулася па ваду.

Алекса адчуў раптоўную стому. Не хацеў — а паабяцаў. Лёс вызначыўся сам сабой. Двойчы тут выратавалі яму жыццё, значыць, гэта знак — заставацца…

У першы ж дзень пасля вяртання яго і Апак да іх у дом зайшоў Ашавазда. Прыйшоў, працягнуў гарляк з віном. Але піць не стаў. Седзячы за дастарханам і абыякава жуючы кішміш, папрасіў Алексу:

— Прыйдзі да мяне. Калі можаш, заўтра ж. Я хачу, каб ты паначаваў у мяне, а можа, нават пажыў колькі дзён.

— А твая жонка Анэта? Аната?

— Яна набрала столькі яду, што не можа вытрымаць яго, і адтаго памірае, — абыякава адказаў Ашавазда.

— Як — памірае? Што з ёю? — прыўзняўся Нармурад.

— Не мітусіся, лекар. Яна на той бок, гэта відно. Смерць трымае яе за крысо, не высільвайся дарэмна! Кожны з нас ідзе сваёй дарогай, кожны застаецца сам-насам са смерцю, а ўсе блізкія не могуць памагчы і на макавае зерне. Дык прыйдзеш, Аль-Іса? Сёння я пакажу табе нешта.

— Ты хочаш усё-ткі навучыць яго піць віно? — дакорліва запытаўся Нармурад, ківаючы сівой барадой з пажаўцелымі пасмамі. Гы, небяспечны вар’ят, прымушаеш людзей паверыць, што, адурманіўшы галаву, знясілеўшы цела, можна ўбачыць бога?

— Я раблю віно толькі для сябе і не прапаную яго нікому, апроч сяброў, — адказаў Ашавазда. — Але калі людзі просяць даць глыток, бо ім пільна хочацца ўбачыць ці адчуць бога, я часам іду на ўступкі. І што ж? Пасля гэтага яны скардзяцца на мяне і гавораць, што я прымушаю іх у нешта верыць? Няхай вераць ва ўсё тое, што дапамагае ім жыць. Не мая справа разбірацца, хто гэта павінен быць — ці Зардушт, ці вось ягоны… — падумаў, — ягоны Пярун, ці Аід, як у вялікага Іскандзёра. Ці нават вось ты для яе, — ён кіўнуў на Апак. — Ты гэтай істоце адзіны свет у акне. І як добра, што цябе любяць, няхай нават гэта будзе такое стварэнне, як дзіця!

Апак ускочыла з дзіравага дыванка, на якім сядзела, разбіваючы гладкім каменем вялікія арэхі, каб падаць іх да стала. Але, пачуўшы ў голасе Ашавазды шчырасць, апусцілася зноў на дыванок і з большай, чым дасюль, стараннасцю, пачала біць па арэху, а белыя, як марскія ракавіны, вушы і шчокі яе паружавелі.

— Не хадзі, — сказаў Нармурад.

— Чаму ты не хочаш, каб Аль-Іса хаця трохі развязаў вузел маіх няшчасцяў, дапамог мне? — спытаўся Ашавазда.

— Якія ў цябе няшчасці? — Нармурад яшчэ болей спахмурнеў, але Ашавазда не звяртаў на гэта асаблівай увагі. Ён устаў, з’едліва прагаварыў:

— Хутка і табе зварочваць абрус жыцця. Скажы, за што столькі гадоў стараўся абыходзіць мой дом?

Нармурад таксама падняўся, худыя ногі яго ў шараварах лімоннага колеру дробна дрыжалі, з-пад чалмы рэдка тапырыліся спацелыя пасмы.