— Бацька, ты б падлогу наслаў ці плот новы ўсчаў, — не раз казаў ён, аддаючы старому сярэбраныя і медныя куны, што назапашваў на службе. Шчодры быў княжыч, нічога не шкадаваў для малодшых отракаў; і ўсё аддаваў Алекса ў сям’ю. Але за гэты час амаль нічога не змянілася ў хаце, адно замест жоўтых бычыных пузыроў блішчалі ў вузенькіх акенцах слюдзяныя пласцінкі ды стаяла ля палацяў вялікая распісная скрыня, дзе штогод прыбаўлялася дзявочых убораў, упрыгожванняў ды ручнікоў — што ладзілі сёстры ды куплялі бацькі. Стары Таміла цяпер меўся выдаць дачок не за простых смердаў — як-ніяк, сын отрак у княжацкай дружыне! А сёстры, Радасць і Ручаіна, апошнім часам выцягнуліся, як маладыя гонкія дрэўцы, і, нібы дрэўцы, наліліся сакавітай сілай. «Па чатырнаццаць вёснаў — хаця б не заседзеліся ў дзеўках!» — бедавала маці. «Не заседзяцца! — суцяшаў бацька. — Не знойдзем багатага, знойдзем хоць беднага, свайго. Як ёсць грошы, то і крывую, і сляпую возьмуць. А нашы ж гладкія, што цялушкі, а вачмі ажно стрыгуць. Толькі б на якім ігрышчы не ўмыкнулі куды далёка».
Маці ўздыхала. Яна заўсёды як баялася чаго, нават хадзіла бліжэй да сцяны і рэдка пярэчыла ў чым гаспадару і дзецям. Яна верыла, што дочкам пашчасціць у жыцці — нездарма ж калі гадалі на жыта Радасці, то кінуўся певень не да вады, а да зерня, значыць, будзе ў яе гаспадар добры, не п'яніца. А ў Ручаіны будзе муж багаты, бо, калі гадалі на яе, падышоў певень да залатога пярсцёнка — а як яна баялася, што падыдзе да меднага — к жабраку-мужу было б тое!
Але ў пяты дзень пасля Вялікадня ўдалося Алексу выбрацца дадому з самай раніцы. Прыехалі сваты да Брачыслававай дачкі, і вялікая мітусня ўсчалася ў княжым двары. Старэйшая дружына рыхтавалася да гасціны, але спачатку наладзяць спаборніцтвы — хто лепей валодае лукам і стрэламі, хто дужэйшы з вояў. Хай глядзяць заморскія госці, дзівуюцца, што за асілкі жывуць тут на Полаччыне. Ганьба, ганьба будзе ім, калі не знойдзецца хто падужацца з Гастамыслам, любімым воем Брачыслава! А малодшыя дружыннікі будуць глядзець на ўсё гэта здаля. І таму, сунуўшы старшаму отраку вавёрчыну шкурку, каб не казаў нічога сотніку, падаўся Алекса дадому, дзе малады Ярыла, святкуючы пачатак сяўбы, будзе ездзіць па палях на белым кані і ў белай кашулі. Пазалетась меліся выбраць Ярылам яго сястру, ды пабаяўся Алекса — дазнаюцца ў двары, не пашкадуюць лазін! А хацелася ж Ручаіне адчуць сябе маладой багіняй, што ў вянку з вясенніх палявых кветак, са жменяй жытняга калосся ў руцэ святкуе вясну, прымаючы песні Ярыліны, вянкі і карагоды. Але асуджае царква бесаўскія ігрышчы, блудам называе і карагоды, і частаванне брагаю, і вясёлыя гульні. І ўсё роўна цягне Алексу на Ярыліна свята пад Дзівіну горку, асабліва ў такі дзень, калі маладая нясмелая зеляніна густа апушыла дрэвы, неба сіняе-сіняе і высокае, аж звініць яго крыштальная цвердзь, а вецярок ласкава студзіць твар, разгарачаны чаканнем і хадзьбою! Скінуў Алекса каптан і боты, босы пайшоў па сыраватай яшчэ дарозе — пакуль ніхто не бачыць, хаця трохі адчуць нагамі зямлю. Эх, лапцікі б сюды — мяккія, з лазовай кары, што, здаецца, самі імчаць наперад, ды дзе там — пальцамі пачнуць паказваць людзі: маўляў, дружыннік княжыча, а абуты, як простая чадзь! А боты нешта цеснаватыя сталі, мазолі націраюць, папрасіць жа новыя саромеецца Алекса, а купіць — як да бацькі без кунаў прыйдзеш?
На Дзівінай горцы, рэдка парослай цёмна-зялёнымі хвойкамі, густа, як проса, насыпана народу. Белыя вышываныя сарочкі, порты, вянкі — усё стракатае, каляровае, і ўсё гэта рухаецца вакол нечага, што цяжка Алексу разгледзець здалёку. Але падышоў бліжэй і разгледзеў: стаіць на палянцы белы конь, а побач тонкая дзявочая постаць — відаць, тая, каму выпала сёлета быць за Ярылу, таксама ўся ў белым, а на галаве вяночак з першых вясновых красак. Стаіць дзяўчына, прымерваецца — відаць, нязвыкла ёй з канём упраўляцца, і тады высокі русявы юнак падхапіў яе і мігам пасадзіў на каня. І тут жа зайгралі гуслі, загулі валынкі, і ўслед за белым канём, якога вёў за аброць русявы юнак, усе рушылі вакол гары, — прыпяваючы, хто-ніхто ўжо і скачучы. І Алекса пайшоў за імі — трэба ж паглядзець на Ярылу, разам з усімі павесяліцца ў карагодзе. Дагнаў ён каня, што вёз Ярылу, зірнуў на яе. Беленькая галоўка з распушчанымі валасамі, сінія вочы… Тварык бледны, амаль дзіцячы. Відаць, і пайшоў бы сабе далей Алекса, але азірнулася ў той момант дзяўчына і ўсміхнулася — можа, і не яму зусім, а людзям навакольным. Але ўсмешка як асвятліла яе — бліснулі белыя зубкі, мілым, бездапаможна дзявочым павеяла на хлопца, і ён спыніўся, як ударыла нешта яго ў грудзі, а пасля… пасля ўжо не зводзіў позірку з дзяўчыны, лавіў кожны рух яе, і вянкам, якія кідалі пад ногі беламу каню травы, зайздросціў. А пасля, калі, аб’ехаўшы гару, вярнулася шэсце на старое месца, пад вялізны дуб, і пачала дзяўчына-Ярыла ўсім брагу хмельную падаваць — ён сярод першых праціснуўся да яе, адведаў брагі, але не адчуў смаку. Затое адчуў, беручы чару, дотык тонкіх яе пальцаў — і спалымнеў увесь. Калі адышоўся, хрыплавата запытаўся ў нейкай кабеты: