Выбрать главу

Алекса выйшаў з дому, апрануты ў шырокую сарочку і, паверх — у доўгі каптан, тройчы апаясаны свяшчэнным поясам. На галаве ў яго быў капялюш, на нагах — чаравікі з жоўтага саф’яну. Апак была побач з ім — бледнасць яе яшчэ болей падкрэсліваў убор — доўгая каляровая тканіна, абгорнутая вакол цела і чырвоныя кветкі, уплеценыя ў бялявыя валасы.

Ездзягерд, звязаўшы маладым рукі тканым поясам з сімваламі Мітры — воранам, дыскамі сонца і месяца, — павёў іх вакол свяшчэннага агню. Нармурад і хлопчыкі, што тоўпіліся тут, абсыпалі іх зярнятамі проса. Зярняты траплялі ў агонь, успыхвалі, і адразу навокал запахла смажаным зернем, вострым пахам напітку хаомы. Сокам гэтага пітва палівалі свяшчэнны агонь жанчыны, у той час як мабед гучна, трымаючы ў левай руцэ стос гранатавых галінак, чытаў літанію з Зендавесты:

О, няхай заўсёды з вамі будзе свяшчэнная трыяда: Добрыя думкі, добрыя словы, добрыя справы! І няхай пра гэта заўсёды напамінаюць Тры шнуркі з вашага свяшчэннага пояса!

Абрад ужо заканчваўся, як здарылася няшчасце: жменя проса, якую кінулі на жаніха і нявесту, пыхнула ў агні і некалькі зярнят вылецела проста на шаўковы ўбор нявесты. Успыхнула і тканіна, Апак з крыкам прысела, скурчылася, у той час як Алекса, не шкадуючы далоняў, гасіў агеньчыкі, што пабеглі па шоўку колеру апалага лісця.

Натоўп загудзеў, сполах пабег, як вецер. Ездзягерд павёў вачыма — прыслужнік тут жа прынёс новы скрутак шоўку. Дастур узяў за руку спалоханую Апак, далонню падняў яе заліты слязьмі твар:

— Ніхто не ведае волю багоў, дзіця. Адно скажу табе — ты атрымаеш усю долю шчасця, якая табе адпушчана. Усю! І гэта — нямала. Глядзі ў будучае без страху.

Жанчыны тым часам спрытна, падпарадкоўваючыся ціхім знакам прыслужніка, абкруцілі Апак зялёнай тканінай з бліскучымі сярэбранымі ніткамі, абрэзалі і схавалі астаткі. І рытуал працягваўся далей, хаця старыя круцілі галовамі і шапталіся, што ўсё прадвяшчае няшчасце, якое не змог адвесці нават вялікі Ездзягерд… Але ж сапраўды воля багоў вышэйшая за слабыя зямныя помыслы, і, можа, калі Аль-Іса і яго жонка будуць дастаткова старанна служыць Агурамазду, ён і злітуецца над імі…

Адшумела вяселле, згасіў рукавом расшытага золатам халата свяшчэнны агонь з храма Мітры Ездзягерд, адбыў з вялікім гонарам і шанаваннем.

Світала, калі Нармурад павёў маладых у асобны пакой, прыгатаваны старэйшымі жанчынамі. Сціплы пакойчык было не пазнаць: увесь завешаны каляровымі сюзанэ і тканымі дыванамі. На пушыстым дыване, што ляжаў на падлозе, ляжала мноства ватных коўдраў, абцягнутых паласатым курпачытам — покрывам. Коўдра курок-курна была ўзорыстая, разгалінастыя рогі ўпрыгожвалі яе арнаментам, па якім адразу пазнаюць знаўцы, адкуль прывезлі нявесту.

Перадсвітальнае неба было зеленаватым, адзінокая зорка самотна глядзела ў акно. Яна вісела якраз над узгалоўем, і нетутэйшаю выглядала маленькая постаць Апак, што села на ложа. Яна церабіла тканіну на каленьках, нібыта хацела і саромелася зняць з сябе апалены ўбор, паверх якога цьмяна пабліскваў новы.

Алекса чамусьці зноў убачыў маленькую дзяўчынку, якая ў гэтым жа доме ішла насустрач, разгублена ўсміхаючыся і тупаючы кароткімі ножкамі. Цёплае, шчымлівае пачуцце нахлынула на Алексу, яму захацелася ўсцешыць гэтую дзяўчынку, сагрэць яе.

— Ты што, баішся мяне? — запытаўся ён, здымаючы з сябе шапку, расшпільваючы аплік каптана. — Не бойся, маленькая…

— Што? — спачатку не зразумела яна, але па тону адчула, пра што гаворыць муж — зноў на сваёй, чужой для яе мове! — і раптам страсна сціснула кулачкі, затрэсла імі ў паветры:

— О, Аль-Іса! Нават калі заўтра сюды прыйдуць дэвы і забяруць мяне, я ўсё роўна буду шчаслівая, што была з табою! Чуеш! Шчаслівая!

Яна рванулася да яго, упала, абхапіўшы тонкімі рукамі ягоныя калені, валасы таргануліся, рассыпаўшыся з-пад кароткіх шпілек, заказыталі яму ногі. Ён нахіліўся над ёю, і сэрца яго раскрылася для яе, гарачая хваля абдала Алексу. ён абхапіў Апак, падняў, і хваля панесла іх кудысьці далёка-далёка…

На Полаччыне гуляў завеямі люты, вылі ваўкі па лясах, падыходзілі пад хаты, і спалохана мыкалі каровы і рохкалі свінні, чуючы страшную звярыную сілу. Год надарыўся галодны, смерды елі кару, таўклі яе разам з чэзлымі зярнятамі. Замежным купцам затое люба — болей, чым калі, вывезлі ў Готланд, Рыгу і Любек воску, мёду, пушніны. Выграбалі палачане ўсё, што гадамі хавалася на пасаг, збіралася на вяселле ці на спадчыну. У той год адна Рыга вывезла болей за тры тысячы шкляных бранзалетаў, якія так гожа рабілі ў Полацкай зямлі. Затое адтуль ішлі вазы з жытам, і таксама багацелі купцы, утрая даражэй прадаючы хлеб.