Выбрать главу

Але Алекса не здагадваўся пра абаронцу і стараўся быць непрыкметным, забытым усімі, як бы і не існавала яго для моцных свету.

І ў тую раніцу ён ціха павітаўся з захавальнікам сховішча, паднёс яму, як звычайна, падарунак — адвар травы ад кашлю, і пайшоў сабе да далёкіх паліц, каб яшчэ раз прагледзець — ці няма там «Канона».

Разгортваючы скруткі, схаваныя ў скураныя, расшытыя і ўпрыгожаныя каменнем футаралы, ён нечакана наткнуўся на парваны там-сям пергамент. Прачытаў — і не паверыў вачам. Гэта былі славутыя філасофскія трактаты Ібн-Сіны «Хайі ібн Якзан»: — «Запрашэнні да Падарожжа», «Птушкі», «Аб лёсе і прадвызначэнні».

Ён ліхаманкава чытаў:

«Ці знаходзішся сярод братоў маіх, ты, які хоча зараз звязацца са мною, каб даведацца пра мае патаемныя думкі? А можа, ты здольны зрабіць мне палёгку, узяўшы на сябе нейкую яе частку?.. Адданая душа не здольная выцягнуць свайго сябра, калі не ўтрымлівае ў сабе нейкі высакародны пласт альбо сяброўства, абсалютна не шкоднае для яго сябра. Як табе памагчы мець адданага сябра, калі ты разглядаеш яго як нейкі прытулак, куды можна прыбегчы пры няшчасці, і адмаўляешся выконваць свой уласны абавязак у адносінах да яго, калі ён табе не патрэбны?»

Ён сеў, скрыжаваўшы ногі, проста ля паліцы, нібы баяўся страціць час, і чытаў далей:

«Самы багаты чалавек той, хто асмельваецца ўбачыць заўтра, і самы нізкі той, хто будзе ашуканы сёння сваім часам».

А пасля ён чытаў трактат аб птушках. «Ляцяць свабодныя птушкі, і адна з палонных птушак, што сядзіць у клетцы, заклінае ўсім, што ёсць святога, зжаліцца над ёю, вызваліць яе з путаў… Птушкі вызвалілі яе шыю і крылы. Але ногі засталіся звязанымі, таму што і ў свабодных птушак на нагах — путы, і яны шукаюць таго, хто б вызваліў іх канчаткова.

І ляцяць, ляцяць птушкі — праз сем далін, сем вяршыняў. Стамляюцца іх крылы ўсё болей і болей, і хочацца адпачыць, застацца ў адной з райскіх далін… Але не, не там ісціна, яна — у вялікага цара, што жыве на восьмай вяршыні.

Нявыказаная прыгажосць і спакой на той вяршыні, але і сам Вялікі Цар не дае вызвалення.

— Толькі той, хто надзеў кайданы, вызваліць.

— Хто?

— Здагадайцеся.

— Анёл Смерці, так?

Маўчыць цар…»

Пра што гэта? Пра якое падарожжа, пра якія сем вяршыняў? А путы — што гэта?

А ноччу прыйшла здагадка — мусіць, гэта пра цела гаварыў Ібн-Сіна. Душа спасцігае ісціну — але вечна звязаная яна з целам, са слабасцю, са спакусамі…

З таго часу ён жыў як бы падвойным жыццём — хадзіў за дрэвамі і кветкамі, сустракаўся з Лі-сынам — а чакаў раніцы, каб зноў чытаць і разважаць над маленькімі трактатамі геніяльнага вучонага, што так нечакана трапілі да яго.

А час ішоў. Аднойчы Лі-сын захварэў. Колькі ні слухаў яго Алекса, колькі ні напружваў памяць, не мог вырашыць, што за хвароба ў чалавека — вочы абведзеныя сінім, пульсу амаль няма, і сэрца б’ецца неахвотна, нібыта вось-вось спыніцца. Лекар з палаца, які даглядаў дробных слуг, таксама паціскаў плячыма.

— Памрэ ён, відаць, — сказаў нарэшце, і Алекса пайшоў рабіць свае бясконцыя справы, а смутак не пакідаў яго, і на сэрцы было так цяжка, што ён і не заўважыў, як да яго падышоў чалавек.

Ён ужо не раз падыходзіў да Алексы, жартаваў з ім, распытваў пра былое. Алекса ахвотна адказваў яму — запомніў спагадлівыя вочы прыдворнага каліграфа Саміні, які, аднак, мала займаўся каліграфіяй, а больш пацяшаў эміра і яго прыдворных. У Саміні быў рэдкі дар імправізацыі і знаходлівасці, пра якія ў Бухары нават складаліся легенды. Адну з іх Алекса ўспомніў, гледзячы на тонкі, адухоўлены твар Саміні, які ўмеў быць бязлітасным і злосным, як аса.

Гады два назад адзін з візіраў, тайна ненавідзячы Саміні, параіў эміру пажартаваць. І той, раздаўшы саноўнікам па курыным яйку, прызваў каліграфа і заявіў яму:

— Прысніўся мне сон, што ўсе мае прыбліжаныя могуць даць нырца ў басейн і дастаць адтуль яйка. Але гэта толькі тыя, у каго высакародная кроў. Вось і хачу паглядзець, хто з вас дастойнага роду, а хто — так сабе, смецце.

І па знаку правіцеля ўсе скіраваліся да басейна і сапраўды кожны, хто ныраў, прыносіў з сабой яйка. Адзін толькі Саміні вынырнуў з пустымі рукамі. Але ён не разгубіўся — тут жа прысеў і закукарэкаў.