— Для чаго ж ты жывеш пры двары? — абурана спытаўся Алекса.
— Для таго, каб хаця трохі змякчаць сэрца правіцеля, а праз яго — лёс беднага люду. У кожнага — свая справа…
Не адразу прызнаўся Алекса, што ў яго таксама ёсць свая мара: запісаць лепшае з таго, што знайшоў у сваіх вандраваннях, што прачытаў, над чым думаў гэтыя гады.
— Правільна! — загарэўся Саміні. — Помніш, у трактаце «Хай Ібн Якзан» ёсць месца, дзе гаворыцца, што на шляху ісціны дапамагаюць духоўныя людзі — як бы зямныя анёлы. Гэта — паэты, філосафы, высакародныя пісьменнікі. Ёсць і іншыя — тыя, хто могуць распрацоўваць тэорыі грамадства ці проста ўдзельнічаць у практыцы Справядлівасці. Слабы бок паэтаў і філосафаў — што яны стаяць у баку ад практыкі Справядлівасці. Затое другія толькі ў практыцы і могуць разгарнуць свае здольнасці. Як жа важна, каб рабілі жыццё на зямлі чыстыя рукі! Калі можаш, ты павінен несці Словам у свет чысціню і сумленне. І пра гэта таксама гаворыць наш вялікі Ібн-Сіна. Табе пашанцавала, што ты знайшоў трактаты. Іх у спісах усяго некалькі. Страшна падумаць, што будзе, калі новы правіцель не зберажэ бібліятэку, не стане цікавіцца кнігамі. Бяры Веданне, чытай! І я дапамагу табе, чым змагу!
…Павольна раскрывалася душа Алексы ў гаворках з Саміні. І ён думаў з радасцю пра тое, што лёс усё ж літасцівы да яго — даў сустрэцца з такімі людзьмі, і яны не шкадуюць для яго часу і сіл. Ці адплоціць ён калі за гэта.
Аднойчы ён паказаў Саміні, як можа павялічваць агонь. Паказваў і баяўся — калі сам не можа растлумачыць, як удаецца такое, то што ж скажа яго сябра? А раптам устане, пакліча варту?!
Саміні доўга сядзеў раздумваючы.
— У цябе ёсць Гэта, — сказаў ён і паказаў на грудзі. — У цябе ёсць сіла духу, недаступная мне. Не, гэта не чараўніцтва, Аль-Іса. Калісьці людзі даведаюцца, што гэта толькі адна з форм праяўлення матэрыі. Ёсць вешчыя сны — ці не таму, што мы нейкім чынам прарываемся ў Будучае, якое існуе вечна, як існуе Мінулае і Сапраўднае? Я думаю, што смерці няма. Смерць — гэта нейкая форма існавання той жа матэрыі.
— Што ты кажаш! — Алекса жахнуўся. — Толькі вар’ят можа не прызнаваць смерці!
— Скажы я пра гэта каму яшчэ — мяне разапнуць на варотах як Азакіра або як зусім нядаўна — Харакані. Але я кажу толькі табе, сябра мой Аль-Іса…
Пасля той размовы Алексу стала лягчэй. Так, ён і сапраўды думаў, што дар, якім ён валодае — ад нейкага злога чараўніка, які раптам запатрабуе ад Алексы нешта страшнае — можа, душу. А раз так, няма чаго баяцца. Саміні проста так не скажа. Алексу далёка да яго…
А аднойчы Саміні прынёс яшчэ адзін тоўсты скрутак. І, раскрываючы яго, таямніча падміргваў Алексу і шчасліва ўсміхаўся.
— Прачытай і перапішы, калі можаш, — сказаў ён. — Мне далі гэта на вельмі кароткі час. Але ж — далі…
Гэта быў рукапіс, «Канон» Ібн-Сіны — Алекса вачам сваім не паверыў, калі прачытаў назву.
— Нягледзячы на забарону Галоўнага Лекара, кніга ў нас! — зноў падміргнуў Саміні. — Вось так, дружа мой Аль-Іса!
— Але як удалося дастаць яе?
Саміні не адказваў. Твар яго раптам стаў змучаным, нібы адразу пастарэлы на два дзесяткі гадоў.
— Лепш не пытайся, — сказаў ён хмурна. А пасля, памаўчаўшы, дадаў таропка:
— Праклятае жыццё!
І больш нічога не сказаў да самага канца вечара.
А дні ішлі сваёй чарадой — ледзь світала, Алекса ўставаў, мыўся з чорнага вузкагорлага сасуда, які трымала перад ім Заміра, снедаў і ішоў у бібліятэку. Часам лілі дажджы, было цёмна і туманна — тады ён запальваў адзін з папяровых ліхтарыкаў, пакінутых Лі-сынам, і пярэстае, яркае святло падала на старонкі, над якімі ён заміраў на тры такія кароткія і невыказна шчаслівыя гадзіны, а пасля ішоў у сад, займаўся раслінамі, што выводзіў на сваім участку, слухаў загады новага старшага садоўніка і кіраваў сваім памочнікам — хітрым смуглявым Расулам. Саміні аднойчы прывёў у дом маладзенькую наложніцу — Айдзін, яна гаспадарыла ў доме.
Улетку перад палацам часта бывалі публічныя дыспуты. Мудрацы ў высокіх белых чалмах са ссушанымі навукай і няспаннем тварамі спрачаліся аб тым, што ёсць алах, гаварылі пра адзінства свету Адзінага і свету Множнасці. Дыспуты былі шматгадзіннымі, народ не вытрымліваў, разыходзіўся, калі прамоўцы гаварылі доўга і надта незразумела. Многага спачатку не разумеў і Алекса, цяжкімі для яго былі развагі — як дасягнуць адзінства бога і чалавека, неба і зямлі, Адзінага і свету Множнасці, думкі і пачуцця?
Ці варты чалавек стаяць побач з Сусветам, ці роўны ён яму? Што спасцігае розум? А што — Вера? Любоў?