— О гаспадзін, гэты чалавек падаў мне надзею, якая акрыліла мяне, і я згубіў галаву ад радасці!
— Ты сапраўды яе згубіў, калі паехаў шукаць лекара, якога не ведае ніхто — ні з якога ён роду, ні якія ў яго лекі. Тым болей саграшыў ты, што прывёз яго з пасёлка нячыстых абмывальшчыкаў трупаў. Ці пускаць цябе ў мячэць пасля гэтага? І ці чытаць над тваім памёршым сынам малітвы? Што, калі гэта не пажадана Алаху?
Юсуф зноў кінуўся на калені, цяпер ужо — перад мулою. А той, варожа гледзячы на Алексу, загадаў яму:
— Ідзі прэч адсюль, нячысты парс!
— Парс! — зашапталіся ўсе наўкол. — Вогнепаклоннік!
І стала пуста вакол Алексы, як быццам ён быў зачумленым.
— Добра, сказаў ён глуха. — Я пайду. Але па ўсім шляху, дзе пайду, я раскажу людзям пра кішлак, дзе запрошанага ў дом госця выганяюць, не даўшы яму нават разламаць ляпёшку!
І накіраваўся да дзвярэй.
— Пастой! — кашчавы чалавек раздумваў. — Я сказаў табе ісці прэч, але не сказаў — калі. Сапраўды, ты ў нас госць. Але ж ты бачыш — чалавек памёр, яго пазваў анёл смерці Азраіл.
Ён падумаў яшчэ.
— Юсуф, ты накорміш гэтага чалавека, але заўтра на світанні хай пакіне дом. І хаця ён не вылечыў твайго сына, ты ўсё роўна дасі яму за тое, што прыехаў, чатыры дзінары.
— Чатыры дзінары! — залямантаваў Юсуф. — Але дзе мне ўзяць іх?
— Тады аддай яму коней альбо нешта са свайго дома, каб ніхто не мог сказаць, што мы — няўдзячныя. Ідзі адпачывай, парс, але адпачывай у самым далёкім пакоі. А я ачышчу яго пасля ад твайго дыхання!
Алекса еў халодны рыс, гнеў душыў яго. Гнеў і сум па Віспры.
Толькі праз тры дні і тры ночы ён убачыць яе — доўгія, да пят распушчаныя валасы, цвёрдыя грудзі, агромністыя вочы…
Але калі ён лёг спаць, прыйшлі другія думкі. Ён мог бы паклясціся, што чалавек, які ляжаў на стале нябожчыкаў, яшчэ жывы. Ды што магло б ажывіць яго? Так, магчыма, віно і масла. Магчыма… Памяць падказвала нешта, але што — ён ніяк не мог успомніць. З тым і заснуў, спадзеючыся, што заўтра раненька сыдзе з гэтага дома, забудзе крыўду, што пякла яго, як пячэ язык горкі чырвоны перац.
Але сярод ночы прачнуўся. Галава яго была яснаю, як ніколі, і старонкі, якія перапісваў доўгімі зімовымі начамі ў кішлаку, нібы ажылі і паўсталі перад яго позіркам… Ён устаў.
Ноч была месячная, ціхая. Ледзь чутна шалясцела над домам магутная чынара. Спалі птушкі. Цёплым пахам жытла і дымам цягнула са двара — там таксама спалі людзі.
Асцярожна пераступаючы босымі нагамі, ён пайшоў да пакоя, дзе ляжаў сын гаспадара, баючыся, каб не засталося там плакальшчыц Але Юсуф, відаць, жыў не надта багата — плакальшчыцы сышлі, каб зноў прыйсці раніцою, бо ноч не была аплочаная.
Ля стала Алекса яшчэ пастаяў крыху, вагаючыся — ці варта ўвязвацца ва ўсё гэта? Але — ці можна сысці са двара, калі не ўваскрасіць агеньчык, што дадзены кожнай жывой істоце, каб радавалася яна свету і ўсяму, што ёсць прыгожага вакол?!
«Але навошта, навошта мне гэтыя людзі? — крычала ў ім нешта. — Яны няўдзячныя і глухія да неба над іхнімі галовамі, але затое, нібы свінні, думаюць пра карыта, якое іх накорміць і напоіць. А калі ён не ажыве?!»
Нешта зашапацела ў куце, цёмны цень пасунуўся па пакоі. Алекса адступіў на крок.
— Гэта я, сынок, — зашаптаў Юсуф. — Не спіцца мне. Адзіны сын, апошняе семя, апошняя надзея! Але мула… Яго пракляцце — і нам тут не жыць… Што ж мне рабіць, сынок, што?!
— Жывы сабака лепей за мёртвага льва*, — успомніў Алекса ўсходнюю прымаўку. — Ці не так? Хочаце, каб сын ажыў?
— А ты… ты і праўда мусульманін? Мула казаў, што ты парс?
— Ужо баішся… Ну і што з таго, хто я? Ты ж хочаш, каб сын быў жывы?
Юсуф агледзеўся. Месячнае святло падала на яго серабрыстую бараду, на вочы, у якіх чыталася цяжкая мука… Але вось ён рашуча сказаў:
— Паспрабуй, сынок, у імя Алаха! Я заўсёды быў прававерным мусульманінам, я і зараз буду стаяць каля цябе з сурай, якую напісаў Алах! Калі ты — з магаў або джынаў, ты пачарнееш і рассыплешся перад імем Алаха, ці не так?
— Так, — весела згадзіўся Алекса, і, калі гаспадар пайшоў з пакоя, відаць, рыхтуючыся прынесці свяшчэнную суру, ён шэптам запытаўся:
— А бізун ёсць у цябе?
— Што? Бізун? Навошта? — здзівіўся Юсуф.
— Прынясіце. Калі ён не ажыве, гэты бізун заходзіць па маіх плячах, — прашаптаў яму Алекса.
Калі ж цяжкі, вялікі бізун быў прынесены і Юсуф, працягнуўшы суру над галавою сына, стаў над ім, Алекса скамандаваў:
— А цяпер… цяпер дапамажыце зняць яго са стала, і што б вы зараз ні ўбачылі, маўчыце. Зразумела?
Твар Юсуфа стаў змрочным: