— А я… я баюся смерці, — ціха сказала Апак. — Мне хочацца жыць. Хочацца нарадзіць Аль-Ісу многа-многа дзяцей і захіліць іх ад небяспекі. Хочацца лавіць позірк Аль-Ісы, калі ён прачынаецца, і саграваць яго сваім целам у зімовыя вечары, калі згасае жароўня!
— Тваё цела занадта малое для гэткіх вялікіх спраў! — засмяяўся Нармурад, адыходзячы сэрцам пасля размовы.
І сказаў ласкава:
— Ідзі кладзіся спаць. Бачыш, ужо цямнее. Заўтра пабачым Аль-Ісу. Хворы, да якога ён паехаў, паправіцца, я бачу гэта па зернях рысу, на якія ўчора гадаў…
Гулкі тупат перапыніў ягоныя словы. Па вузкай горнай сцяжынцы імчалі коні, і малады, скажоны нянавісцю голас крычаў:
— Брудныя парсы. мы адпомсцім вам за смерць Мураджана!
— Ур-рх! — кліч воінаў паплыў над гарамі, гулка загрымеў у цяснінах. І амаль адразу ж насупраць крайніх дамоў успыхнула полымя, затрашчалі скірды ячменю, што ляжалі ў невялічкай агароджы. Закрычалі, завішчалі на розныя галасы жанчыны і дзеці, пачуўся лязгат мячоў, скрыгатанне конскіх падкоў аб камяністую дарогу.
Нармурад і Апак ведалі — аб гэтым шапталіся людзі, вяртаючыся з паходаў у ніжнія кішлакі, — што новы падзішах ненавідзіць вогнепаклоннікаў-парсаў і пакляўся з коранем вырваць старыя парасткі, якія ўпарта раслі і раслі ў дзяржаве. Даносіліся чуткі, што не так і далёка адсюль у лагчыне Хурабат ужо выразалі цэлае лагавішча парсаў, а галоўнага мага, прывязанага да коней, валаклі па дарозе да таго часу, пакуль ён не ператварыўся ў акрываўлены кавалак мяса. Нібыта там у аднаго з воінаў парсы ўкралі любімага каня. Укралі ці не, але помста была жорсткай — уцалела ўсяго некалькі чалавек. Можа, і праўда, што мусульмане шукаюць прычыны, а калі няма яе — выдумляюць. Не стане ніводзін парс без дай прычыны забіваць чалавека…
Але не было часу думаць ні пра што. Яны абое кінуліся ў дом. А воіны ўжо імчаліся міма. Адзін з іх, прыземісты, з чорнай барадой і раз’ятранымі, амаль белымі вачыма, спыніўся каля дома, з усяе сілы тузануў за металічнае колца ля дзвярэй, і дзверы адразу ж расчыніліся.
Чорнабародыя воіны, у скураных нагрудніках, каляровых шараварах, бразгаючы мячамі і нібы ахутаныя воблакам разгарачанасці, шаленства і беспакаранасці, уварваліся ў пакой, ломячы ўсё на шляху, успорваючы падушкі зрываючы сюзанэ і покрывы.
Яны ні аб чым не пыталіся. Ды і нашто?
Нармурад прыняў смерць моўчкі. Ён толькі паспеў сваім целам закрыць Апак, якая, шалёна крычучы, паспрабавала вырваць меч з рук воіна з белымі вачамі. Першы ўдар прыйшоўся па старым лекару, астатнія — па маладой жанчыне, якая паспела-такі вострымі кіпцюрамі разадраць шчаку воіна і садраць з яго кашулю.
— Дарэмна, — заўважыў нехта з паплечнікаў, гледзячы на распасцёртыя, залітыя крывёй целы, — яе можна было б прадаць, здаецца, яна прыгожая.
— Сапраўды, за яе маглі б даць многа, — са шкадаваннем сказаў і забойца. — Але ж хіба можна нешта разгледзець у такой гарачцы? Затое на ёй дарагія маністы. Прадам іх, і яны акупяць ўсё, што ў гэтым доме.
— А вось кніга!
— О, гэта добра. Кніга напісана па-арабску? За яе можна атрымаць нават некалькі дынараў!
На шчасліўчыка глядзелі з зайздрасцю. Шукалі. Але знайшлі яшчэ некалькі мяхоў з травамі і пергамент з незразумелымі знакамі. Раз’юшаныя, склалі іх пасярэдзіне дома і, адыходзячы, падпалілі.
І нават у шалёным полымі, у трэску і копаці можна было, калі спыніцца, адчуць тонкі і востры пах горнага палыну…
Але і спыняцца, і дыхаць гэтым водарам не было каму…
Алекса вяртаўся дадому на світанку. Ён і сапраўды выратаваў хворага, які трызніў ужо цэлы тыдзень і жыццё якога было блізка да запаветнага моста цераз бездань, што аддзяляе мёртвых ад жывых.
Але Алексу ўдалося падтрымаць кволы агонь жыцця, што ўпарта не хацеў згасаць у магутным целе ганчара, і той нарэшце ачуняў і папрасіў піць.
Плата была шчодрай. Гаспадара шанавалі і любілі ў доме. Алексу нагрузілі ячменем і мукой, уручылі скрутак кітайскага шоўку і духмяныя палачкі з сандалавага дрэва.
Ён ехаў і думаў, як узрадуецца Апак і якую сукенку зробіць сабе з тонкай, амаль празрыстай тканіны, ад якой слаба пахла водарам далёкіх краін.
Ён вёз і падарунак для Нармурада — трохі гашышу, каб мог стары лекар удосталь курыць кальян і аддавацца нязбытным марам, якія так упрыгожваюць жыццё.