Выбрать главу

— Чаго ты кукарэкаеш?

— О уладар! сказаў Саміні. — Яйкі нясуць толькі курыцы. Яны — вакол цябе. А я — адзіны тут певень. Адкуль жа ў мяне возьмецца яйка?!

Маўчалі візіры, маўчаў і зласлівец, нават сам эмір не знайшоўся што сказаць. Але няўдалы жарт у той жа вечар стаў вядомым у горадзе — адкуль і як? Саміні, адзіны сярод прыдворных, хто выбіўся дзякуючы свайму таленту, а не знатнасці, быў улюбёнцам бухарцаў, і сам эмір лічыўся з гэтым.

— Што з табой, Аль-Іса? — запытаўся Саміні.

Алекса расказаў пра Лі-сына, і смуглявы, рухавы твар бухарца пацьмянеў.

— А ведаеш што? — сказаў ён нарэшце. — Я сёння гуляю з Шамс-аль-Мулькам у шахматы. Я ўвесь час прайграю, таму што… Эмір — ён эмір… Ну, што казаць. Але сёння я выйграю і папрашу сабе кітайца. Я бедны чалавек, я не збіраю грошы і каштоўнае каменне. Мне не адмовяць. Так што… Калі ён яшчэ жывы, суцеш яго, мы адправім яго дадому.

Праз колькі дзён, маючы пры сабе грамату адпушчэння, яшчэ бледна-жоўты, але поўны радасці Лі-сын развітаўся з Алексам і Саміні.

— А хто адпусціць мяне, хто выправіць адсюль? — думаў Алекса, калі караван, да якога прыстаў кітаец, схаваўся за ружова-бэзавай смугой і замоўкла меладычнае дзіньканне званочкаў, што віселі на шыі кожнага вярблюда.

Караван адпраўляўся ў краіну шоўку, па Вялікім Шаўковым шляху, і ўзброеныя купцы нагадвалі хутчэй войска, чымся мірных гандляроў. Лі-сын, апрануты ў сіні палатняны каптан, высокую шапку і боты, пакорпаўся ў размаляваным жоўтым і чырвоным сундуку, дастаў і працягнуў Алексу невялікі пакунак.

— Калі направіць гэтае люстэрка ў сёмы дзень першага месяца на чалавека, можна ўбачыць, што ў яго ўнутры, — сказаў ён. — Але чалавек, які бярэцца так рабіць, павінен быць добрым і спагадлівым. Мне не ўдалося гэта зрабіць ні разу, дый я і баяўся выклікаць духа гэтай рэчы. А люстэрка гэтае старадаўняе, эпохі Тан. Нам яно дасталося ад продкаў, але табе, Аль-Іса, я падару яго. Нават калі ты нічога не зможаш зрабіць і яно не паслужыць табе чароўнай сваёй сілай, то ўсё ж я, нікчэмны Лі-сын, спадзяюся, што сама работа і старадаўнасць рэчы паслужаць табе ўцехай.

І ён доўга кланяўся Алексу, стаўшы перад ім на калені, аж пакуль начальнік каравана не крыкнуў, каб гэты чортаў сын паспяшаўся.

Канчалася зіма, гліністыя палі падсыхалі. Высока ляцелі журавы. Стоячы на пустэльнай дарозе, Алекса адчуваў вялізную, бяздонную, як гэтае выцвілае неба, журбу і самоту.

— Яшчэ адзін чалавек быў у маім жыцці і знік, — думаў ён, — А колькі будзе яшчэ?

У пакоях Лі-сына, якія цяпер аддалі памочніку кітайца, было ціха, крокі Алексы гулка раздаліся на тэрасе, дзе, захутаўшыся ў чорнае, сядзела Заміра. Убачыўшы новага гаспадара, яна ўстала на калені, склаўшы рукі, далонь да далоні, пад падбародак — чакала прысуду.

— Заставайся, — сказаў Алекса, яна радасна ўскрыкнула, схілілася да зямлі, чорныя вочы яе заблішчалі.

Вечарам прыйшоў Саміні. Пасля ён стаў прыходзіць амаль кожны вечар, і Алекса радаваўся яму, як блізкаму чалавеку. Пераказваў прачытанае за дзень.

Але аднойчы і Саміні дастаў з-за пазухі скрутак.

— Гэта вершы Рабіі, — сказаў ён, — першай суфійкі, рабыні, што нарадзілася ў Басры тры з паловай стагоддзі назад. Яна адкрыла ў чалавеку духоўную сілу.

— Навошта мне вершы? — запытаўся Алекса. — Я не разумею іх.

— Я памагу табе, — сказаў Саміні. — У нас, суфіяў, вершы — гэта толькі іншасказанні. Ты думаеш, што ідзе гаворка пра локаны — а гэта свет, ілюзія. Даўжыня кудзераў — бясконцасць форм праяўлення быцця. Кольцы кудзераў — гэта пастка для нявопытнай душы, а твар — гэта і ёсць сапраўднае быццё. Дык як будзе гучаць радок? І ён прачытаў двухрадкоўе:

У цёмнай начы локанам сябра, Правадыром закаханых стаў вясенні вецер?

А пасля засмяяўся.

— Падумай, аб чым радкі? Аб каханні? О не! Аб шляху да мудрасці.

— А вецер што гэта? запытаўся Алекса. Ён стаіў дыханне.

— Ведай! Вецер — адкрыццё, спасціжэнне ісціны. Бачыш, як складана?

— Але навошта мне гэта? — здзівіўся Алекса.

— Калі хочаш зразумець Ібн-Сіну, разбярыся, пра што ён пісаў. Ты хочаш ведаць пра сем далін? Гэта шлях да ісціны, праз пошукі, любоў, самазнішчэнне — каб зліцца з Вечным… А Вечнае — гэта Ісціна.

— Для мяне гэта вельмі складана. Я… я не змагу.

— А ўсё адразу не трэба! — засмяяўся Саміні. — Проста я хачу, каб у мяне быў варты мяне субяседнік. А галоўнае — той, каму давяраю. О, як горка бывае сярод гэтых сытых, цёмных душою людзей!