Стары Нармурад адносіўся да ўсяго гэтага памкліва. Ні зайздрасць, ні нядобрае пачуццё не азмрочвалі яго твару. Ён неяк незаўважна ператварыўся ў памочніка Алексы, рабіў лекі, паіў хворых. Сам жа Алекса цяпер часцей за ўсё «адкрываў» хваробу, называў яе. «Хвароба бывае рознаю, — казаў некалі яму Нармурад. — Адну відаць па пульсу, па дыханні хворага. Але ёсць хваробы, якія, нібы тонкія іголкі, запаўзаюць унутр, і паспрабуй знайдзі гэтую іголку!»
Алекса шукаў такія вось «іголкі». Жаўтлява-бледны твар, спацелыя рукі і хрыплы кашаль маглі яму гаварыць многае. Але калі чалавека прыносяць на насілках і ён не можа паварухнуць нагой ці рукой, а вочы ў яго ясныя і светлыя — што тады? Як вызначыць таямнічае, што прымушае руку ці нагу варушыцца, дзейнічаць? Як выганяць злога дэмана, што ўсяляецца ў хворага і робіць яго погляд вар’яцкім?
І ўсё ж ён намацваў, вучыўся лавіць той настрой, той стан, пры якім можна было як бы пераўвасабляцца ў чалавека, што ляжаў ці стагнаў перад ім. Тады, робячыся тым чалавекам, амаль беспамылкова адчуваў, дзе ўпілася і не дае жыць тая таямнічая «іголка», дзе пасяліўся злы дэман, што так мучыць жывое, прымушае яго пакутаваць і праклінаць свет. Мабед расказваў у храме:
— Калі чалавек праклінае жыццё, ён тым самым нібы адварочваецца ад светлых сіл, ад Агура-Мазды, і аддае сябе цёмнай, злой сіле. І тады радуюцца АнграМайн’ю і яго шэсць вялікіх дэманаў зла: Андры, Эшма і іншыя.
— Вось таму, вучыў некалі Нармурад, калі мы дапамагаем выбавіцца ад злога духа, мы вяртаем чалавека светлым агурам — духам дабрыні і святла. Вось чаму лекар стаіць на пачэсным месцы пасля жраца-мабеда.
Адолець духаў зла і вылечыць хворага ўдавалася Алексу не заўсёды. Часта ён бачыў на тварах людзей пячатку смерці ды мог толькі палегчыць ім апошнія хвіліны на зямлі. Але і гэтага было дастаткова, каб людзі ўсё часцей успрымалі яго, як аднаго са светлых духаў — ізедаў, што сышлі на зямлю, каб дапамагаць смяротным. Нават Нармурад часам глядзеў на яго са страхам і замілаваннем.
— За што Агура-Мазда выбраў мяне, каб я выратаваў цябе ад смерці? — аднойчы сказаў ён. — Думаецца мне, што я памру лёгка. Чым болей чалавека абцяжарваюць грахі і цёмныя справы, тым цяжэй яму паміраць. А ты мяне выкупіў… Так, выкупіў! — з сілай паўтарыў ён, але пасля закашляўся, доўга не мог супакоіцца.
— Сын мой, — закончыў нарэшце, — я памру шчасліва толькі пасля таго, як аддам табе Апак.
— Яна яшчэ дзіця, — Алекса сказаў гэта няўпэўнена. Сам ён бачыў, што дзяўчынка расцвітала з кожным днём. Так красуецца і нібы спяшаецца расквітнець горная яблынька, якая зачапілася кволым карэннем за зямлю, што набралася за стагоддзі ў шчылінах гор. Сінія вочы яе, здаецца, яшчэ пабольшалі, шчокі наліліся ружовай маладой сілай, і ўся яна пакруглела, паспакайнела і ўжо не бегала па двары, а ішла лёгкай, пругкай паходкай, высока несучы галоўку з вежай залацістых валасоў.
Алекса ведаў, што Апак стане тут некалі за гаспадыню. Ён звыкаўся з гэтай думкай паступова, але, калі звыкся, амаль перастаў думаць пра вяселле. Нікуды нішто не ўцячэ, няхай падрасце Апак, няхай усё будзе так, як ідзе… Усё, што наперадзе, запісана прадвечным каламам-пяром Усявышняга! І гэта турбавала Нармурада, гэта прымусіла яго ў рэшце рэшт загаварыць настойліва, ён цяпер часта сядзеў наверсе, глядзеў праз сваю трубу на неба — выбіраў шчаслівы дзень для вяселля.
Вяселле прызначылі на месяц, калі пышным колерам расцвітаюць у гарах дрэвы і маладая трава набірае сакаўную сілу. Здалёку ў кішлак прыбыў жрэц вышэйшага разраду — дастур, па якога спецыяльна ездзілі ў далёкі храм Міфры па той бок гор. Гэта быў вышэйшы гонар, якога мог дабіцца, на думку жыхароў кішлака, смяротны: дзеля яго прыехаў, нягледзячы на небяспеку, нягледзячы на непрыязнасць мусульман, сам жрэц Ездзягерд! Ездзягерд быў самым вядомым сярод прыхільнікаў Зардушта, шлюб, ім заключаны, павінен быць надзвычай шчаслівым.
Ездзягерд, высокі, велічны стары з маладымі і зоркімі вачыма, спакойна прымаў ахвяры, падарункі шырсаўцаў. Ён сядзеў на тэрасе дома Нармурада, а каля яго ляжаў, пільна назіраючы за ўсім навокал, вялізны калматы сабака, падобны да ваўкадаваў, што вартуюць статкі ў гарах.
Малады прыслужнік старанна заварочваў у тканіну чашы і дыванкі, сюзанэ і гліняныя гарлачы з дымлёнай палівай, адносіў іх у вазок, распісаны зялёнымі і пунсовымі кветкамі.
На вяселле прыйшоў увесь кішлак — нават старыя, якім даўно пераваліла за сотню і якія толькі чакалі свайго суду каля моста Чынвад*, сядзелі ўздоўж дувала, чакаючы, пакуль пачнецца абрад.
Ездзягерд прывёз з сабою свяшчэнны агонь з храма Мітры, і зараз ён палаў пасярэдзіне двара, а мясцовы мабед у святочным уборы мітусліва падліваў свяшчэннага масла ў чашу.