Выбрать главу

«Адзін з іх сказаў, што, калі Алах уратуе яго, ён ніколі не парушыць посту. Другі — што будзе маліцца, робячы колькі там паклонаў. Трэці — што перастане лгаць.

Калі ж дайшла чарга да Джафара аль-Хульдзі, ён сказаў нечакана для ўсіх, што дае зарок — ніколі не есці мяса слана. Усе здзівіліся, пачуўшы гэта: „Ды дзе ж ты знойдзеш тут слана і чаму іменна яго?“ Але ён не хацеў слухаць угаворы і папрокі ў блюзнерстве і гаварыў сваё. Пазней, успамінаў сам Джафар, ён прызнаўся, што не ведае, чаму яму прыйшла ў галаву такая думка. Але раз прыйшла — ён даў такі зарок, нягледзячы ні на што. І вось, што вы думаеце?..»

Расказчык перапыніўся, абвёў вачыма слухачоў. Алекса бачыў, што нават ганарлівыя старцы слухаюць не дыхаючы і нешта дзіцячае з’явілася ў іх тварах.

— Дык вось, — працягваў расказчык, — на чацвёрты дзень яны, шукаючы што пад’есці, убачылі тоўстае сланяня. Спадарожнікі паэта забілі яго, насмажылі многа мяса і піравалі цэлы вечар. Але як ні клікалі Джафара, ён не падышоў да іх, хаця сам паміраў з голаду.

— Ну? — не вытрымаў малады мужчына ў жоўтай кашулі. Астатнія неадабральна пакасіліся на яго.

«А на другі дзень, калі яны сядзелі, ратуючыся ад гарачыні, з лесу выйшла сланіха. Яна раўла, напаўняючы пустыню крыкамі, і ўсе спадарожнікі Джафара скамянелі ад страху і паваліліся на зямлю, стогнучы і закрываючы сабе вочы.

Сланіха ж, падышоўшы да іх, стала абнюхваць кожнага з галавы да ног, і, прайшоўшыся хобатам па ўсім целе, паднімала нагу і апускала яе на чалавека так, каб раздушыць яго. А пасля ішла да наступнага і таксама забівала яго.

Джафар таксама скамянеў ад страху і ляжаў, клічучы алаха і развітваючыся з жыццём. Але сланіха, падышоўшы, абнюхала яго два ці тры разы, як бы не верачы сабе, а пасля схапіла хобатам і падняла ў паветра».

— Няўжо і яго забіла? — зноў не вытрымаў той жа мужчына, і старэйшыны з дакорам заківалі цурбанамі, азіраючыся на дзёрзкага.

«Не, Джафара яна не забіла, наадварот — паклаўшы яго сабе на спіну, пабегла некуды. Ішлі гадзіны, а яна ўсё то бегла, то ішла. А калі развіднела, асцярожна апусціла Джафара са спіны і знікла. А ён, апамятаўшыся, убачыў сябе на вялікай дарозе і, прайшоўшы трохі, увайшоў у горад. Жыхары дзівіліся, убачыўшы яго там — а ён і сам не разумеў, як трапіў да іх. Пасля дазнаўся, што сланіха зрабіла за ноч вялікі шлях і, уласна кажучы, уратавала яго…»

Ідучы па дарозе, Алекса думаў аб зароку невядомага яму Джафара аль-Хульдзі. Чаму раптам той даў яго? Што і хто падказваў, што тым зарокам уберажэ ён сваё жыццё? Богі? Хто з іх — Алах, вялікі Зардушт ці далёкі адсюль Пярун? І колькі іх, багоў, на свеце? Два, тры? Тысяча? А можа, няма ніводнага, а ёсць толькі вялікая бясконцасць, што акружае іх, і яна мае свае таямніцы і законы? І каму будзе дадзена — з усіх тысяч і тысяч на зямлі — адгадаць іх?

Старой была гэтая караванная дарога з горных раёнаў да Бухары, але ўсё ж убачыў Алекса, што тое-сёе мяняецца. Меней стала паабапал мёртвай зямлі, болей зеляніны, садоў. Новы ўладар ціснуў на дэхкан дадатковымі подацямі, усё болей прымацоўваў да зямлі качэўнікаў, што спрадвеку пасвілі тут свае статкі. Эміру трэба было шмат грошай — на новыя мячэці, што ўслаўлялі яго магутнасці, на войны і на раскошу, якою славіўся двор пры Бухары.

Мала было на дарозе і дэрвішаў — гэтых бадзяжнікаў, якія заўсёды ажыўлялі дарогі сваімі песнямі і чырвонымі плашчамі. Іх таксама прымусілі асесці, заняцца рамёствамі.

Але гліняны домік у засені тутаўніку непадалёк ад гарадка Каравулбазар застаўся такім жа, як і многа гадоў назад, і тая ж, здаецца, смуглявая дзяўчынка ў чырвонай кашулі сядзела перад домам, размаўляючы з калматым сабакам, які ляніва глядзеў на падарожнага і пагрозліва бурчаў.

— Салам! — сказаў ёй Алекса, і дзяўчынка, шырока раскрыўшы свае чорныя вачаняты, таропка прыкрылася рукавом. — Прымай госця!

Яна была зусім не падобная да Аміны, але нешта падышло пад грудзі Алексу, калі ён глядзеў, як дзяўчынка кінулася ў дом, як адтуль выйшла танклявая ў стане, шырокая ў клубах жанчына, пакрытая халатам, як напружана глядзелі на яго яны абедзве, не ведаючы, што нясе з сабою запылены, загарэлы да чарнаты незнаёмец з празрыстымі вачамі. Але ні адна, ні другая не сказалі нічога — чакалі, пакуль загаворыць ён.

— Не, я не запрашаю вас абмываць нябожчыка, — сказаў ён, усміхаючыся. — Я госць твой, Аміна! Хіба не пазнаеш?

Ружовасць наплыла на бледныя шчокі жанчыны, молада ўспыхнулі вочы, яна імгненна пахарашэла, нібыта сама Зухра дакранулася да яе.