Дзякуючы Лі-сыну, які развёў у садзе расліны сваёй радзімы, пазнаёміўся Алекса з гваздзічным дрэвам — яно ніколі не скідвае лістоў, і кветкі яго пурпуровыя, з белымі і ружовымі пялёсткамі: з шафранам, што цвіце светла-фіялетавым колерам, а тканіну фарбуе ў жоўтае; з травой анісам, што памагае зубам ад каменю і вылечвае кашаль, яшчэ са мноствам розных дзівосаў, якія таксама нецярпліва і прагна схоплівала Алексава памяць, каб пасля запісаць усё гэта ў сваю Кнігу.
У той дзень ён справіўся са сваёй работай рана, і таму, разгладзіўшы роўную паверхню дарожкі, напісаў на ёй першы радок паэмы, якую так любілі ў тыя гады ў Бухары. Напісаў яе некалі славуты паэт — Імруулькайс, напісаў пра каханую, якую згубіў, і Алекса, думаючы пра Бадзію-Бярозу, вывеў на пяску:
«Пастойце, паплачам, успомніўшы пра каханую і яе жытло!»
Пастаяў, палюбаваўся надпісам, і толькі хацеў сцерці яго, як ззаду раздаўся крык Лі-сына:
— Зараз жа… зараз жа сарві кветак граната і перадай еўнуху! Захварэла ўнучка візіра, а ты, абібок, сядзіш і глядзіш тут на сонца!
Алекса пабег услед за еўнухам, забыўшыся і на надпіс, і на сябе самога. Унучка візіра хварэла часта і была надзвычай злоснай і капрызлівай. Папярэдніка Алексы выгналі, збіўшы яго палкамі, за тое, што ружы, якія падаў капрызніцы праз еўнуха, моцна ўкалолі яе, а яна паскардзілася самому дзеду, які ацаніў гэта як знявагу.
А праз гадзіну перапалоханы Лі-сын прыбег, абліваючыся потам, да градаў шафрану, дзе корпаўся яго памочнік, і дрыжачым голасам загадаў бегчы за ім. Ён скуголіў усю дарогу, што правіцель, сам светлы правіцель, убачыў, што напісаў дзёрзкі бядняк, і хоча даведацца, для каго гэты надпіс?
— Спадзяюся, што ты, сын Лісіцы, не завёў хітрыкі з якой-небудзь гарэмнай красуняй. Калі так, то лепей давай зойдзем да мяне і абодва вып’ем атруты, бо смерць наша можа быць страшнай, як толькі ўмеюць забіваць у гэтым краі дзікуноў! — хутка гаварыў ён, час ад часу збіваючыся на незразумелыя словы — відаць, на сваёй роднай гаворцы. — Каму ты пісаў?
— Супакойцеся, паважаны, я ні разу не бачыў ніводнай жанчыны бліжэй чым за сотню крокаў. Ці ж да гарэмных красунь мне, у якога няма нават уласнага жытла!
Яшчэ здалёку на дарожцы Алекса ўбачыў мноства людзей у парчовых, аксамітавых халатах, у шапках з залацістай лісы. Кітаец упаў на калені і, мармычучы нейкія малітвы, папоўз наперад, Алекса за ім.
Ён адчуў, як мноства позіркаў — цікаўных, грэблівых, зласлівых — упілося ў яго.
— Дык гэта ты, нікчэмны чарвяк, асмеліўся пісаць вершы Імруулькайса? Для каго яны? Кажы, калі не хочаш, каб твая галава сёння ж тырчала на дзідах маіх воінаў! — раздаўся над ім голас.
Алекса падняў галаву. Не, гэты таўстун з чырвоным тварам і адвіслымі шчокамі — не эмір. Гэта, відаць, начальнік стражы пры палацы. Эмір — той, з бледным, бяскроўным ілбом і сіняватымі ценямі пад чорнымі тусклымі вачыма, у халаце, падбітым собалем. І ён адказаў, схіляючы галаву перад ім.
— О, уладар Сусвету, сонца Бухары! Я не ведаю, ці жыве яшчэ тая, пра каго я думаў, пішучы радкі паэта, чыё сэрца кахала так моцна. Я люблю гэтую паэму, бо ў ёй плач і словы аб каханні не аднаго, а тысяч і тысяч, якія жылі і якія будуць жыць пасля нас!
— У тваіх вачах святло розуму, і ты не падобны да таго, за каго выдаеш сябе! — сказаў на гэты раз другі голас, і Алекса пазнаў — гэта гаварыў візір. — Хто ты, што назваўся памочнікам садоўніка?
Алекса адчуў, што яго ахапіў сполах.
У плечы яго балюча ўпіўся кінжал.
— Гавары, пёс! — прахрыпеў над вухам начальнік варты.
— Я з краіны русаў, той краіны, якая дае вам кальчугі і прыгожых жанчын, воск і звяроў, якімі абшыты твой халат, о уладар! Я прыйшоў сюды спярша за каханнем. Цяпер я застаюся тут з-за ведаў.
— Расказвай! — зноў штурханулі яго ў плечы.
— Ён раскажа сваю гісторыю сёння ўвечары! — разамкнуў вусны эмір. — Я так хачу!
Ён зрабіў знак, світа, што ззяла парчой, золатам і каштоўнымі каменнямі пасунулася далей, Алекса і кітаец засталіся адны на каленях.
Першым устаў садоўнік, абтрос жоўты, сухі пясок, трасянуў галавой.
— Ну, цябе яўна ўпадабаў нехта з Небажыцеляў! — сказаў ён зайздросліва. — Маглі кінуць у зіндан, а замест гэтага будзеш на піры ў эміра. Я вось ніколі нават не заходзіў у ягоныя пакоі.