Выбрать главу

Нешта было ў ёй кашэчае — у вачах, нерухомых, з вялізнымі зрэнкамі, але адначасна пільных і драпежных, у выгібе шыі, у насцярожанасці. Але пра гэта падумаў Алекса пасля, а напачатку ён пачаў аглядаць жанчыну, узяў яе за руку. І — адразу абдало гарачынёй. Слухаў пульс, а ўласная кроў пабегла шпарчэй, чырвань ударыла ў шчокі. Адняў руку — яна не дала. Утрымала яго, села, расхінуўшы коўдру.

— Так я вас не вылечу, — сказаў Алекса.

— Ты пакрыўдзіў багіню Іштар і багіню Анахіту: адверг жанчыну.

— Адкуль ты ведаеш?

Яна загадкава ўсміхнулася:

— Пабудзь у мяне госцем, я, магчыма, здыму з цябе гэты грэх.

Ён адчуў, як гарачая хваля ахапіла яго ўсяго, супраць волі, затуманіла галаву. Гэта яна, Апак, схапіла яго рукі, абвіла імі яго стан! І ён адчуў круты выгіб бёдраў, усё яе гнуткае, поўнае нецярплівай, звярынай прагі цела, і сам адчуў у сабе звярынае, і, ужо не разважаючы ні аб чым, схапіў яе і, здаецца, адным махам уціснуў у дымную прапітаную чужым жыццём і пахамі коўдру…

Так ён трапіў у дом блудніцы Віспры.

Пацягнуліся дні — доўгія, поўныя гарачай млявасці, таропкіх сарамлівых думак, якія ён адганяў. Затое ночы былі кароткія, імгненныя, яны былі напоўнены вар’яцкім задушлівым забыццём, маланкавымі успышкамі страсці і хцівасці да гэтага нястомнага шалёнага цела.

Віспра амаль не паказвалася яму на вочы днём. Хлопчык-служка прыносіў то блюда з мясам, палітым кіслым вінным воцатам, пасыпаным зелянінай, то лагманную чашу з кіпенем і белымі трубкамі, з крывавымі лустамі гранатаў, то залаціста-жоўтую кавірму-плоў. Ставіў падносы на столік і моўчкі ішоў назад, хітравата бліснуўшы чорнымі вачанятамі. Алекса еў, пасля адпачываў у салодкай дрымоце, затым выходзіў на парог і сядзеў, гледзячы на імклівую ваду. Ён як бы страціў адчуванне часу, толькі з нецярпеннем чакаў ночы, гонячы ад сябе ўсялякія думкі, бо ад думак было балюча і сорамна. У дом Аміны ён не вяртаўся. І дарэмна шаптала яму Віспра аб тым, што ў кожным целе заключана бажэсцвеннае святло, што патаемна расказваюць суфіі — вандроўныя старцы — аб тым, як важна, каб гэтае святло злівалася з другім, бо ад яго нараджаецца новае азарэнне… Ён са страхам усведамляў, што не ведаў дасюль самога сябе, не ведаў пра звера, які жыве ў ім і які магутна — так магутна, што і не справіцца — падняў цяпер галаву. Гэтая жанчына валодала нейкімі путамі, яна разнуздвала горшае ў ім, яна ўмела імгненна скідаць аброць розуму і стрыманасці… І ён паступова пачынаў ненавідзець яе, ненавідзець і жадаць яшчэ болей… Мучыўся гэтым, пакутаваў, але нічога не мог з сабою зрабіць. Не мог прымусіць сябе ўзяцца за нейкую працу, а дом быў добра развалены, як быццам тут па начах бывалі джыны. У дом прыходзілі мужчыны, але служка нешта казаў ім — мусіць, што гаспадыня хворая, і яны знікалі. Бывала, што перад гэтым шпурлялі ў акно каменні.

Ён аддаў ёй усё, што было ў яго. Карміліся на яго грошы. Рынак быў далёка адсюль, у кішлаку па другі бок даліны.

Адтуль прыносілі бараніну, арэхі, міндаль. І Віспра вечарамі прыходзіла да яго ў новай сукенцы — ізары. Ізары ў яе былі крывавага, рубінавага колеру, і ён, варта было яму ўбачыць яе тонкую постаць, адчуваў нястрымную прагу ўдыхаць яе пах, лашчыць жанчыну, падатлівую і нязменна цвёрдую, як дрэва, з якога робяць чарнаскурыя зінджы свае статуэткі.

…У шалёным забыцці праляцела некалькі тыдняў, і ў доме скончыліся грошы.

У той дзень, калі Віспра сказала яму аб гэтым холадна і ўладна, а ён няўцямна глядзеў на яе і балючы сорам ахопліваў яго ўсё мацней, у дзверы пастукаліся. Стары, згорблены мусульманін у паласатай цюбецейцы, з пачарнелымі каранькамі зубоў, з рукамі, што калаціліся нястрымна, як быццам трасучка не давала яму ні хвіліны роздыху, схапіў Алексу за рукаў і прыпаў да яго рукі, цалуючы яе:

— Уратуй майго сына, хабіб! Чорны дух усяліўся ў яго, і кажуць, што ты ўмееш спраўляцца з ім. Хто ні лячыў, не памагае!

— Але я даўно не лячу. Даўно! — разгубіўся Алекса. Сапраўды, за ўсе гэтыя тыдні ён зачыніў свае дзверы ад усіх. Быў толькі з Віспраю, а ўсё, што тварылася навокал, не цікавіла і не хвалявала.

— Ну а зараз можна пачынаць, — уладна сказала жанчына. — У доме няма нават дырхема! — Яна пагардліва тузанула плячом і пайшла ў суседні пакой, звонячы бранзалетамі, а пурпуровы яе ізары пераліваўся, як змяіная скура, і такімі ж чорнымі, жорсткімі (звярынымі — падумаў Алекса) былі яе валасы.

— Адзіны сын! — стары кусаў вусны, глядзеў з мальбою.