Выбрать главу

— Скуль дзяўчына гэтая, чыйго роду-племені?

— Удавы Катуніхі дачка Бяроза, — ахвотна адказала тая, хітра паглядаючы на маладога дружынніка. — Што, прысушыла ўжо? Не цябе першага, добры маладзец!

І зарагатала.

Удава Катуніха? Напружваючы памяць, успомніў удаву і малое, што бегала за ёю. Няўжо гэта яна, закецаная, хваравітая дзяўчынка?

— Сватай, пакуль не позна! — не сунімалася кабета. — А то нашы хлопцы такія ўдальцы, што… не спахопішся — умыкнуць у цёмныя лясы, у пушчы глухія!

А народ, тоўпячыся вакол Ярылы-Бярозы, спяваў:

Вясна-красна, Што ж ты нам прынесла? З пунькі сянцо Вынесла, вынесла. З клеці зярно Вымела, вымела…

Белымі празрыстымі сувоямі туману засцяліла вакольныя лагчыны цёплая ноч. Уверсе, скрозь мроіва лёгкіх воблакаў, ледзь улоўна пераліваліся зоркі, зрэдку зрываючыся з нябесных сваіх цвічкоў, якімі моцна прыбіў іх некалі сам Пярун. Але старым станавіўся Пярун, перамагалі яго новыя багі, і, можа, хутка будзе канец свету, бо як жа будзе тады з наладжаным здаўна парадкам? Але так гаварылі старыя людзі, а малады грыдзь Алекса, што стаяў каля вялізнага, складзенага са стогадовых дубоў гумна, пра гэта не думаў. Сягоннечы выпадала яму дзяжурыць каля самага галоўнага склада, дзе беражліва было схавана ўсё, што можа спатрэбіцца для войска — шлемы, шчыты, мячы, коп і, шаблі, стрэлы, нажы, сякеры і мноства іншага жалеззя, што прагна ўпіваецца ў слабое чалавечае цела. Ляжалі там на вялізных паліцах тонкія кальчужныя сеткі, якімі закрываюць твар лучнікі; ляжалі кальчугі, дзе-нідзе пасечаныя варожымі шаблямі; асобна мясціліся харугвы, сцягі, а таксама бубны і трубы — яны падымаюць дух стомленага бітваю войска, уліваюць у жылы новыя сілы і адвагу. Часта расчыняліся пры князю Брачыславу вароты гэтага гумна, не вельмі адпачывалі ад крывавых сечаў броні ды кальчугі і ўсё іншае, што ляжала тут. І коні, што ціха ржалі ў суседняй канюшні, таксама не надта аб’ядаліся ў цішыні адборным аўсом. Ведалі і коні — і паводныя, на якіх ехалі капейшчыкі — коннікі, і таварныя, абозныя, што цягнулі цяжкія вазы, і сумныя, на якіх грузілі сумы з прыпасамі і здабычай — усе яны ведалі бездарожжа, і лютую пагоню, і пах паходных кастрышчаў… І прыпасы, што грувасціліся ў кладовых-скотніцах, і віны, што таміліся ў склепах— брэцьяніцах, — многа ўсяго было на вялікім Брачыслававым двары! — усе яны былі нядаўнія, прывезеныя сёлета і, відаць, сёлета ж пойдуць на патрэбу нястомнаму войску.

Многа скарбаў на княжацкім падвор’і! Ёсць пад клеццю асобны пакой, туды неяк завёў маладога аружаносца трохі падпіты казначэй. Асляпіла Алексу ўбачанае, — калі прыўзняў той край сундука: паціры — чашы царкоўныя, на якіх ззяюць узоры з залатога і сярэбранага дроту, карцы і браціны з гравіроўкамі, чаркі — з горнага крышталю, яшмы, сердаліку, чашы з эмалевымі клеймамі, лыжкі, складні — і ўсюды зелянеюць, пунсавеюць каштоўныя каменні, і ззянне ад усяго гэтага ажно шыбае ў вочы, як моцны дух ад брагі. Але захапляліся вочы, а сэрца было халодным, загарэлася яно толькі ад мячоў і дзідаў, што віселі на сценах. Асабліва ўразіў меч з бронзавай рукаяццю — тонкі, сіняваты, ён аж спяваў, здаецца, і нейкая пыхлівасць былі ў ім, і нецярпенне, і жорсткасць, нібы пакутаваў ён тут, у цесным пакоі, побач з грудамі золата і срэбра.

— Эх, мне б яго! — не вытрымаў Алекса.

— Захацеў! Гэта дамаскі, і цана яму вялікая. Ніхто не ведае, як зрабіць такі, ад усяго свету сакрэт хаваюць. Расказвалі толькі, што халодзяць яго не ў вадзе, а, ці паверыш? — у крыві чалавечай. Дзеля таго ў жывога чалавека ўторкваюць зброю!

— Ды ну! — не паверыў спачатку Алекса, а пасля прыгледзеўся, — і моўчкі ўзіраўся на меч, аж пакуль сілай не выпхнуў яго са скарбніцы ацверазелы казначэй.

Цяпер Алекса, папраўляючы на плячах цёплае касмыллё аўчыны, думаў пра той меч, пра сечу, калі чырвоная кроў шалёна шугае ў галаву і вочы, і нешта клякоча ў грудзях — кіпучае і неўтаймоўнае, і цела рвецца наперад, а рука наліваецца сілай, і цяжка ўгрызаецца ў ворага вострая зброя.