І Алекса паехаў на кані, якога прывёў з сабою чалавек, у няблізкі шлях, у асенні, прапахлы вільготнаю глінаю і прэлым лісцем вечар. Азірнуўся з адчаем на дом — там, у адным з вокнаў, утульна гарэла свяцільня, здавалася, адтуль патыхала мускусам і ружовым маслам, якое шчодра расходавала гаспадыня.
У доме не знайшлося нават ляпёшкі, і ў дарозе стары карміў Алексу прыпасамі, узятымі ў дарогу — каўбасою з конскага мяса, сушанымі дынямі, паіў чаем.
Якімі цяжкімі здаваліся Алексу фарсангі, што аддалялі яго ад Віспры! Уначы, калі засыналі коні і, захутаўшыся ў аўчыну, спаў стары Юсуф, Алекса доўга варочаўся на жорсткай кашме, і яму здаваўся агідным пах мокрай поўсці, які ішоў ад кашмы, а напружаны слых, здаецца, адчуваў і шархаценне змяі пад кустом, і доўгае воўчае выццё недзе далёка за пясчанымі ўзгоркамі, і рыканне тыграў у прыбярэжным трыснягу… Жанчына стаяла перад ягонымі вачыма, ён прымерваў на яе шыі нітку празрыстых караляў з чорнымі і залацістымі іголкамі ўнутры — такія нітачкі называюць валаскамі з барады Прарока, і кажуць, што камяні тыя прыносяць шчасце. Толькі адзін такі каменьчык быў у Віспры — некалі пры пахаванні зняла бабка яе той камень з памёршай жонкі бая. Часта даставала Віспра каменьчык, і любавалася ім, і прасіла, каб купіў ёй некалі такія ж каралі, бо насіць яго баялася: адбяруць родзічы бая. А можа, лепей падышлі б жанчыне камяні аль-мазінадж — яны бываюць і агніста-чырвонымі, і ружовымі, і зялёнымі, як аліўкі, і ад іх святла чорныя, бяздонныя вочы яе заззялі б новым святлом, які зачароўвае яго, Алексу. Але і так цягнецца да яе, як цягнецца жалеза да таямнічага каменя, якім валодаюць старадаўнія халдзеі…
Праз тры дні яны былі ў маленькім кішлаку, што як прыляпіўся да вялікай пустыні. Там, пад Бухарой, ужо ішлі дажджы і апошнія пасмы белага лёну выцягвалі з калючых каробачак жанчыны, а тут яшчэ цёпла і прыветна гайдаліся сярод зеляніны цяжкія плады граната, тандыры пасярод двароў курыліся салодкім і духмяным пахам хлеба, а на патрэсканых дувалах ляжалі і млява даспявалі вінаградныя гронкі.
Сонца амаль схавалася, апошнія промні яго блішчалі на купале мячэці. Дом, у які накіраваліся Алекса і ягоны гаспадар, сустрэў іх плачам і крыкамі.
— Памёр! Памёр Абу-ль-Хасан! — ірвучы на сабе валасы, галасіла схуднелая, выпетраная на трэску, сівая кабета, і з-пад чорнага покрыва на яе твары былі відаць чырвоныя палосы ад кіпцюроў.
«Галоўная плакальшчыца!» — здагадаўся Алекса. Кашчавы чалавек з тонкімі вуснамі і поглядам спадылба варожа адсунуў Алексу, паклаў руку на плячо Юсуфу.
— Алах забраў твайго сына да сябе. Радуйся!
Юсуф пабялеў, рукі яго бяссільна апусціліся, і сляза пакацілася па шчацэ.
— Спазніліся… — прашаптаў ён. — Але што ж… Будзеш, лекар, усё роўна маім госцем…
Мёртвы сын яго ляжаў на стале, абмыты і апрануты ў сіняе. Твар яго быў жаўтлявым і пакутніцкім, нібыта і сапраўды забраў яго душу не анёл смерці Азраіл, а страшныя чорныя джыніі. Алекса пастаяў каля яго, цьмяна гледзячы на спакойны, раўнадушны да ўсяго твар, і ўжо збіраўся падацца ў пакоі для гасцей, але ці то падалося яму, ці то было сапраўды — вейкі як быццам слаба страпянуліся.
Алекса хутка нахіліўся, прыпаў вухам да грудзей.
Глухая, ледзяная цішыня… Але што гэта — нібы аднекуль здалёку, так, што падалося — гэта недзе ўнізе варухнуліся ў падзямеллі чорныя духі — гарцукі — уздрыгнула, тахнула нешта. Алекса хутка абмацаў рукі пакойнага. Яны былі халодныя, але, здаецца, усё-ткі ў іх не было той ледзяной, страшнай, абсалютнай халадэчы, якую нясе з сабою смерць.
— Не чапай майго сына, не чапай! Ён ужо стаіць на мосце Аль-сірат і чакае Страшнага Суда! — закрычала жанчына ў чорным, учапілася за рукі Алексы. Выццё ў пакоі ўзрасло, нібыта загудзеў магутны пчаліны рой. Жанчыны абступілі Алексу, варожа бліскалі іх вочы.
— Ён жывы! — прагаварыў Алекса, але жанчыны не слухалі яго, галасілі. Лекар выйшаў з пакоя, амаль крыкнуў Юсуфу:
— Здыміце яго са стала! Я разатру яго, дайце толькі болей віна і масла!
Стары Юсуф кінуўся перад ім на калені:
— Сынок! Уратуй яго! Адзіная мая надзея і апора! Шэсць сыноў забралі ў войска, двое памерлі самі. Дзе яны, мае дзеці, дзе мая кроў! А цяпер і гэты… Уратуй!
Але зноў набеглі жанчыны, і злосны голас кашчавага чалавека ў высокай белай чалме перакрыў усе галасы:
— Я, мула Ахмад, кажу табе, неразумны — твой сын памёр! Калі б ты прыехаў да заходу сонца, ён быў бы ўжо ў зямлі!*
Цішыня запанавала вакол. Алекса падняў вочы — перад імі ўжо стаяла некалькі мужчын, нядобра зіркалі на госця.
Юсуф падняўся з каленяў, замармытаў з плачам: