Выбрать главу

— Я пачакаю тут, — сказаў Алекса, і стражнікі нарэшце пакінулі яго аднаго, а ён, захутаўшыся ў халат, сеў ля дувала і стаў глядзець, як паволі святлее, наліваецца ружовым неба.

Нечакана за дувалам пачуліся крыкі, грукнулі дзверы, затупалі па каменных плітах дворыка старэчыя крокі. Алекса перасеў далей.

— О каб цябе забраў твой Каік-Баджак! Каб хутчэй разматлялася твая чалма!* — выразна прагучаў у цішы лады жаночы голас.

Расчыніліся весніцы, сухі, рухавы чалавек выйшаў адтуль, спусціўся да арыка, стаў, крэкчучы, плёскаць на сябе ваду.

— Праклятая джыннія! — бурчаў ён. — Загадаю — цябе заўтра разапнуць на варотах горада! — Ён патрос рукой.

— Свяцільнікам кінула! А калі б пажар?

Ён падзьмуў на руку.

— Два міскалі нарджыса з мёдам — і заўтра ўсё зацягнецца, — нягучна прагаварыў ад сцяны Алекса.

Стары спалохана выпрастаўся, але Алекса хутка прагаварыў:

— Не палохайцеся, шаноўны Ахваз, я не рабаўнік. Я толькі хачу прыпасці да вашых ног, каб прасіць аб міласці…

— Які-небудзь мясцовы табіб! — бурчліва сказаў Ахваз, адразу супакоіўшыся. — І будзеш прасіць, каб я закінуў за цябе слова і даў табе цёпленькае мястэчка! Можаш не разлічваць, я не накрыю цябе покрывам сваёй шчодрасці. Бухара перапоўненая прахадзімцамі.

— Што ж, я пайду, — адказаў Алекса, — але тады ты ніколі не дазнаешся, што можна зрабіць, каб да Ісхака вярнуўся голас.

Ахваз, які пайшоў быў назад, у дом, спыніўся, але пасля махнуў рукой:

— Ісхака любілі пры старым двары. Цяпер у нас новы правіцель. Новы гаспадар — новыя песні.

І ён пачаў зачыняць весніцы. Той жа малады жаночы голас прагучаў з дому:

— З кім гэта ты гаворыш, стары Ібліс?

Маладая, статная жанчына, прыкрываючыся рукавом, з цікаўнасцю ўглядаючыся ў Алексу, ішла ад дому.

— З кім, з кім — не твая справа, жанчына! — замармытаў лекар, стараючыся хутчэй закрыць весніцы, але нямоглыя рукі дрэнна слухаліся яго.

— Дай я! — яна перахапіла засаўку, засварылася па-славянску:

— Бадай вас паляруш схапіў, гэтых майстроў!

— Сястра! — паклікаў Алекса. — Зямлячка, ты адкуль?

Яна адпусціла засаўку, стала як укопаная:

— З-пад Кіева я, браток! А ты?

— А я палачанін. З Полацака!

Жанчына адкінула засаўку, вылецела, абхапіла, абняла Алексу:

— Браток ты мой! Землячок! Во радасць якая!

Лекар Ахваз дрыжачымі рукамі расштурхоўваў іх.

— Хопіць… а то паскарджуся кадзі… Павешу цябе, паганая наложніца… Джынніца… — мармытаў ён.

Яна адпусціла Алексу, абхапіла старога лекара, пацерлася шчакой аб ягоны маршчыністы твар:

— О любімы, я сустрэла земляка! Няўжо ты не дазволіш сваёй Дарыі хаця трохі пагаварыць з ім? Адарка я была! — хутка растлумачыла Алексу. — А ты што хацеў ад яго?

— Невялікая просьба мая — пра кнігі. Я прыёмны сын былога сябра ягонага, Нармурада з кішлака Шырс.

— Ага! Ну, можа, уломім яго!

І яна працягвала лашчыцца да гаспадара, аж пакуль ён не змякчыўся і дазволіў Алексу ўвайсці ў ягоны дом.

— Як толькі вы вытрымліваеце сваіх жанчын?! — зусім мірна і нават ужо насмешліва спытаўся ён у Алексы. — Прыгожыя жанчыны русаў, але пакуль абломіш іх… І то праўда: яны як кручкі для рыбы — чым мацней ірвешся, тым болей чапляе цябе кручок…

Пры святле было бачна, што лекар Ахваз быў шэры, як стэпавы цвыркун-багамол, вочы ў яго трохі пачырванелі і ўвесь час слязіліся: ён бесперапынна выціраў іх рагом вялікай хусткі, што ляжала побач.

— Дык мой сябра Нармурад памёр? — каторы раз перапытваў ён. Пасля памаўчаў.

— А быў маладзейшы на дзесяць гадоў, — сказаў нарэшце. — На цэлых дзесяць гадоў!

— Нармурад-ака пражыў, мне здаецца, добрае, высакароднае жыццё. Я б хацеў такое, — сухавата заўважыў Алекса, трохі абражаны нейкай як бы радасцю, што прагучала ў голасе Ахваза.

— Ну вядома, вядома! — заспяшаўся той. — І памер ён смерцю праведніка. Хаця… Калі б ён прыняў мусульманства, жыў бы і дагэтуль. Я вось прыняў, жыву нядрэнна і лічу сябе шчырым мусульманінам.

— А бацька гаварыў мне, што самыя лепшыя звычкі — звычкі бацькоў, і сам чалавек не вырашае, з кім яму быць. Гэта — ад нараджэння дадзена кожнаму.

— Але ж цябе, мой сын, ён усё-такі зрабіў парсам.

— Парсы далі мне веру, што нават калі ўсё навокал загіне ад Цемры і Няпраўды, застанецца хаця б астравок праведнікаў, якія адродзяць праўду.

Хадзіла па пакоі Адарка, прыносіла ежу. Паглядала на яго з-пад паранджы. Разгараўся ранак. Заспявалі птушкі, пырснула праменнямі сонца.