— Што ж, калі ты задаеш пытанне — я скажу. Не любіў цябе, бо ты бясконца шукаў выгады, а таму мяняў веру бацькоў. Зараз набліжаецца страшная бяда — нашы ахвярныя агні вось-вось згасяць мусульмане, наш Зардушт уступае дарогу іхняму Алаху і яго прарокам. Нашы простыя ісціны ўжо не завабліваюць маладых, іх прыцягваюць спакусы мусульманства — многа жанчын, вечная гатоўнасць да вайны і жаданне жорстка і хутка знішчаць жывое ў імя сваіх багоў. І мне ўвесь час здаецца: прыйшлі б сюды мусульмане, была б іхняя ўлада — ты б нанова памяняў сваю веру, зноў стаў бы мусульманінам. А калі б прыйшлі воіны з Чына — ты б стаў канфуцыянцам. Ці не так? А я памру тым, кім нарадзіўся, і мае косці стануць здабычай птушак, а свяшчэнны агонь у маім доме будзе гарэць да смерці.
— А для мяне важная толькі гэтая зямля. Хто будзе правіць ёю, які агонь будзе гарэць у маім ачагу — усё роўна. Пераможцы прыходзяць і адыходзяць, а зямля будзе стаяць вечна. Гэтыя горы не зменяць свае абрысы, будуць тут мусульмане ці зараастрыйцы. І зямля ўсё гэтак жа будзе нараджаць хлеб, абнясе яе агнём мабед ці прачытае над ёю нейкія словы мула. Ёсць сонца, неба і зоры. І чалавек. Астатняе — неістотна, — таксама з запалам адказаў Ашавазда.
— Ты маеш рацыю ў тым, што чалавек — сын неба. Але і зямля… А зямля не ўсюды аднолькавая, не тое што неба. — Нармурад гаварыў хвалюючыся, цяпер ужо дрыжалі і ягоныя рукі з доўгімі тонкімі пальцамі.
Алекса бачыў гэтыя рукі, хаця сядзеў, не паднімаючы галавы.
Але, ужо стоячы ў парозе, прагаварыў Ашавазда іншае:
— Калі ты за зямлю бацькоў — не трымай яго тут, — паказаў на Алексу. — Няхай дабіраецца да свайго краю. Да сваіх русаў, да халоднай зямлі, якую не сагрэе сонца, і дзе плады кіслыя, нібыта налітыя воцатам. Усё роўна яму там будзе лепей. Бо, хаця на ім і няма зунара, ён не стане, ніколі не стане нашым. Хіба з дзяцінства абносіў яго свяшчэнны агонь? Не, іншыя багі кармілі яго, іншыя твары будзе ён помніць. Адпусці яго!
Апак схапіла Ашавазду за крысо халата, закрычала:
— Ідзі прэч ад нашага дома, ты, стары воран! Ён застанецца тут і будзе са мною! Я таксама не вашай крыві, але я пайду за ім куды толькі ні нанясе яго лёс! А найлепш — застануся тут, нават калі прыйдзецца кожны дзень глядзець на цябе!
Ашавазда глянуў скрозь дзяўчынку, ірвануў з яе рук халат, адштурхнуў так, што яна выцялася аб дзверы. І пайшоў прэч, апаліўшы Нармурада зняважлівым позіркам.
— Што ж ты, абаронца дзедавых звычаяў, не навучыў ім чужаземку? Я добры і не скажу пра гэта старэйшым!
Пасля яго адыходу ў доме нейкі час было вельмі ціха. Алекса сядзеў, тупа гледзячы перад сабою. Нешта хрумснула. Ён убачыў, што гліняная піяла ў руцэ раскалолася напалам. Усхліпвала ля парога Апак. Нармурад паклаў у рот шчопцю насвою, твар яго завастрыўся.
— Сцеражыся яго! — сказаў ён нарэшце. — Ён адзін час займаўся чарадзействам. Я чуў: калі ён жыў у румынаў разам з тутэйшым чалавекам ажывіў жалезнага д’ябла. Той хадзіў і нават гаварыў. Калі ж абодвух прысудзілі да кары, уцёк, абярнуўся змеем, а на дыван крыві ўстаў той.
Яшчэ ён спрабаваў лётаць тут, прымацаваўшы сабе агромністыя, як у Ібліса, крылы. Але старэйшыны прыгразілі, што, калі ён не кіне важдацца з д’яблам Арыманам, шаўковая пятля знойдзе яго горла. Ён кінуў чарадзейства, жаніўся. І мо было б ціха, каб не гэтае пітво, пасля якога ён вар яцее. А п’е — не ў меру. Бач ты — смерць ходзіць пад яго дахам! Ты не пойдзеш да яго, так?
Алекса доўга маўчаў. Пасля сказаў, нібы пераадольваючы плынь горнай рэчкі, падбіраючы словы:
— Я пайду, бацька. Пайду, бо прайшоў скрозь вароты смерці. Назад, туды, дзе быў, я вярнуся не скора. І не дзеля таго я тут, каб палохацца і закрываць твар рукамі, калі нешта невядомае зазірае мне ў вочы.
Запанавала маўчанне.
— Так, ты ўжо не юнак, а сапраўдны мужчына, — прашаптаў лекар. — Ну што ж… Калі што — Апак апране па мне сіняе адзенне жалобы, яна заплаціць тым, хто панясе мяне на вежу смерці. А ты рабі як знаеш.
Ён папрасіў, каб Апак прынесла яму падушкі, знясілена паваліўся на іх.
Неўзабаве дыханне яго стала спакайнейшым — ён заснуў. Алекса выйшаў на ганак.
Вечаровая зара — вечарніца — гарэла над выступамі гор. Алекса ведаў: пройдзе ўсяго некалькі імгненняў, і згаснуць алыя і пунсовыя фарбы, неба пацямнее, буйныя зоркі заззяюць над гарамі, над іх маленькім кішлаком. Можа, ад таго, што там, на радзіме, вечарніцы было вальней, прастарней, ён асабліва любіў лавіць кароткія імгненні заходу, і дзень, які канаў на яго вачах, абуджаў у ім няяснае, але тужлівае шкадаванне. Але сёння праз тугу, якая звыкла сціснула сэрца, прабівалася страснае жаданне вечара, ночы, якую ён правядзе ў Ашавазды, чаго б гэта ні каштавала пасля. Мільганула думка ўзяць з сабою нож — хто ведае, якая небяспека чакае яго ў доме, што заўсёды здаваўся ўтульным і гасцінным, але Алекса застыдаўся яе. Ён успомніў паданне пра паўшага анёла Харута, якога саслалі на зямлю і які навучыў людзей чарадзейству. Што, калі Ашавазда і праўда зачаруе яго, ператворыць у нешта агіднае, страшнае? Або і сапраўды адбярэ душу? Але ці ёсць яна ўвогуле, гэтая душа? Ці, можа, людзі становяцца вось гэтымі зоркамі, што ззяюць над імі, як нейчыя вочы? Што, калі людзі становяцца толькі глінай, як напісаў пра гэта паэт, і кожны гляк злеплены з таго, што звалася некалі чалавечым целам і было поўна жаданняў і памкненняў?