Выбрать главу

З таго часу жыццё для яго стала лягчэйшым. Ён працаваў многа, але першыя, самыя раннія гадзіны праводзіў цяпер у агромністым, застаўленым скруткамі і спісамі, сховішчы кніг. Хавальнік адносіўся да яго з насцярогай, не адмаўляў, але і не надта дапамагаў. Пра славуты «Канон» Ібн-Сіны, пра які ў першы ж дзень з заміраннем сэрца запытаўся Алекса, адказаў сурова, што гэтая кніга ў галоўнага лекара эміра і браць яе каму другому нельга. Алекса і не думаў звяртацца да галоўнага лекара, ён верыў, што шчасце, якое прывяло яго сюды, у даступную толькі марам бібліятэку, самую багатую ў Бухары — гэтае шчасце дапаможа яму. Калі і як — гэтага не ведаў, але прадчуванне жыло ў сэрцы, яно сагравала і давала сілы жыць надзеяй.

Лі-сын таксама перамяніўся да свайго падручнага. Ён перастаў таіцца ад яго. Многа вечароў сядзелі яны разам, і мудры кітаец, нібы згаладаўшыся, усё расказваў і расказваў памочніку пра сваю незвычайную краіну.

— Усё тут не так, — скардзіўся ён, выпіўшы чайнік цёплага пахучага віна. — Люблю ірысы — а іх баяцца, бо кажуць, што за імі ідзе ў дом смерць. Тут заведзена: не спадабалася жонка — тры разы прачытай разводную малітву і хай яна ідзе куды хоча. А можаш і прадаць яе другому. Ды ў нас за такое абярнулі б мужчыне галаву зялёным ручніком і аславілі, як прастытута — мужа прастытуткі. Ці другое: нарадзіўся селянінам — век будзеш ім і будзеш цягнуць ярмо. У нас усе маюць права трымаць экзамен на пасаду. Лепшым будзе тваё сачыненне — большую атрымаеш пасаду. Тады ты ўжо не селянін, і цябе выкрэсліваюць са спісаў і заносяць у іншыя — чыноўныя!

Паступова Алекса даведаўся, што Лі-сын быў студэнтам, але за тое, што спакусіў жонку павятовага начальніка, быў біты і прададзены ў рабства, хаця мог бы быць пакараны смерцю. Такую літасць Лі-сын атрымаў таму, што адкрыў суддзі сакрэт блакітнай ружы, што вывеў ягоны бацька, які быў выдатным знаўцам кветак.

— Я не любіў кветак спачатку, але пасля стаў думаць пра іх як пра жанчын і палюбіў, — прызнаўся ён Алексу. — І паступова пачаў займацца кветкамі. О, з імі лягчэй, чым з людзьмі, ад іх адыходзіш душою…

Асабліва любіў Лі-сын пышныя, белыя кветкі, якія называў хрызантэмамі. Пра іх ён расказваў цэлыя паданні, і ўсё лепшае, што ён гаварыў пра далёкую радзіму, было звязана з гэтай кветкай, якая ўпарта не хацела расці такою, як на роднай зямлі, хаця Алексу яна здавалася прыўкраснаю.

Аднойчы Лі-сын і Алекса сядзелі надта позна. Наложніца кітайца, тоўстая, нізенькая Заміра, падавала ім ужо чацвёрты чайнік віна, сярдзіта стукаючы дзвярыма, а Лі-сын усё не клаўся.

— Сёння ў нас — «двайная дзевятка», — сказаў ён і растлумачыў: — Гэта дзевяты дзень дзевятага маладзіка і свята хрызантэмы. У такі дзень усе, хто можа, выязджаюць у горы, любуюцца кветкамі і месяцам. І чытаюць вершы. Адзінае, што нагадвае мне тут радзіму, гэта любоў да вершаў. У нас іх пасылаюць нават як прывітанне назаўтра каханай, з якой правёў ноч і расстаўся пад раніцу: начэпяць на галінку цвітучай вішні і пасылаюць. І ён прачытаў, пераклаўшы пасля, як мог, славутыя на сваёй радзіме радкі:

Ірву хрызантэму там, у агароджы, к усходу: У цемрадзі цёмнай бачу Паўднёвыя горы.

— І я… бачу… Паўднёвыя горы… — ён упаў галавой на скрыжаваныя рукі, замоўк, матляючы космамі, спацелымі на патыліцы. Увайшла Заміра, закрыўшыся рукавом, махнула Алексу, паказваючы, каб ішоў спаць. Не раз гэта ўжо бывала з яе гаспадзінам, і яна, пераадольваючы агіду, глядзела за гэтым чужым і незразумелым ёй чалавекам, раджала ад яго дзяцей, гаспадарыла ў доме, з якога маглі выгнаць у любую хвіліну.

— Можа, і сапраўды чалавек — толькі госць на зямлі, госць часовы, які сам не ведае, для чаго ён тут? — спытаўся Алекса ў кітайца. — Каму трэба, каб вы пакутавалі без сваёй радзімы, без хаты з папяровымі сценамі і тоўстымі бажкамі, перад якімі кураць травы продкі?

— Мне цяжка! — сказаў Лі-сын. — Але, відаць, такая Воля Неба.

— А можа, і не трэба пакутаваць? Можа, радзіма для чалавека — увесь свет, і дзе добра, там яму і радзіма?

— Не, не! — запярэчыў кітаец. І паўтарыў упарта: — Не!

Галоўны захавальнік кнігасховішча памякчэў да Алексы: кожны дзень той прыносіў яму то гранаты з саду, то яблыкі, то дзівосныя кветкі. А можа, болей за ўсё ўразіла яго, як браўся хлопец за кнігі: беражліва, як за самае каштоўнае і дарагое. Усё часцей стары ішоў дасыпаць у маленькую прыстройку пры сховішчы, таму што прыходзіў памочнік садоўніка звычайна амаль на дасвецці, каб паспець да прыходу прыдворных мудрацоў. Тыя Алексу не любілі — шыпелі ўслед варожа, не раз чуў ён «гяур», «няверны». Мабыць, эмір забыўся на яго, таму што хапала пры двары інтрыг і барацьбы за ўладу, а калі б успомніў, мог адмяніць свой дазвол. Ды Алекса не ведаў, што быў пры двары чалавек, які заўсёды гатовы быў абараніць яго, таму што прыйшліся яму даспадобы дзёрзкасць і прага да ведаў саклаба-славяніна. А яшчэ думаў прыдворны блазан Саміні, што ўсявышні выпрабоўвае сваіх ўлюбёнцаў, тых, каму дае болей за ўсіх.