Выбрать главу

Абу-ль-Хасан сумеўся, пасля ўбачыў твар Алексы і сказаў задуменна:

— Вы смяецеся, настаўнік, але бацька гаворыць, што некалі, пры Сіявушу, калі жыў яшчэ багатыр Рустэм і верныя рыцары Ірана і Турана, вернасць слову і гонару цаніліся вышэй, чым усё астатняе. Бацька гаворыць — таемна, калі нас ніхто не чуе — што Алах патрабуе многага, што не стасуецца з чалавечым сэрцам, і што ў нашых жылах цячэ кроў аднаго з далёкіх патомкаў рыцараў, якія ваявалі разам з Рустамам. А мула наш хітры і вераломны, ён дзеліць даходы з лекарам, збірае даніну нават з вартаўнікоў зіндана, якія абіраюць родзічаў няшчасных вязняў. Вось чаму бацька паехаў шукаць для мяне іншага лекара. Але ўсё-такі мула перахітрыў яго.

— Не, гэта мы разам перахітрылі мулу, а заадно і прагнага лекара, які многага не ведае. А цяпер давай спаць, бо шлях у нас доўгі і небяспечны, і мы яшчэ не вырашылі самага галоўнага — дакуль ты пойдзеш разам са мною, дзе я магу прыстроіць цябе, браток, бо ты яшчэ патрэбны і свайму бацьку, і сваёй зямлі…

Такія бяседы вялі яны падчас дарогі, а яна, дарога, усё вяла і вяла наперад — міма палёў выспяваючага рысу, міма пажаўцелых за доўгае спякотнае лета кустоў тутаўніку, міма жоўтых, як кветкі шафрану, і аднастайных, як раўніна ў спёку, дувалаў, за якімі хаваліся хаткі рамеснікаў і кустоўе вінаграднікаў. Слізгацелі ад дзвярэй да дзвярэй жаночыя постаці ў каляровых і белых покрывах, з чорнымі сеткамі на галовах, несучы на плячах кошыкі з ягадамі і ляпёшкамі.

— Мусульмане схавалі твар жанчыны, — думаў Алекса, — таму, што зрабілі жанчыну сваёй прыналежнасцю, нібы забыўшыся, што ў яе таксама ёсць душа і яна такая ж несмяротная, як і ў кожнага з іх. Багацце разбэшчвае, каран узаконьвае: мужчына можа мець многа жанчын, і ён карыстаецца гэтым правам. У гарах твар жанчыны адкрыты ветру і сонцу, бо яна бліжэй да прыроды і ўсяго існага, і яе не паспелі пераламаць і зрабіць ніжэйшай за сябе…

Абу-ль-Хасан думаў пра тое, што свет, аказваецца, можа быць прыветным да яго, і што хутка ён убачыць Бухару, якую, магчыма, ніколі б за ўсё сваё жыццё не пабачыў. Што наперадзе? Ён глядзеў на дзіўнага загарэлага чалавека з блакітнымі, як бадахшанскі лазурыт, вачамі, які мог адчуваць чужую душу, як сваю, і сэрца яго поўнілася жаданнем нечага незвычайнага… Яму хацелася то імчаць з крывою шабляй на баку, палохаючы пакорлівых чалавечкаў, што туліліся ўнізе, то думалася пра тое, як нялёгка і немагчыма жыць так, як імкнецца жыць гэты дзіўны парс — не, не парс, а чужаземец з невядомых і неспасцігальных даляў — і што сам ён хоча аднаго: пражыць сваё жыццё цікава і незвычайна…

У Бухары яны спыніліся ў караван-сараі, што стаяў ля самага маўзалея Ісмаіла Самані. Адсюль было недалёка і да крэпасці — Арка, унутры якой месціліся дамы імянітых людзей Бухары і двор самога куш-бегі — галоўнага лоўчага.

— Няўжо ты, ака, убачыш самога Шамс-ал-Мулка? — з глыбокай пашанай і страхам запытаўся Абу-ль-Хасан, калі іх правялі ў невялічкі пакой на другім паверсе і падалі гарачы рассыпчасты плоў.

— Не, — усміхнуўся Алекса. — Такі нікчэмны і просты чалавек, як я, не можа ўбачыць правіцеля Бухары.

— Ты — нікчэмны? — Абу-ль-Хасан паглядзеў на яго з пашанай. — Не, ты дастойны стаць вялікім візірам, мець многа грошай, нявольнікаў.

— А ты хочаш быць багатым?

— Канешне! Хачу есці штодзень тлусты плоў, лепшыя гранаты з Харасана! І каб кожны дзень танцавалі перада мной танцоўшчыцы. Во гэта — сапраўднае жыццё!

Алекса ўспомніў, як марыў быць воінам, стаць лепшым у княжацкай дружыне… Як гэта ўсё цяпер далёка ад яго!

— Працуй, набывай багацце… — ціха сказаў хлопцу.

Але той рассмяяўся непачціва.

— Няўжо, Аль-Іса, не заўважылі вы, што працай багацця не нажывеш?! Багатым становіцца купец, гандляр. Ды ў мяне няма грошай, каб пачаць гандаль. Яшчэ — высакародны. Яшчэ — рабаўнік, але небяспечна — паплацішся галавой. Яшчэ…

Алекса перабіў яго:

— Мне заўтра рана ўставаць. А ты, калі хочаш застацца ў жывых, не вельмі пі і не расказвай, хто мы ды адкуль. Зразумеў?

Хлопец кіўнуў. Паеўшы, яны адправіліся спаць.

— А што мы заўтра будзем рабіць? — запытаўся Абу-ль-Хасан.

Гэты хлапец думае, што Алекса ўсё ведае і ўсё можа. А ён можа мала. Пыхлівы Ахваз, які не хацеў прыняць старога Нармурада, таму што той бедны і невядомы, наўрад ці захоча гаварыць з маладым яго памочнікам! Але іншага шляху не было. Трэба сустрэцца з лекарам Ахвазам, паспрабаваць удачы. Іначай можна гады правесці ў вялікай, свяшчэннай Бухары і ні на крок не наблізіцца да сваёй мары — кнігасховішча, дзе ляжыць славуты «Канон» Ібн-Сіны… Ляжаць іншыя рукапісы. Казалі, што там, у кнігасховішчы, ёсць «Каліла і Дзімна» — зборнік мудрасці. Чалавечая кроў і на ім: складальнік гэтай кнігі і перакладчык яе на родную мову — мову фарсі — быў абвінавачаны ў ерасі і пакараны смерцю.