Выбрать главу

— Аль-Іса? Вы?

Ён ступіў у гэты дом, чакаючы, хто выйдзе насустрач, але толькі кошка, бліскаючы зеленаватымі вачамі, пырснула ў дзверы ды калматы сабака цікаўна брахаў ля парога, хаваючыся за пракопчаным тандырам.

Трысняговая цыноўка прыемна халадзіла ногі, ляпёшка, што падала на стол пляменніца Аміны, прапахла смакам рачной травой — відаць, у доме не хапала мукі.

Жанчына, гладзячы кашчавай рукой дзяўчынку, расказвала, што нядаўна хвароба, якую занёс у кішлак праезджы бедуін, амаль спустошыла навакольныя дамы. А іх сям’ю — у першую чаргу, бо яны ж абмывальшчыкі трупаў.

«Анёл смерці Азраіл не стамляўся заходзіць у наш дом, — блякла казала Аміна. — Бацька памёр першым, за ім мая старэйшая сястра. Засталіся мы двое — я і вось яна, пляменніца. Так і жывём удваіх…»

— А замужжа, Аміна? — спытаўся ён усхвалявана, таму што страты яе напомнілі ўласнае гора, і вусны яго сціснуліся моцна, як бы трымаючы словы скаргаў.

— Я была замужам, — гэтак жа абыякава сказала Аміна, а дзяўчынка, абвіўшы яе стан, спачувальна пагладзіла жанчыну па шчацэ. — Але Анахіта і Амбар-она адвярнуліся ад мяне, я не змагла нарадзіць дзіця, і муж развёўся са мною, пракляўшы мяне як бясплодную. І цяпер мой дом абыходзяць нават старыя калекі з дрыжачымі рукамі і гнойнымі вачамі, таму што жанчына, лона якой пустое, праклятая Алахам і людзьмі! Можа, і табе не трэба было б пераходзіць парог гэтага дома, Аль-Іса, але ж я ссохла тут без добрага слова, ссохла, як вінаградная лаза, якой не даюць вады! А ты… што прывяло цябе сюды?

Яна падала піялу чаю, але рукі яе дрыжалі, і ён зразумеў, што абыякавы голас хаваў у сабе муку, якая бадай што не меншая за ягонае гора. Але ён адмоўна паківаў галавой:

— Нашто сваімі бедамі перапаўняць чашу тваіх пакут? Раскажу як-небудзь пасля, бо ты дазволіш мне пабыць у тваім доме хаця трошкі?

Яму патрэбны быў дом, дзе можна было б адпачыць, пабыць сярод людзей, чые вочы былі б прыязныя, а словы шчырыя. За час свайго падарожжа ён прывык да свайго гора, прыжыўся з ім і адначасна зразумеў, што гора аддзяляе чалавека ад іншых, што няшчасце мае свой пах і людзі несвядома староняцца такога чалавека, як зачумленага.

Яна ўзрадавалася, і вочы яе сталі зусім маладыя, а ён са шкадаваннем падумаў, як састарыў Аміну час, літасцівы да яго. У валасах яго сівізны куды меней, і больш гнуткая яго постаць, і больш хуткія рукі. А яна ж маладзейшая за яго… маладзейшая… і калі б некалі ён затрымаўся ля гэтага дома… адмовіўся ехаць з Нармурадам, то мог бы быць тут гаспадаром. Хутчэй за ўсё, наўрад ці, — тут жа горка ўсміхнуўся ўспаміну, — мужчыны тут доўга не жывуць — так казала яму некалі старая Пацімат.

Уначы ён доўга не мог заснуць. Як быццам павольна распрамлялася вялізная цеціва, якая штурханула некалі яго, нібы стралу, у далёкі горны кішлак. А цяпер страла вяртала на месца сваё… Што будзе з ім? Што чакае яго далей?

Ён заснуў адразу, а прачнуўся ад таго, што маленькая жорсткая рука пяшчотна гладзіла яго голыя грудзі. Ён схапіў гэтую руку, адразу здагадаўшыся, хто гэта, хаця цемра затапіла, здавалася, усё навокал.

Ад Аміны пахла мускусам — адкуль узяўся ён тут, у беднай хаце? Валасы, днём сабраныя ў вялікі тугі пучок, цяпер былі распушчаныя па плячах, яны казыталі Алексу, і ад іх таксама пахла ружавай вадой. Яна, стоячы на каленях, схілілася яму на грудзі і зашаптала:

— Не адвяргай мяне, Аль-Іса! Падары мне забыццё, пашкадуй!

Ён маўчаў, і яна пачала пацалункамі пакрываць яго рукі, шыю, гладзіць яго ногі. Рукі яе былі гарачыя, яна гладзіла яго і шаптала…

Ён падняўся, адвёў яе рукі:

— Даруй, Аміна… Даруй!

Яна зразумела: імгненне пастаяла, пасля лёгка слізганула прэч. Раздаўся не то стогн, не то плач — і ўсё адразу сціхла, як і не было, як прыснілася ўсё гэта Алексу.

Назаўтра раніцай есці яму прынесла дзяўчынка, пляменніца Аміны. Алекса адчуў сябе ніякавата, моўчкі еў, не паднімаючы вачэй. Каля абеду прыйшла Аміна, рабіла па гаспадарцы, закрыўшыся халатам, не паднімаючы вачэй. І ён вырашыў — заўтра зноў кранецца ў дарогу, не стане мучыць жанчыну сорамам і раскайваннем.

Але назаўтра раніцай за ім прыйшлі. Хлапчук папрасіў, каб дапамог прыезджы лекар — у ягонай гаспадыні баліць галава, другі дзень яна ляжыць нерухома.

Аміна, пабачыўшы хлопчыка, перамянілася ў твары: падышла да Алексы, кранула яго за рукаў:

— Не хадзі, Аль-Іса! Яна — дрэнная жанчына!

Ён здзівіўся, запярэчыў:

— Трэба ёй памагчы, а якая яна — ці важна?

Аміна яшчэ нешта хацела сказаць, але ён не слухаў. Сабраўся, пайшоў за хлопчыкам.

У пакоі, закрытым па сценах каляровымі сюзанэ і тканінамі, на хан-тахце, прыкрытая атласнай коўдрай, ляжала жанчына. Калі зайшлі хлопчык і лекар, яна прыўзнялася, апякла Алексу позіркам вялізных, падведзеных сурмою вачэй, лягла зноў.