— Дык што ты хочаш? — запытаўся нарэшце Ахваз.
— Хаця адным вокам зірнуць на славутую бібліятэку, што пры двары Шамс-ал-Мулька. Гатовы дзеля гэтага быць вашым рабом.
Ахваз доўга глядзеў на яго, міргаючы слабымі, зморшчанымі павекамі, твар яго туманіўся.
— Ты хочаш занесці Веды ў сваю далёкую, суровую краіну? — запытаўся ён нарэшце, і святло бліснула ў яго пацяжэлым позірку. — Але русы — народ ваяўнічы. Нездарма іх мячы і кальчугі — лепшыя ў свеце. Навошта ім веды?
— Не бойцеся, шаноўны, нашы ніколі не прыйдуць сюды, на гэтую зямлю. Яны не гоняцца за лёгкай здабычай, яны выпальваюць свае ляды, робяць зямлю прыдатнай для жыта. А палююць на звяроў ці ворагаў, калі тыя нападаюць.
— Некалі ты, мабыць, быў воінам.
— Быў.
— Але ўжо ніколі ім не станеш. Ты стаў задумвацца над тым, што такое свет, і цяпер хочаш… чаго ты хочаш?
— Я сказаў пра адно, а іншае — не ведаю. Адкуль чалавеку ведаць свой лёс?
Ахваз яшчэ доўга маўчаў.
— Можа, я і дапамагу табе. У кітайца-садоўніка пры эміравым садзе няма памочніка. Калі ты пабудзеш там сярод слуг, да цябе прывыкнуць, і задуманае зрабіць будзе лягчэй. Хавальнік бібліятэкі — родзіч галоўнага садоўніка. Але ты павінен ва ўсім слухацца вышэйшых і да часу не гаварыць пра сваё жаданне нікому! Помні — за кожны твой промах адкажу я, твой паручыцель!
Пасля дадаў строга:
— І — каб болей ні нагою ў мой дом. Чуеш?!
Некалькі месяцаў рабіў Алекса памочнікам прыдворнага садоўніка, вельмі рэдка выходзячы ў горад, дзе ў квартале багатых купцоў ваданосам стаў працаваць яго спадарожнік. Каб яго прынялі ў ваданосы, аддаў Алекса старэйшыну сярэбраны дырхем. Не ўзялі б хлопца, але даведаліся, што ёсць у Алексы высокі ахоўца — з прыдворных.
У доміку старэйшыны, дзе зняў пакой Абу-ль-Хасан, Алексу сустракалі з пашанай. Ён усміхаўся, гледзячы, як мітусіцца сам старэйшына, рыхтуючы для госця плоў. Абу-ль-Хасану, вядома, жылося б намнога цяжэй, каб не Алекса, і, можа, гэта ён, нягледзячы на ўсе клятвы, не ўцярпеў і расказаў, што памочнік садоўніка колькі гадоў лячыў людзей. Прынамсі, аднойчы, калі Алекса гасцяваў у хлопца, старэйшына пачаў скардзіцца, што лекар, якому перададзена столькі грошай, так і не вылечыць гнойную больку на назе.
— Можа, вы што параіце, ака? — прыніжана гаварыў ён, стараючыся ўхапіць позірк Алексы, які той упарта адводзіў.
Не хапала яшчэ зноў трапіць у рукі хціўцаў альбо зайздроснікаў! Дый тут не горны кішлак, тут права быць лекарам трэба абараняць у прысутнасці старэйшын і прызнаных у медыцыне людзей. А іначай — будзеш бітым палкамі і выгнаны з Бухары, як самазванец. Не, Алекса не быў упэўнены ў тым, што змог бы вытрымаць такі важны экзамен. У яго няма ведаў моцных і трывалых, ён вучыўся назіркам, браў усё ад прыроды ці ад старога лекара Нармурада, — а той і сам наўрад ці рызыкнуў бы займацца сваім рамяством тут, у гэтым важнецкім горадзе! Старэйшына не адставаў, і Алекса як не спапяліў позіркам Абу-ль-Хасана, а той адводзіў позірк убок.
— Я спытаюся ў лекара Ахваза, ён мне не адмовіць, бадай што, — нарэшце неахвотна сказаў Алекса, і старэйшына схіліўся перад ім яшчэ ў ніжэйшым паклоне:
— О, няхай вароты тваёй мудрасці будуць заўсёды адчыненыя! — І дадаў прыніжана: — Няхай Алах дасць табе вялікае патомства!
Ліслівы гэты чалавек нават не здагадаўся, як ударылі яго словы па сэрцы. Вялікае патомства… Няма ў яго нікога і ці будзе наогул? Ужо падступае пад сэрца стомленасць, ужо першыя сівыя ніты ўпляліся ў валасы…
Ён не прыходзіў да Абу-ль-Хасана болей за месяц. Але за гэты час ва ўласным жыцці яго адбыліся змены, адбыліся неспадзявана для яго самога.
У свабодны час — а яго было зусім нямнога — Алекса ўпарта працягваў вучыцца арабскай грамаце. Звыклая яго памяць схоплівала патрэбнае імгненна, і ён, часцей за ўсё на памяць завучыўшы той ці іншы выраз з «Карана», запісваў яго. Паперы не было, і ён запісваў на ўсім, на чым можна, але найчасцей на пяску, якім кожны дзень прысыпалі дарожкі ў садзе. Рабіў гэта Алекса да ўсходу сонца, да першай малітвы муэдзіна, таму што правіцель часцяком любіў выходзіць у сад.
Пасыпаўшы дарожкі, Алекса ішоў у дом садоўніка ці ў самыя аддаленыя куткі саду, дзе раслі лекавыя травы і куды світа эміра не заходзіла ніколі. Там падстрыгаў кусты і ружы, вучыўся рабіць прывіўку на дрэвах, якія ў добрым настроі паказваў яму садоўнік — паважны, ганарлівы стары кітаец. Добры настрой у яго бываў рэдка, ён сумаваў па сваёй радзіме — далёкім Чыну, паднябеснай, або серадзіннай імперыі, як тут называлі Кітай, і ўсё навокал здавалася яму дзікім і грубым — і пакоі палаца, і прыдворныя з іх прагавітасцю на баляваннях і тоўстымі жыватамі, якімі яны напіралі часам на Лі-сына, бегаючы па даручэнні валадара за кветкамі ці за гваздзікамі, каб пакласці іх у рот перад вялікім прыёмам. Лі-сын аднойчы сказаў пры Алексу, што гэта ён увёў у звычай класці ў рот пахучы плод ці кветку, каб не апаганьваць сваім дыханнем уладара, і што за гэта не любяць яго прыдворныя. «Не любяць, але баяцца!» — дадаў ён паважліва, і твар расплыўся ва ўсмешцы.